Мода існуе на ўсё, нават на кветкі, але аксаміткі, вядомыя большасці з нас як «бархатцы», з'яўляюцца шчаслівым выключэннем з правілаў, застаючыся па-ранейшаму любімчыкамі гаспадынь прысядзібных участкаў.
Яно ж, аднак, цалкам вытлумачальна. Гэтыя кветачкі не толькі ўсё лета ды восень радуюць вока, але і бароняць грады ад нашэсця непажаданых «гасцей», такіх як цыбульная муха, шашолка, бульбяная нематода. Праўда, далёка не ўсе, нават самыя спрактыкаваныя, агароднікі ведаюць, што аксаміткі — гэта яшчэ і выдатная прыправа да мяса, рыбы, а таксама страў з агародніны. Дарэчы, імерэтынскі шафран, які ўваходзіць у склад знакамітай прыправы хмелі-сунэлі, ёсць не што іншае, як высушаныя і здробненыя кветачкі аксамітак. Пры дабаўленні ў стравы імерэтынскі шафран надае ім не толькі залацістае адценне, але і незвычайны, вытанчаны фруктовы смак. А калі вы хочаце здзівіць сваіх дамачадцаў і гасцей не проста смачнымі, а суперсмачнымі закруткамі з кансерваваных агуркоў або памідораў, то не забудзьцеся ў час нарыхтовак пакласці на дно кожнага слоіка пялёсткі аксамітак, і тады, будзьце ўпэўненыя, сапраўды атрымаецца «смачна есці»!
Наталля РУЖЫЦКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/kuhnya
[3] https://zviazda.by/be/tags/zakrutka
[4] https://zviazda.by/be/tags/strava