Напрыканцы ХХ стагоддзя Беларусь перажывае вялікія змены. Галоўным узрушэннем для ўсяго савецкага народа з'яўляецца развал СССР. У адзін дзень не стала краіны, якая асвоіла Арктыку і пакарыла космас, а самае галоўнае — перамагла фашызм.
Менавіта ў канцы эпохі Беларусь набыла сваю незалежнасць. З таго часу яе ведаюць у свеце не проста як часцінку вялікай краіны, а самастойную, суверэнную дзяржаву. Беларусь развіваецца, на яе тэрыторыі заключаюцца лёсавызначальныя дагаворы, краіна дыхае напоўніцу.
Моўнае пытанне
Толькі перш чым быў абвешчаны суверэнітэт, у пачатку 1990-х актыўна абмяркоўваецца моўнае пытанне. Неабыякавая да яго і «Звязда». У газету паступае шмат прапаноў і заўваг, разгортваюцца цэлыя дыскусіі наконт надання беларускай мове новага статусу. «Чытаю палеміку вакол беларускай мовы, і вельмі балюча за непавагу да яе, — выказваецца ў газеце шматгадовы чытач. — Ну, хто б адважыўся спытаць, напрыклад, у француза, ці патрэбна яму французская мова?»
Пасля больш як чатырох месяцаў абмеркавання і працы 26 студзеня 1990 года на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання быў прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР». Па рашэнні спецыяльнай камісіі на чале з дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, пісьменнікам Нілам Гілевічам, беларуская мова была абвешчана адзінай дзяржаўнай на тэрыторыі нашай краіны. Яна стала мовай органаў улады, справаводства, арміі, з'ездаў і іншых форумаў, судаводства, міжнародных дагавораў і пагадненняў, навучання і выхавання, мовай назваў і найменняў.
Гэты вялікі крок у адраджэнні беларускай нацыі прадстаўнікі іншых народаў, якія на той час жылі ў Беларусі, прынялі з разуменнем. «Я не беларус, але заўсёды з вялікай павагай і пашанай ставіўся да беларускай мовы, — сведчыць грамадзянін М. — На маю думку, кожны, хто жыве ў рэспубліцы, павінен свабодна размаўляць на мове карэннай нацыі, хоць бы дзеля таго, каб лічыць сябе паўнапраўным грамадзянінам гэтай рэспублікі, каб ведаць яе гісторыю і культуру, не адчуваць тут сябе чужым».
Краіна ў шоку
Разам з усім савецкім народам журналісты «Звязды» з трывогай сачылі за жнівеньскімі падзеямі 1991 года ў Маскве. Але карэспандэнты, у адрозненне ад многіх іншых, маўчаць проста не мелі права. У гэтай сітуацыі нашы папярэднікі былі не на баку путчыстаў. Страшна ўявіць, што было б са «звяздоўцамі» пачатку 1990-х, калі б да ўлады прыйшлі менавіта арганізатары руху...
І журналісты гэта добра ўсведамлялі: «Двое з лішнім сутак, калі на вуліцах Масквы стаялі танкі, калі самазваны камітэт выдаваў антыправавыя пастановы, кожны з нас стаяў перад выбарам — падтрымаць неканстытуцыйную васьмёрку ці адмежавацца ад яе. Першае ў выніку перамогі хунты несла з сабой спакойнае жыццё, ад другога павявала Салаўкамі».
Гэта быў няпросты час для ўсяго савецкага народа, які з трывогай і напружаннем чакаў, да каго пяройдзе ўлада. У выніку першым прэзідэнтам новай краіны — Расійскай Федэрацыі — стаў Барыс Ельцын. Крыху раней адбыліся выбары першага старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі, ім стаў Станіслаў Шушкевіч. 27 ліпеня 1990 года была прынята дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Пасля распаду СССР і з набыццём незалежнасці наша краіна стала парламенцкай рэспублікай. З 19 верасня 1991 года яна афіцыйна завецца Рэспубліка Беларусь.
