Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. Сам выбраў жонку падчас полькі. «Быў неяк тамадой на вяселлі, Валіна сяброўка выходзіла замуж. Колькі сябе памятаю, вельмі любіў танцаваць. Як зайграюць польку, дык аж душа трымціць, так хочацца кінуцца ў скокі. Дык вось, на тым вяселлі адна прыгажуня запрасіла мяне на танец. Але скакала яна цяжка, як ступа. Так у вёсцы казалі, пра дзяўчыну, якая не ўмее ў танцы падладзіцца, падпарадкавацца. Праз нейкі час гарманіст зноў зайграў польку, гляджу — тая прыгажуня ідзе ў мой бок. Танцаваць мне з ёй ужо не хацелася. Я адвярнуўся і схапіў першую, якая побач стаяла. Гэта была Валя. Яна танцавала вельмі лёгенька. Вось так і «станцаваліся» на ўсё жыццё». Гэта было 15 лютага, а праз год — 14 лютага — у іх ужо нарадзіўся Арцём. Яшчэ праз 7 гадоў — Арынка.
«Не веру, калі кажуць «каханы», але веру, калі кажуць «родны»
— Спадар Сяргей, у танцы вядучая роля за мужчынам. А ў сям'і?
— Сапраўды, у танцы жанчына мусіць даверыцца партнёру, пайсці за ім. У сям'і ўсё наадварот. Нездарма ж кажуць: муж галава, а жонка шыя. Куды шыя паверне, туды галава і круціцца. У нашай сям'і, я магу шчыра сказаць, кіруе Валя. Але робіць гэта правільна. Я, вядома, магу сказаць: «Мы падумалі і вырашылі». Але ж усё адно я згодны з яе рашэннем (смяецца). Мудрая жонка натхняе мужчыну, тым і накіроўвае.
— Я, дарэчы, пазнаёмілася з мужам у купальскім карагодзе. Падаецца, што гэта адно з найлепшых месцаў для пошуку свайго суджанага.
— З кім зручна танцаваць, з тым будзе зручна жыць. Гэта дакладна. Нездарма ж некалі пару на ўсё жыццё выбіралі менавіта на вечарынцы. Казалі: «Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе» (гэта ўжо потым перайначылі), «навучыся танцаваць, а гора гараваць жыццё навучыць».
— Вы са сваёй жонкай разам ужо 20 гадоў. Што самае галоўнае ў сям'і?
— Цяпер у аснову адносінаў ставяць каханне. А яшчэ вышэй секс. Не згодны. Калі няма «дроў» з павагі і ўзаемаразумення, то каханне хутка згасне. Асабліва калі ўзнікнуць першыя цяжкасці ў жыцці. Як адна з маіх калег казала: «Я не веру, калі кажуць «каханы», але веру, калі кажуць «родны». Калі чалавек, які па крыві не радня, стаў родным, вось гэта ўжо сапраўды трывалая сям'я.
— Вы вучыце беларускім народным танцам ва ўсіх куточках краіны і нават за яе межамі. Ды і ўсе фальклорныя фестывалі прыходзяцца звычайна на выхадныя. Як вырашаеце пытанне з сям'ёй, родныя не крыўдуюць, што вас часта не бывае дома?
— Тут трэба сказаць дзякуй жонцы. Калі я стварыў дарослы ансамбль «Напарачка», Валя мая гады два танцавала ў ім. А потым сама вырашыла, што тыл павінен быць дома. Мне пашанцавала. Гэта такі надзейны тыл, які ў любы момант і падтрымае, і дапаможа, і збярэ, і пераканае. Гэта ўсё наша мама (пазірае на дачушку, якая падчас інтэрв'ю тулілася да таткі). Яна ў нас кіроўца. На машыне куды трэба завязе, адкуль трэба забярэ.
«Мяне ў Доме культуры называюць «бабнікам»
— Вы запісалі больш як 100 танцаў, якія былі папулярныя на Любаншчыне. Атрымліваецца, ведаеце ўсіх бабулек у раёне?
