Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі запрашае мінчан і гасцей сталіцы 9 верасня на свята «Кветкі і джаз».
Восень уступае ў свае правы, але батанічны сад працягвае радаваць сваіх наведвальнікаў разнастайнасцю сартоў і відаў восеньскіх кветак. Эстафету цвіцення перахапілі вяргіні і хрызантэмы. Найбагацейшая калекцыя вяргінь уключае каля 300 сартоў, у тым ліку сарты беларускай і ўласнай селекцыі, а калекцыя хрызантэм — каля 200.
Свята «Кветкі і джаз» прымеркаванае да 950-годдзя сталіцы. Наведвальнікаў Батанічнага сада чакаюць у гэты дзень займальныя экскурсіі-падарожжы, пазнавальны квэст «Што вы ведаеце пра вяргіні?», кансультацыі спецыялістаў па доглядзе і агратэхніцы вырошчвання восеньскіх кветак. Экскурсійныя групы будуць фарміравацца каля экспазіцыйнай аранжарэі ў 12.00 і 15.00.
Дзяцей можа зацікавіць конкурс малюнкаў на асфальце на тэму «Любімы горад», майстар-клас «Знаёмімся з лічбай 950», а таксама магчымасць навучыцца «маляваць» пяском і забраць малюнак на памяць.
Да свята горада музычны дом «Класіка» падрыхтаваў для наведвальнікаў Батанічнага сада музычны сюрпрыз: выступленне легендарнага беларускага гурта, джаз-бэнда «Яблычны чай».
Цэнтральны батанічны сад з'яўляецца адным з найбуйнейшых батанічных садоў у Еўропе як па плошчы, так і па сваіх калекцыйных фондах: яго калекцыі і экспазіцыі налічваюць больш за 9 тысяч назваў раслін розных кліматычных зон свету, у тым ліку 2,3 тысячы тых, якія вырошчваюцца ў закрытым грунце.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/batanichny-sad