Некалі Вікторыя КАНАПЛЁВА працавала ў банку. Была начальнікам аддзела і нядрэнна зарабляла. А потым пачула па радыё аб'яву: у SOS-Дзіцячую вёску набіраюцца апекуны. І зразумела, што трэба ехаць. З роднага Крычава перабралася ў Мар'іну Горку і вось ужо адзінаццаць гадоў працуе мамай. У яе працоўнай кніжцы так і запісана: «маці-выхавацель».
«Быць начальнікам — не маё»
Наш рэпартаж пачынаецца з... супу. Толькі мы зайшлі ў дом, як Вікторыя Святаславаўна ўсадзіла нас абедаць. Што казаць: мама.
— Я даўно марыла пра падобную дзейнасць, — расказвае жанчына, чаму вырашыла змяніць прафесію. — Яшчэ са школы пайшло, калі мы збіралі дапамогу дзецям у Афрыку. Тым больш з-за работы ў банку ў мяне пачалася алергія на папяровы пыл. Дый ужо дасягнула нечага ў гэтай сферы, далей расці было нецікава. Быць начальнікам — прэмій пазбаўляць, выклікаць на дыван — гэта не маё. Я па характары адвакат: люблю апраўдваць, абараняць.
— Як вашы блізкія паставіліся да такога рашэння?
— Адмоўна, — смяецца. — А цяпер ужо прывыклі, у госці прыязджаюць.
Спачатку Вікторыя праходзіла стажыроўку «цёткай» (так у дзіцячай вёсцы называюць памочніц мам-выхавацеляў). Праз год ёй прапанавалі гатовую сям'ю — адразу сем малых! «Я думала, буду паступова акунацца ў працэс: вазьму аднаго, потым двух, — прызнаецца жанчына (родных дзяцей у яе няма). — Але справілася. Літаральна праз тыдзень дзеці ўжо называлі мяне мамай».
Цяпер на выхаванні пяцёра: Колька (10 гадоў), Тамара (12 гадоў) і яе сястра Валя (14 гадоў), Паліна і Кірыл (ім па 15 гадоў). Пакуль усе на ўроках, Вікторыя Святаславаўна займаецца хатнімі справамі: гатаваннем, мыццём (пральную машыну ў вялікай сям'і прыходзіцца запускаць праз дзень), прыбіраннем. Увогуле, працоўны дзень прафесійнай мамы пачынаецца ў 6.30.
Пад нагамі круцяцца дзве кошкі — Соня і Маруся.
— Дзеці прынеслі, — тлумачыць гаспадыня. — Пастаянна кацянят у дом цягалі, вось і дазволіла гэтых пакінуць. Кошка Маруся, ведаеце, якая чуткая? Калі хто з малых пакрыўджаны, сумны (яны ж не заўсёды паказваюць свае эмоцыі), прыходзіць да яго і кладзецца побач.
Сямейны «кракадзіл» і нелюбімая фасоля
— Прывітанне, мам! — чуецца голас Колькі ў калідоры. Па чарзе дзеці вяртаюцца са школы, і Вікторыя кліча ўсіх на абед.
— Гатаваць я заўсёды добра ўмела. У мяне бабуля кухар. Дома часта даводзілася каля пліты стаяць, бо я старэйшая ў сям'і, — кажа жанчына.
— Ёсць у дзяцей любімыя прадукты?
— Ёсць нелюбімыя (усміхаецца). Рыба нікому, акрамя Колі, не падабаецца, фасоля — таксама. Мяса на косці не ядуць: купляю толькі філе і выразку. З прысмакаў шарлотку пяку, часам торты.
— Вы строгая мама?
— Стараюся трымаць дысцыпліну, але жорсткіх забаронаў у нас няма. Галоўныя правілы — не крыўдзіць адзін аднаго і захоўваць асабістыя межы. Коля, раскажы, што вам нельга рабіць?
— (Малы задумваецца.) Біцца. А то мама ў кут паставіць і тэлефоны адбярэ, — застацца без смартфонаў, вядома, страшнае пакаранне.
— Перад адбоем (у будныя дні ён у 21.30) таксама прашу ўсіх здаваць тэлефоны незалежна ад узросту, — дадае Вікторыя.
— Гэта нячэсна! — не згодна старэйшая Паліна.