— Шчыра скажу, ёсць яшчэ некалькі вёсак, у якіх я нават ні разу не быў з экспедыцыяй. Але збіраюся. Многіх носьбітаў ужо, на жаль, няма ў жывых. Мне пашчасціла паспець пазнаёміцца з імі. Мяне тут, у Доме культуры, празвалі «бабнікам». У сэнсе, спецыялістам па бабульках. Пазвоніць хтосьці: «Дзе Выскварка?» — «Па бабах паехаў», — адказваюць.
— Бабулькі ж усе розныя. Як знаходзіце падыход?
— Сапраўды розныя, але ўсе любяць павагу і ўвагу. А я іх люблю як носьбітаў. Многіх і ўспрымаю як сваіх родных бабуль. У Ямінску жыве Зінаіда Іванаўна Раманчук, ёй сёлета споўнілася 80 гадоў. Мы ездзілі яе віншаваць з юбілеем. Дык яна мяне абдымала і казала: «Сярожка, я ж да цябе як да роднага сына адношуся».
Цяпер лягчэй знаходзіць падыход, бо мяне ўсе ведаюць. А напачатку... Вельмі цяжка было збіраць фальклор у родным сяле. Бо калі прыходзіў, напрыклад, да бабы Надзі, дык яна пыталася пра маму, пра братоў і сясцёр. І гэта размова магла зацягнуцца надоўга.
Ніколі не забудуся, як прыехаў у вёску Кузьмічы да Ганны Рыгораўны Палазнік. Аўтобус хадзіў туды ў 90-я гады адзін раз на дзень.Таму мне нічога не заставалася, як застацца на ноч. Памятаю, сядзім за сталом, спяваем з бабай Ганнай. А яна старэнькая, голас хрыпіць. Кажа мужу: «Васіль, там за газам стаіць». Ён прынёс бутэльку віна. Я ж маладзенькі тады быў, кажу: «Я не п'ю». А яна: «А я не спяваю» (смяецца). І вось мы да раніцы пілі віно і спявалі.
Часта ўспамінаю Таццяну Якаўлеўну Кішылаву з вёскі Юшкавічы. Мой Арцём яе вельмі любіў, як быў маленькі, мы часта да яе ездзілі, як да роднай бабулі. Яна мне раскажа крыху пра вяселле і яшчэ нешта. А я: «А яшчэ?» — «Не, а гэта на наступны раз» (смяецца). Ёй увагі трэба было часцейшай, хацела, каб я прыехаў зноў. Пра кожную з бабуль (і дзядуль, дзякуй богу) магу гаварыць бясконца. Калі танец успамінаю, то за ім абавязкова нехта стаіць, чалавек або гурт, ды гісторыя, калі ён знайшоўся.
— Які танец дастаўся цяжэй за ўсё?
— «Танец каваля». Ніхто не ведаў, як яго танцаваць. Я запісаў яго ў вёсцы Старыя Юрковічы ад Аўдоцці Сцяпанаўны Чэкан. Ёй на той момант было ажно 102 гады. Памятаю: зайшоў у хату, бабуля ляжыць у ложку. «Дзіцятка, ты заходзь, я буду драмаць, а ты размаўляй». Яна мне гэты танец на пальцах паказвала. А я перад ёй па хаце танцаваў. Аўдоцця Сцяпанаўна ж казала: так ці не. Калі б хто тады запісаў той майстар-клас на відэа — гэта было б смехаўё. Толькі ўявіце, вясковая хата, нефарбаваная драўляная падлога, я і бабуля ў ложку... Аўдоцця Сцяпанаўна вельмі любіла танцаваць, казала: «Полькі ды мазуркі ногі адабралі».
Народны гумар ад Сяргея Выскваркі (ён узначальвае яшчэ і народны гурт «Смехаўё»).
Дзяды правялі вачыма прыгожую маладзіцу і ў адзін голас кажуць: «Божа, забраў сілу — забірай і вочы».
Як толькі зяць на парог, дык цешча за яйкі.
Адна суседка крычыць другой праз плот: «Мар'я-а, кажуць, ты з маім Іванам спала!». А тая рагоча: «Хіба ж з тваім Іванам заснеш?».
