У сваіх пачынаннях яны атрымалі падтрымку кіраўніцтва мясцовай улады.
З глыбіні 6 метраў
Андрэй Трубецкі, аўтар ідэі — індывідуальны прадпрымальнік, кіраўнік прыватнай фірмы, каваль, рамеснік. Ён таксама — краязнавец, калекцыянер прадметаў быту мінулага.
— Спачатку ўсталявалі ў парку памятны знак — у даніну памяці тых, хто жыў у былым мястэчку. І на п'едэстале невыпадкова замацавалі якар. Бешанковічы заснаваныя і развіваліся, у першую чаргу, дзякуючы рацэ. Судны тут прычальвалі значна раней, чым было заселена наваколле, — расказвае Андрэй.
Цяпер у якасці працягу рэалізацыі ідэі шанавання продкаў можна ўбачыць алею з васьмі якараў. Яна насупраць будынка, дзе знаходзіцца загс. І наваспечаныя муж і жонка з задавальненнем ускладаюць кветкі да каменя, на якім апавядаецца пра алею.
Якары розных канструкцый зроблены ў XVІІ—XІX стагоддзях.
— Дасталі без акваланга з дна ракі разам з Андрэем Бурнейкам, таксама краязнаўцам. Аўтар тэксту памятнага знака — Станіслаў Леаненка, яшчэ адзін знаток гісторыі краю. Мы — тутэйшая тройца аматараў вывучаць даўніну, — працягвае Андрэй.
Знаходкі якараў на дне ракі яны тлумачаць проста. Калісьці па Заходняй Дзвіне праходзіла многа суднаў. У прыватнасці, баркі даўжынёй 50 і шырынёй 35 метраў. І часцей за ўсё якары апускалі пад ваду на пяньковых вяроўках. І, калі апошнія рваліся, якары заставаліся на дне на глыбіні прыкладна ад 4 да 6 метраў.
На алеі можна ўбачыць не ўсе якары з калекцыі Андрэя. Большасць — каля 15 — чакаюць свайго часу.
— Аднойчы на дне ўбачыў каменны якар. Некалькі разоў потым шукаў гэтае месца, ды не атрымалася, — працягвае субяседнік.
Расказаў ён і пра іншыя перспектыўныя аб'екты ў парку. У прыватнасці, Андрэй яшчэ задумаў усталяваць металічнае «дрэва закаханых». Паколькі ён сабраў багатую калекцыю жорнаў, плануе ўпрыгожыць імі тэрыторыю.
Падчас падводнага палявання часта бачыў на дне не толькі якары. Знаходкі папаўнялі калекцыю. І яе паказвае бясплатна — на тэрыторыі былога завода, які выкупіў для камерцыйнай дзейнасці. Частыя наведвальнікі — школьнікі.
Сведкі гісторыі
Андрэй некалькі гадоў таму ініцыяваў усталяванне помніка тым, хто загінуў падчас вайны. Ён знаходзіцца на мяжы Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. Андрэй актыўны ўдзельнік добраўпарадкавання старых яўрэйскіх могілак. Сюды штогод прыязджаюць розныя дэлегацыі і валанцёры, якія працягваюць работу...
Бешанковіцкі прадпрымальнік марыць цяпер, каб нейкі памятны знак з'явіўся на месцы абарончых земляных валоў і траншэй часоў вайны 1812 года. Адзначыў, што такіх больш нідзе ў Беларусі не ўбачыш. Ды і ва ўсёй Еўропе аналагічнае ў такім добрым стане — рэдкасць.
З асаблівай цеплынёй Андрэй распавядаў пра задумку ўвекавечыць месца, дзе знаходзіўся праваслаўны храм, пабудаваны ў XVІІІ стагоддзі. Свята-Мікольскую царкву ў 1899 годзе разабралі з-за таго, што яна была ў аварыйным стане... Цудам да нашага часу захаваўся вялікі металічны крыж з купала. Ён знаходзіцца на прыватным участку зямлі. Гасцінныя гаспадары дазваляюць прайсці да крыжа Андрэю і іншым мясцовым краязнаўцам з тымі, хто цікавіцца гісторыяй мястэчка.
У планах і стварэнне месца памяці ў раёне падзення савецкага ваеннага самалёта ПЕ-2
Фірма Андрэя знаходзіцца на беразе Заходняй Дзвіны. Побач — два будынкі былых панскіх складоў, пабудаваных у XІX стагоддзі. А недалёка ваенныя раскінулі пантон. Андрэй будзе рады дапамагчы стварыць у гэтым жывапісным месцы турыстычны комплекс... Упэўнены, што ён будзе папулярны.
У прыватнасці, расказаў пра аўстрыйцаў, якія самастойна вырашылі падарожнічаць па Беларусі і заехалі ў Бешанковічы. Дык затрымаліся на чатыры дні! А, на першы погляд, што там такі доўгі час рабіць? З задавальненнем наведалі музей, аб'екты сацыяльнага прызначэння і іншае. Знаёмства з мясцовымі аматарамі даўніны іх здзівіла. Слухалі б і яшчэ, каб не трэба было вяртацца дамоў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Бешанковічы—Віцебск
Фота Віктара НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/beshankovichy