Беларусь запрошана да ўдзелу ў Сусветнай кніжнай выстаўцы ў Нью-Дэлі
Кніжныя выстаўкі ў Нью-Дэлі арганізоўваюцца з 1972 года пры падтрымцы Міністэрства развіцця людскіх рэсурсаў Індыі. Сёлета, напрыклад, на плошчы ў 38 тысяч квадратных метраў у выстаўцы ўзялі ўдзел экспаненты болей як 30 краін. Выстаўку наведалі каля 1 мільёна чалавек.
Да ўдзелу ў наступнай выстаўцы, якая пройдзе з 6 па 14 студзеня 2018 года, запрошана і Рэспубліка Беларусь. Ліст з гэтай нагоды атрыманы ў Міністэрстве інфармацыі краіны.
Варта нагадаць, што ў Беларусі і Індыі цесныя літаратурныя і культурныя стасункі. Неаднойчы ў нашай краіне друкаваліся вершы Рабіндраната Тагора ў перакладзе на беларускую мову. Недзе каля дзесяці гадоў назад у Мінску выйшла кніга вершаў Р. Тагора на рускай мове — у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У розныя гады Індыю наведвалі беларускія пісьменнікі, кнігавыдаўцы Алег Лойка, Уладзімір Гніламёдаў, Таццяна Бялова, Кацярына Чарапок і інш. Доўгі час у Індыі жыў і працаваў паэт Юрый Сапажкоў. Так што ёсць усе падставы для таго, каб выбудоўваць мост літаратурнай дружбы паміж Беларуссю і Індыяй.
Сяргей ШЫЧКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-shychko
[2] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[3] https://zviazda.by/be/tags/indyya