«Надзела народны строй, калі ёй было тры годзікі»
— Арына, ведаю, што ты змалку танцуеш з «Верабейкамі» (дзіцячы ўзорны фальклорны танцавальны ансамбль, якім ужо амаль 25 гадоў кіруе Сяргей Выскварка). Тата прымусіў ці сама захацела?
— (Арына паціскае плячыма) Я не памятаю, прымушалі мяне ці не.
— І Арцём, і Арына трапілі ў ансамбль натуральна. Як у вёсцы некалі: дзе бацькі, там і дзеці. Упершыню Арынка надзела народны строй, калі ёй было тры годзікі. Мы з «Верабейкамі» прадстаўлялі нашы танцы ў летніку, дзе адпачывалі дзеці з Расіі. А мне не было куды дачушку дзець. У нас у ансамблі не знайшлося строю такога маленькага памеру, таму давялося падкладаць кашулю. Дарэчы, на Арынцы тады быў андарак нашага роду. Баба Аксіння свой стары парвала на анучы. Адзін яго кавалак застаўся, дык я пашыў такі маленькі андарачок для дачушкі.
— Ці перадалася Арыне ваша любоў да народных танцаў?
— Як толькі якая дзяўчынка хораша танцуе, усе пытаюцца: «Гэта ваша дачка?».
— І што адказваеце?
— Кажу, што мая (смяецца). Усе мае. У маім ансамблі займаюцца вельмі шмат братоў і сясцёр. Раней увесь Арцёмаў клас танцаваў у мяне, цяпер і Арынчын. Такога інтарэсу, каб аж падалі за гэтым, зараз ні ў сына, ні ў дачкі няма. Узрост такі, пераходны. Хоць яшчэ да пазамінулага года Арына мяне «мучыла» дома, яна ўсе танцы старалася ведаць раней за дзяцей. Што рабіць, танцавалі пад язык. У нас з дачушкай нават ёсць фірменны танец, які толькі мы з ёй танцуем, — называецца «Абэрак».
— Вы строгі тата?
— Я для сябе аднойчы вырашыў, што не буду караць дзяцей, сварыцца на іх. Хоць свайго тату памятаю строгім. Ніколі не забудуся той дзень, калі мяне забіралі ў войска. Маці галасіла, а бацька падышоў і проста паціснуў руку. Я бачыў слёзы ў яго ў вачах. Але не звонку, а там, за зрэнкамі. Ведаю, што ён мяне вельмі любіў. Але ж так хацелася, каб пагладзіў па галаве, прытуліў. Я, напрыклад, не саромеюся абняць сына, хоць яму ўжо 19 гадоў. Не кажучы ўжо пра вось гэтую тулялку (мацней прыціскае да сябе Арынку).
— Што выберыце: паехаць у іншы горад, каб правесці майстар-клас, ці пагуляць з Арынай у шашкі?
— А я вазьму з сабой і Арыну, і шашкі (смяецца). Першы раз зімой у Польшчу паехаў адзін, без дачкі, бо ў яе не выйшла са школай. Мне было даволі складана. Другі раз, ужо летам, мы ездзілі разам з Арынай. Гэта ж мой незаменны памочнік, яна фактычна магла малодшай групай кіраваць, як настаўніца. Абавязкова бяру з сабой дачку, калі ёсць магчымасць. У кастрычніку разам паедзем паказваць беларускія танцы ў Вільнюс. Так што будзем па дарозе ў шашкі гуляць.
Бліц-апытанка
— Месца сілы і натхнення?
— Дзедава хата ў вёсцы Пласток. Калі я зусім стамляюся, мне проста хочацца туды хоць на гадзінку.
— Калі б вам прапанавалі за дзедаву хату вялікія грошы, прадалі б?
— Нізашто! Гэта як радзіму прадаць.
— Калі б на вас звалілася некалькі тысяч долараў, на што б вы іх патрацілі?
— На хусткі з узорамі! — апярэджвае тату Арына. — Такія чырвоныя...