Пасля абеду — за ўрокі. Старэйшыя робяць «дамашку» самі, мама толькі правярае. А з малодшымі даводзіцца ўслых чытаць гісторыю, геаграфію. Вікторыя смяецца, што ўсе параграфы ўжо па дзесяць разоў чула.
— А што, калі дзеці не слухаюцца?
— Да кожнага патрэбны свой падыход, — дзеліцца жанчына. — Часам неабходна проста пачакаць. Кагосьці падштурхоўвае канкурэнцыя. Сказаць: «Твой сябар Сашка ўжо ўрокі зрабіў і пайшоў на вуліцу гуляць», — і адразу дзіця за дамашняе заданне садзіцца.
Выдатных адзнак тут не патрабуюць: ад кожнага — па здольнасцях. Не ўсім лёгка даецца вучоба, прызнаецца Вікторыя.
Характары ў дзяцей розныя. Кольку завуць «прафесарам» за ўседлівасць. Кірыл бунтар і вельмі эмацыянальны. Ён, дарэчы, мясцовая славутасць — неяк затрымаў злачынцу. Стаяў каля старых казармаў і заўважыў, што два мужчыны выносяць нешта са складоў. Пазваніў у міліцыю. Супрацоўнік органаў пабег за адным злодзеем, Кірыл — за другім. За садзейнічанне падлетак атрымаў грамату ад РУУС.
У вольны час у гэтай сям'і любяць гуляць у шашкі, «кракадзіла», твістар. «Я таксама ў твістары ўдзельнічаю: кручу стрэлку, а дзеці поўзаюць», — усміхаецца мама. Што глядзець па тэлевізары, вырашаюць праз «камень — нажніцы — паперу». Але часцей праграму ці фільм выбірае Вікторыя, каб пазбегнуць спрэчак.
У водпуску сняцца... выхаванцы
За той час, што Вікторыя Святаславаўна працуе ў вёсцы, яна выхавала дзесяць дзяцей. Сярод іх не было круглых сірот.
— Бацькі іх наведваюць рэдка. Да Колі, напрыклад, раней кожныя тры месяцы прыязджалі, а цяпер іх ужо некалькі гадоў не было...
Малы падслухаў нашу размову. «Няхай і далей не прыязджаюць! Не хачу іх бачыць», — заяўляе хлопчык, але па вачах бачна: крыўдуе.
— Я ўгаворваю дзяцей не злавацца на сваіх бацькоў, — дзеліцца Вікторыя, калі застаемся ў пакоі адны. — Кажу: можа, у іх грошай няма, каб прыехаць, яны вас любяць, але так атрымалася.
— Выгароджваеце бацькоў?!
— Трэба, каб у дзяцей захаваўся нармальны вобраз таты і мамы. А потым, калі падрастуць, самі разбяруцца, дзе праўда.
Вікторыя сочыць за лёсам сваіх выпускнікоў. Так, адзін хлопец паехаў на вёску працаваць. Іншая дзяўчына атрымлівае другую ступень адукацыі ў каледжы: асвойвае прафесію стыліста-цырульніка.
— Яны ж «зялёныя» яшчэ, пасля дзевяці класаў ад нас выпускаюцца, — уздыхае мама. — На выхадныя часта прыязджаюць сюды дадому.
Выхавацелям даецца вялікі водпуск — 56 дзён. Праводзіць яго трэба абавязкова за межамі вёскі, каб не было псіхалагічнага выгарання. Вікторыя едзе да родных ці ў санаторый. Дзецям на гэты час падбіраюцца пуцёўкі ў лагеры. Наша гераіня прызнаецца: ад клопатаў адпачываеш, але ж ад малых не збяжыш — усё роўна тэлефануюць. Дый сама за выхаванцаў перажывае. Як з'язджае, дзеці ёй увесь час сняцца.
— Які для вас самы лепшы падарунак да Дня маці?
— Спакойны дзень, без сварак і высвятлення адносін, — усміхаецца Вікторыя. У снежні мінулага года яна атрымала залаты пярсцёнак — узнагароду імя Германа Гмайнера, заснавальніка Дзіцячых вёсак, якую ўручаюць SOS-бацькам за дзесяцігадовую працу па выхаванні. Быць мамай для яе — не проста прафесія. «Гэта ўжо маё жыццё».
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Фота Надзеі БУЖАН
Мінск — Мар'іна Горка — Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-maci