Бронзавы міліцыянер цяпер сустракае ўсіх, хто трапляе на прывакзальную плошчу ў Гомелі. Тут устаноўлены помнік, прысвечаны 100-годдзю беларускай міліцыі.
Сродкі на новую скульптуру вышынёй 2,4 метра і вагой 1,3 тоны ахвяравалі спонсары і афіцэрскі сход гомельскай міліцыі. Двухметровы вартавы правапарадку — не канкрэтная асоба. На пастаменце — 40-гадовы старшы лейтэнант з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. У яго руках жазло і свісток, на плячы — палявая сумка, побач — савецкі матацыкл М-72. Помнік прысвечаны героям міліцыі, якія загінулі на службе. Ветэран органаў унутраных спраў, актывіст абласнога савета ветэранаў Генадзь Курловіч нагадаў пры адкрыцці падзеі сярэдзіны мінулага стагоддзя:
— Амністыя 1953 года справакавала ўсплёск злачыннасці ў Савецкім Саюзе, з лагераў і турмаў разам з нявінна асуджанымі людзьмі на волю выйшлі адпетыя злодзеі. Гэты перыяд у гісторыі міліцыі з'яўляецца адным з самых трагічных і складаных. Вось чаму ўвасобілі ў метале выяву міліцыянера таго часу.
Беларускі скульптар, аўтар мемарыяльных комплексаў «Аперацыя «Баграціён» і «Бітва за Днепр» Валерый Кандраценка адзначыў, што было няпроста прыдумаць кампазіцыю. Нават, калі вызначыліся з канцэпцыяй, шмат часу пайшло на высвятленне дэталяў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іоst@zvіаzdа.bу [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:іоst@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/100-goddze-belaruskay-milicyi