— Бачыце, што дзіця гаворыць (смяецца). Вось гэта (паказвае) амерыканскі аналаг даўніх баранаўскіх хустак. Была такая фабрыка Асафа Баранава ў ХІХ стагоддзі. Гэтыя хусткі лічыліся вельмі моднымі ў вясковым асяроддзі... Сёння я грошы патраціў бы на свой Пласток. У мяне ёсць даўняя мара. У нас у вёсцы царквы ніколі не было, але шмат веруючых людзей. Хачу адну з закінутых хатак, што побач з дзедавай, прыстасаваць пад дом малітвы. Цудоўна было б сабраць там усе іконы Божай Маці, якія ёсць у свеце. Другую закінутую хату мару ператварыць у вясковую арт-прастору, дзе можна сабрацца, пасядзець, паспяваць, застацца пераначаваць. На гэта я, напэўна, і патраціў бы тыя долары. Хоць трэба было б, напэўна, на сям'ю. У кожнага мужчыны ёсць нейкая заначка. Жонка ведае пра маю, але дазваляе траціць яе, як мне хочацца.
— І на што ідуць вашы заначкі, калі не сакрэт?
— Вам жа Арына ўжо ўсе сакрэты выдала (смяецца). Мая слабасць — гэта народныя строі. Сам купляю тканіну, штосьці выпрошваю, штосьці дораць. Вось гэтая кашулька, напрыклад, пашытая са штор, якія я запрыкмеціў на кухні ў сваёй цёткі. А вось тыя гарсэты — з тканіны, якую мая цешча некалі купіла сабе на халат. Я яе запрыкмеціў, калі мы з дзецьмі былі ў гасцях у Марыі Аляксандраўны. Кажу: «Мне ваша тканінка так падыходзіць». Яна: «Ну забірай». Хапіла яе на тры гарсэты, а трэба было чатыры. Шылі іх у нашым мясцовым атэлье. Прыходжу забіраць, а мне замест трох гарсэтаў працягваюць чатыры. «А што, хапіла?» — здзівіўся. Жанчыны смяюцца. Аказваецца, у закройшчыцы Сямёнаўны такая тканіна была дома. Пахадзіла-падумала, ды выкраіла мне чацвёрты гарсэт. Бабулькі часта завяшчаюць мне свае клункі. Так, Сцепаніда Драбуцька андарак падарыла. Яе дачка кажа: «Забірай». Прыехаў, гляджу, бабуля яго да грудзей прыціснула, аж слёзы на вачах, бо гэта ж маладосць яе. Кажу: «Не, няхай яшчэ пабудзе». Дык яна тады дачцэ сказала: «Як памру, аддай таму чалавеку, бо ты ж спаліш». Мне яго перадалі.
— У любой незразумелай сітуацыі вы...
— Спрабую кудысьці зашыцца, схавацца. Калі няма магчымасці выйсці з памяшкання, хаваюся ўнутр сябе. У думках пачынаю спяваць. Апошнім часам пераходжу на малітву.
— Вы згадалі Бога. Што зрабілі б, калі б сустрэлі яго?
— Па-першае, сказаў бы дзякуй за тое, што я ёсць, за сям'ю. Не «спасибо», а менавіта «дзякуй». Бо цяпер нават скарачаюць «пасибо». І «спаси Бог» ператварылася ў «паси Бог». Навошта ж нас пасвіць? Па-другое, папрасіў бы, каб ён быў да людзей больш строгім. Бог даў нам вельмі шмат волі. Асабліва цяпер. Такое сабе дазваляем! Бабулькі, якія перажылі вайну, калі моляцца, просяць міру. А я папрасіў бы розуму палітыкам, абсалютна ўсім, тады не будзе вайны. А таксама мудрасці бацькам, тады будуць разумныя дзеці.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
г. Любань
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:nаdzіеjа@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/falklor
[6] https://zviazda.by/be/tags/etnagrafiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/syargey-vyskvarka
[8] https://zviazda.by/be/tags/tanec
[9] https://zviazda.by/be/tags/karagod
[10] https://zviazda.by/be/tags/lyuban