Якім бачаць Мінск студэнты, мімалётныя наведвальнікі інтэрнатаў і здымных кватэр? «Раман не ў прозе» «Адрасная кніга» — арыгінальнае ўвасабленне ўспамінаў паэта Макса Шчура пра Мінск канца дваццатага стагоддзя. Твор складаецца з дваццаці трох раздзелаў, у кожным з якіх распавядаецца кароткая гісторыя пра канкрэтную вуліцу альбо адрас у Мінску. Напрыклад, у раздзеле «Альмадовар» аўтар апісвае падзею, што адбылася ў доме на вуліцы Ангарскай, дзе ён правёў толькі адну ноч. Але менавіта гэтая першая ноч у сталіцы вельмі паўплывала на яго далейшае жыццё з-за адной выпадковасці. Цікава, што назва не дае падказак, якой частцы сталіцы будзе прысвечаны той ці іншы раздзел.
Напрыклад, «Валадарка Дум» — пра турму, а «Краіна Мальбара» — пра Серабранку. У даволі эксцэнтрычным стылі паэт распавядае пра розныя месцы Мінска, суправаджаючы гэта ўспамінамі і ўражаннямі, што ярка характарызуюць той час: субкультуры, маладзёжны рух, адносіны са старэйшым пакаленнем, грамадска-палітычная сітуацыя…
З асобнымі старонкамі жыцця Макса Шчура звязаны падземныя пераходы, вакзал, студэнцкая паліклініка, Траецкае прадмесце і многае іншае. Адметнай падаецца гісторыя «А вы ведаеце Бона Скота?». Спачатку аўтар зазначае, што ў Серабранцы ён амаль нічога не памятае — з той простай прычыны, што ніколі не вяртаўся адтуль цвярозы. Аднойчы пасля канцэрта ў сваім звычайным для Серабранкі стане ён зайшоў па цыгарэты ў бар і сутыкнуўся з кампаніяй хлопцаў, што святкавалі вяртанне свайго сябра з турмы. Нядобразычлівая размова пагражала пераўтварыцца ў бойку, ды раптам герой вечара — вызвалены сябар — вырашыў даць малому касматаму хлопцу шанец выратавацца, запытаўшы, ці ведае ён Бона Скота. Вядома, Макс Шчур прадставіўся адданым фанатам легендарнай ЭйСі/ДзіСі і тым самым пазбег канфліктнай развязкі. Але ва ўспамінах Серабранка так і засталася раёнам, адкуль не заўсёды можна вярнуцца...
Часавая прастора 1994 — 1998 — гады жыцця тады яшчэ студэнта Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Ужо ў прадмове аўтар дае зразумець, што кніга цалкам будзе прысвечана ўражанням і ўспамінам пра Мінск таго часу, здавалася б, такога нядаўняга і такога далёкага. На першы погляд можа падацца, што твор будзе цікавы толькі жыхарам беларускай сталіцы. Але гэта не зусім так: атмасфера канца 1990-х захопіць кожнага, хто помніць той перыяд і хто хоць штонебудзь чуў пра яго.
Кніга аўтабіяграфічная: асобы, месцы, падзеі — усё рэальнае. Макс Шчур зазначае, што ў мінулым напісаў раман пра Мінск. У ім ён абразіў горад і назваў яго «Другарадам», а сёння Мінск для паэта — «горад сон толькі без “ца”». Аўтар не займаецца самааналізам і не спрабуе ацэньваць рэчаіснасць таго часу, але асабістае стаўленне прачытваецца між радкоў. Гэта і скептычныя адносіны да тагачаснай палітычнай сітуацыі, і асэнсаванне таго, што можна весці бязладнае жыццё і ў той жа час выдатна разбірацца ў кіно, спрабаваць ставіць спектаклі ва ўніверсітэце…
Аўтар увогуле ні над чым не разважае, проста канстатуе факты, каментуючы нешта ўжо з вышыні пражытых гадоў. Яго цікавяць кіно, кнігі, універсітэт, музыка і дзяўчаты. Герояў у кнізе шмат, і яны не вандруюць з адной гісторыі ў другую, амаль не паўтараюцца. Зрэшты, захапленні амаль усіх персанажаў канца 1990-х такія ж, як і ў сучаснай моладзі, хіба што скарэктаваныя пэўным часавым кантэкстам. Аўтар ставіцца да тагачаснага жыцця з ціхім смуткам, хоць яўна гэтага не выказвае. Ды і нават сама ідэя кнігі — «увекавечванне» ўспамінаў, да якіх зноў і зноў хочацца вяртацца. Няясна толькі адно: ці хацеў бы Макс Шчур вярнуцца ў цяперашні Мінск?
Атмасфера, створаная аўтарам, даволі змрочная. Нават нягледзячы на тое, што многія рэчы апісваюцца з гумарам, чытачу далёка не заўсёды захочацца ўсміхнуцца (у першую чаргу гэта датычыцца сцэн, дзе галоўным героем нязменна застаецца... алкаголь).
«Адрасная кніга» Макса Шчура — своеасаблівы эксперымент: за тры тыдні ў форме «рамана не ў прозе» распавесці пра тры з паловай гады жыцця ў Мінску. Ды яшчэ праз столькі гадоў і далёка ад горада.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka