Прафарыентацыйная акцыя ахопіць 14 факультэтаў. Да ўдзелу ў ёй запрашаюцца навучэнцы 10-х і 11-х класаў. Ад іх патрабуецца напісаць матывацыйны ліст з аргументацыяй на тэму "Чаму я хачу стаць студэнтам БДУ на тыдзень” і адправіць яго да 10 кастрычніка па электроннай пошце weekinbsu@gmail.com [1].
З 30 кастрычніка па 3 лістапада будучых абітурыентаў чакаюць на біялагічным, геаграфічным, гістарычным, механіка-матэматычным, фізічным, філалагічным, хімічным, эканамічным факультэтах, на факультэце міжнародных адносін, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, сацыякультурных камунікацый, філасофіі і сацыяльных навук, а таксама ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій і Інстытуце журналістыкі.
На працягу пяці дзён старшакласнікі будуць наведваць навучальныя заняткі на розных курсах і спецыяльнасцях. А для поўнага пагружэння ў студэнцкія будні “навабранцам” прапануюць не проста праслухаць лекцыі, але і выканаць практычныя заданні на роўных са студэнтамі БДУ. Гасцей пазнаёмяць таксама з пазавучэбнай дзейнасцю факультэтаў і арганізацыяй вольнага часу студэнтаў.
Патрабаванні да афармлення работ можна знайсці тут [2] і ў групе “УКантакце” [3].
Упершыню праект “Студэнт на тыдзень” прайшоў у Белдзяржуніверсітэце ў кастрычніку мінулага года. Стартавай пляцоўкай для яго стаў Інстытут журналістыкі БДУ. Другі набор патэнцыяльных студэнтаў ажыццявілі ўжо сем факультэтаў у сакавіку 2017 года. Трэці сезон пройдзе пад эгідай 14 факультэтаў і адукацыйных інстытутаў БДУ. За невялікую гісторыю праекта ролю студэнта прымералі на сябе каля 40 старшакласнікаў. Яго арганізатарамі выступаюць Студэнцкі саюз і ўпраўленне выхаваўчай працы з моладдзю БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] mailto:weekinbsu@gmail.com
[2] http://uvrm.bsu.by/component/k2/item/148-proekt-student-bgu-na-nedelyu-projdet-na-14-fakultetakh.html
[3] https://vk.com/weekinbsu
[4] https://zviazda.by/be/tags/student
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/abituryent