Нагадваем юным і маладым няштатным аўтарам, іх бацькам і настаўнікам, кіраўнікам гурткоў журналістыкі, што маладзёжны дадатак «Чырвонка. Чырвоная змена» сёлета чарговы раз абвясціў творчы конкурс «Я — малады. І мне не ўсё роўна!..»
Ён разлічаны найперш на тых беларускамоўных юнакоў і дзяўчат, якія ў перспектыве хацелі б стаць журналістамі. Старонкі дадатку — гэта ў тым ліку і своеасаблівая творчая пляцоўка для самавыяўлення будучых «акул пяра». Апроч іншага, яна дае магчымасць сабраць партфоліа ўласных матэрыялаў, якое спатрэбіцца абітурыентам пры паступленні. А яшчэ падчас творчага конкурсу можна будзе атрымаць параду з боку прафесійных журналістаў, набыць карысны вопыт пры падрыхтоўцы матэрыялаў. Пераможцы і лаўрэаты творчага спаборніцтва, калі яны ў год перамогі ў ім збіраюцца на журфак, атрымліваюць ад рэдакцыі рэкамендацыі. Вядома ж, найлепшыя аўтары па рашэнні журы ўзнагароджваюцца сувенірамі і граматамі. Таму — далучайцеся! Адзіная просьба: не зацягвайце з адпраўкай сваіх «проб пяра». Часу наперадзе быццам бы шмат, але вы самі хутка здзівіцеся, як ён імгненна праляціць. Чакаем вашых допісаў!
Больш падрабязна азнаёміцца з умовамі конкурсу «Я — малады. І мне не ўсё роўна!..» можна ў маладзёжным дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена» ад 14 верасня або на сайце «Звязды» ў раздзеле «Праекты». Усім — творчых поспехаў!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0