У сталіцы стартаваў «Кастрычніцкі эканамічны форум «Аснова будучыні». Дадзеная дыялогавая пляцоўка стала ўжо традыцыйнай для экспертаў і эканамістаў, якія абмяркоўваюць ўстойлівае развіццё Беларусі ў кантэксце працэсаў глабальнай эканомікі. Першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што ва ўрадзе краіны ўважліва слухаюць экспертаў форуму і ўлічваюць іх рэкамендацыі.
Васіль Мацюшэўскі запэўніў, што Беларусь удзяляе асаблівую ўвагу вызначэнню ключавых кірункаў далейшага ўстойлівага эканамічнага развіцця. Таксама ён выказаў надзею, што форум — добрая нагода пазначыць механізмы дасягнення пастаўленых мэт па стварэнні новых драйвераў эканамічнага развіцця і шляхоў павышэння якасці жыцця насельніцтва.
Падчас форуму першы віцэ-прэм'ер закрануў пытанні перагавораў з Міжнародным валютным фондам. Па яго словах, у Беларусі няма неабходнасці ў экстранным фінансаванні і крэдыты не з'яўляюцца прыярытэтным пытаннем для краіны: «У нас збалансаваная сітуацыя, мы дастаткова абслугоўваем свае абавязацельствы. Нам не патрэбныя дадатковыя грошы. Узаемадзеянне з МВФ — гэта іншая гісторыя. МВФ традыцыйна ўспрымаецца інвестарамі, удзельнікамі рынку як глабальны аўдытар. Нам проста патрэбен дыялог з МВФ, каб яны пацвярджалі, што мы рухаемся ў правільным кірунку, што ніякіх пагроз для інвестараў няма. Вось асноўная задача». Чарговае абмеркаванне праграмы з МВФ адбылося напярэдадні.
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын у размове з журналістамі нагадала, што ЕС заўсёды дапамагаў і падтрымліваў перагаворны працэс Беларусі з МВФ. «Мы перакананы ў тым, што пагадненне з МВФ значна палепшыць сітуацыю ў беларускай эканоміцы, калі яно будзе дасягнута, а таксама паслужыць пазітыўным сігналам для ўсяго свету. Беларусі важна сфарміраваць станоўчы імідж і пасылаць правільныя паведамленні міжнароднай інвестыцыйнай супольнасці», — адзначыла Андрэа Віктарын.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/kastrychnicki-ekanamichny-forum-asnova-buduchyni
[5] https://zviazda.by/be/tags/forum
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[7] https://zviazda.by/be/tags/vasil-macyusheuski