Зямля камунараў — мясціны ў Любанскім раёне, услаўленыя працай былых чырвонаармейцаў, заснавальнікаў першай гаспадаркі на меліяраваных землях. Гэту зямлю і яе гаспадароў апеў Янка Купала ў паэме «Над ракою Арэсай». Шмат працоўных і баявых подзвігаў захаваў летапіс гэтых мясцін. Удзячная памяць натхняе землякоў шукаць імёны герояў мінулых часоў і папаўняць імі летапіс народнай славы.
Былы дырэктар Соснаўскай сярэдняй школы №1 Анатоль Вялічка робіць свой уклад у стварэнне такога летапісу. Уклад гэты важкі ў прамым і пераносным сэнсе. Камяні агульнай вагою ў тоны сталі для яго матэрыялам своеасаблівых мемарыялаў. У многіх памятных месцах на тэрыторыі сельсавета краязнаўца ўсталяваў вялікія камяні з тлумачальнымі надпісамі. Так, напрыклад, цэлы каменны ансамбль, акружаны кветкамі, нагадвае пра тое, што ў часы вайны партызаны разграмілі тут гарнізон захопнікаў. Ахвярам ваеннага ліхалецця прысвечаны камень-помнік на месцы спаленай вёскі Камуна, дзе было 210 хат.
Цікава ўвасобіў Анатоль Вялічка і памяць пра жыццёвы шлях Янкі Купалы. Перад мясцовай школай можна ўбачыць вялікую паляну з прыгожымі палявымі камянямі. Пераходзячы ад аднаго да другога, чытаючы надпісы, нібы ідзеш услед за Песняром з горада ў горад, з вёскі ў вёску, дзе ў свой час яму давялося пражываць.
— Якой будзе новая старонка каменнага летапісу, — спытаўся я ў краязнаўцы і пачуў пра яго планы даставіць на выбранае месца ўжо знойдзены прыгожы вялікі валун. Ён паўстане каля сельсавета напамінам пра тое, што тут праходзіла вузкакалейка, пракладзеная камунарамі — першымі пакарыцелямі палескіх балот.
Яўген Пясецкі, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/lyubanski-rayon-0