За крадзеж аўтамабіля супрацоўнікі крымінальнага вышуку Партызанскага РУУС сталіцы затрымалі 19-гадовага беспрацоўнага жыхара Мінска.
Малады чалавек вяртаўся дадому. У завулку Казлова яму кінуўся ў вочы аўтамабіль «ВАЗ 2101». Разбіўшы бакавое шкло, ён пранік у салон і паспрабаваў пры дапамозе правадоў завесці машыну, але не змог. Пасля гэтага зняў магнітолу і накіраваўся з ёй дадому. Але на шляху на вуліцы Уральскай яго ўвагу прыцягнула яшчэ адна машына — «Жыгулі». Гэтая спроба згону стала ўдалай. Адчыніўшы дзверы адвёрткай, хлопец трапіў у салон, завёў аўто, а па прыездзе дадому зняў з яго акумулятар.
Дзень быў працягнуты адпачынкам з сябрамі і алкаголем. Увечары маладому чалавеку здалося, што ўкрадзены аўтамабіль ён няўдала прыпаркаваў каля дома, і хлопец папрасіў сяброў адагнаць яго далей, у менш прыкметнае месца. Аднак сустрэчы з міліцыяй усё роўна пазбегнуць не ўдалося. Малады чалавек быў затрыманы ў сябе дома аператыўнікамі крымінальнага вышуку. У зробленым зламыснік адразу прызнаўся, а таксама расказаў аб яшчэ адной няўдалай спробе крадзяжу аўто ў красавіку гэтага года. Дарэчы, раней хлопец прыцягваўся да адказнасці за рабаванне.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni