Традыцыйна ў пачатку новага навучальнага года ўжо каторы год запар «ЧЗ» дае старт конкурсу сярод юных і маладых няштатных аўтараў. Ён выступае ў якасці своеасаблівай пляцоўкі для самавыяўлення: дае творцам магчымасць расказаць пра сваю пазіцыю, пра стаўленне равеснікаў да тых ці іншых праблем грамадства, у тым ліку найперш — да сферы маладзёжнай палітыкі, расказаць пра іх асабісты ўклад у тую ці іншую справу. Пагадзіцеся, цяжка больш ёмка абазначыць словамі тое, да чаго ў выніку імкнецца «Чырвонка. Чырвоная змена» і чаго маладзёжны дадатак чакае ад удзельнікаў конкурсу.
Яго назва — «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» — стала адным з нашых найлепшых і даўгавечных трэндаў сярод іншых пастаянных рубрык. А ў пэўнай ступені конкурс стаў яшчэ і «кузняй» кадраў для журфака, а пасля і для самога маладзёжнага дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена», і для іншых рэдакцый. Тыя, хто некалі першымі прынялі ўдзел у творчым спаборніцтве, цяпер — ужо маладыя спецыялісты, якія атрымалі першае працоўнае месца ў жыцці!
Застаюцца без змен і ўмовы правядзення творчага конкурсу, «адшліфаваныя» на працягу некалькіх гадоў. Нагадваем: вялікая просьба да будучых юных і маладых аўтараў і іх куратараў — уважліва азнаёмцеся з абавязковымі ўмовамі, якім павінны адпавядаць дасланыя работы.
Конкурс, як і папярэднія, разлічаны найперш на беларускамоўную моладзь, якая збіраецца паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы, каб у далейшым, магчыма, звязаць сваё жыццё з гэтай прафесіяй. Нагадаем, што яго творчая планка даволі высокая, каб малады чалавек, які збіраецца прысвяціць сваё жыццё гэтай цікавай, але нялёгкай сферы, змог пакаштаваць «журналісцкага хлеба» і цвяроза ацаніць свае здольнасці.
Зноў жа традыцыйная просьба: не пішыце матэрыялы агульнымі словамі, не разважайце пра ўсім вядомае. Раскажыце — цікава! — пра канкрэтную падзею, мерапрыемства, якое арганізавала моладзь, каб выказаць сваю неабыякавасць да той ці іншай праблемы ці сітуацыі. Знайдзіце маладых людзей, якія сваімі справамі паказваюць такі прыклад. На выхадзе павінен атрымацца цікавы матэрыял, яркая публікацыя, «улётны» рэпартаж, але ніяк не «тэкст», як чамусьці любіць гаварыць цяперашняя моладзь!
І яшчэ адна парада. Калі вы цікавіцеся журналістыкай, запішыцеся ў адпаведны гурток у школе ці доме творчасці. Як паказвае практыка, найлепшыя поспехі на ніве творчасці — найперш у тых пачаткоўцаў, хто ўжо хоць бы трохі «падкаваны» і тэарэтычна, і практычна. Яшчэ юным і маладым творцам раім пачытаць нашы парады, якія пад рубрыкай «Хачу на журфак!» змяшчаліся сёлета ў «Чырвонцы. Чырвонай змене» 16 лютага [5], 2 [6] і 23 [7] сакавіка, 6 [8] і 20 [9] красавіка, а таксама 4 мая [10].
Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто налета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўкі матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» можа працягваць друкаваць і надалей. Вынікі плануецца падвесці ДА ПАЧАТКУ ЎСТУПНАЙ КАМПАНІІ.
Матэрыялы на конкурс можна дасылаць на электронны адрас kоnkursсhz@mаіl.ru [11] або на паштовы (Рэдакцыя газеты «Звязда», вул. Б. Хмяльніцкага, 10А, 220013, г. Мінск) з абавязковай паметкай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»
* * *
Ну што ж, напрыканцы наша заўсёднае: «вастрыце пёры», аўтары! Зычым усім творчых поспехаў і перамог! Як мы не стамляемся паўтараць, паверце, прайграўшых у конкурсе не будзе!
Куратары праекта Надзея НІКАЛАЕВА nikalaeva@zviazda.by [12] і Сяргей РАСОЛЬКА rs@zviazda.by [12]
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[5] http://zviazda.by/be/news/20170215/1487170911-karotkiya-rekamendacyi-tym-hto-syoleta-vyrashyu-stac-zhurnalistam
[6] http://zviazda.by/be/news/20170301/1488382388-parady-buduchym-zhurnalistam
[7] http://zviazda.by/be/news/20170322/1490196693-parady-buduchym-zhurnalistam
[8] http://zviazda.by/be/news/20170405/1491403405-parady-buduchym-zhurnalistam
[9] http://zviazda.by/be/news/20170419/1492619035-parady-buduchym-zhurnalistam
[10] http://zviazda.by/be/news/20170503/1493827519-parady-buduchym-zhurnalistam
[11] mailto:kоnkursсhz@mаіl.ru
[12] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[13] https://zviazda.by/be/tags/ya-malady-i-mne-ne-usyo-rouna-0
[14] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[15] https://zviazda.by/be/tags/konkurs