Белавежскія імгненні, якія ўзрушылі свет
8 снежня 1991 года падчас сустрэчы кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны ў Віскулях, што ў Белавежскай пушчы, вялікая краіна пад назвай Савецкі Саюз знікла з геаграфічнай карты свету. 15 былых саюзных рэспублік набылі дзяржаўную самастойнасць. У той жа дзень лідарамі трох краін — Станіславам Шушкевічам, Барысам Ельцыным і Леанідам Краўчуком — было падпісана «Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў».
Узнікненне новага дзяржаўнага ўтварэння выклікала неадназначную рэакцыю ў краіне. Адны лічылі, што Саюз Суверэнных Дзяржаў неабходны. Другія былі ўпэўнены, што можна абысціся і без яго: дастаткова двухбаковых пагадненняў паміж дзяржавамі. «Неяк непрыкметна мы самі сябе прывучылі да думкі, што Беларусь, яе кіраўніцтва пастаянна адстаюць ад іншых рэспублік, у заканатворчасці і ў дзелавой ініцыятыве, — пісала газета. — Нават да прымаўкі «цішэй едзеш — далей будзеш» пачалі адносіцца, як да сваёй, блізкай нам. Але пасля 36 белавежскіх гадзін, якія ўзрушылі свет, ці не пастаўлены пад сумненне аўтарытэт народнай мудрасці?»
Нацыянальная армія і ўласная валюта
Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі прадугледжвала існаванне нацыянальнай арміі. Адразу пасля набыцця новага дзяржаўнага статусу Беларусь заявіла аб адмове ад валодання ядзернай зброяй. У верасні 1991 года на базе Беларускай ваеннай акругі Узброеных Сіл СССР пачало фарміравацца беларускае войска. Але і па гэтым пытанні быў плюралізм меркаванняў: «Цывільныя людзі — за нацыянальныя войскі, за тое, каб маладыя грамадзяне той ці іншай суверэннай рэспублікі праходзілі службу на сваёй радзіме. Вайскоўцы — і гэта натуральна — за захаванне адзіных непадзельных Узброеных Сіл».
Пакуль адны вайскоўцы сумавалі з нагоды блізкага скарачэння, іншыя бачылі ў расфарміраванні Беларускай ваеннай акругі магчымасць быць бліжэй да родных. У прыватнасці, газета сведчыла, што «больш за 10 тысяч генералаў, афіцэраў і прапаршчыкаў — выхадцаў з Беларусі, што праходзяць цяпер службу за яе межамі, накіравалі ва ўпраўленне кадраў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь рапарты з просьбай прадаставіць ім магчымасць вярнуцца на Радзіму і знайсці пасады ва Узброеных Сілах рэспублікі».
З распадам Савецкага Саюза адбыўся і крах агульнасавецкай грашовай сістэмы. У пачатку 1992 года ў Беларусі дзейнічала купонная сістэма, затым ажыццявіць аплату можна было разліковымі білетамі Нацыянальнага банка. Пачынаючы з 1 ліпеня 1992 года, сталі праводзіцца аперацыі ў безнаяўных беларускіх рублях. А ў канцы ліпеня 1993-га савецкія рублі пачалі выходзіць з дзяржаўнага абарачэння. Такім чынам, беларускі рубель стаў адзінай нацыянальнай валютай, якой ажыццяўляліся ўсе разлікі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Першыя беларускія грошы ў народзе ахрысцілі «зайчыкамі». «Зайцамі», «ваўкамі», «мядзведзямі» і г. д. Беларусь забяспечыць у дастатковай колькасці, — запэўнівалі насельніцтва карэспандэнты газеты.
Асноўны закон краіны
Некаторы час незалежная Беларусь не мела ўласнага Асноўнага закона. Канстытуцыя, прынятая ў красавіку 1978 года, ужо была не актуальная. Маладая краіна мела патрэбу ў прыняцці новага закона. Праект новай Канстытуцыі распрацоўваўся некалькі гадоў. У Канстытуцыйную камісію, якая вырашала, якім быць Асноўнаму закону Беларусі, уваходзіў 61 дэпутат Вярхоўнага Савета, важныя палітычныя дзеячы краіны, вядучыя навукоўцы ў галіне права. Найбольшыя рознагалоссі выклікалі пытанні дзяржаўнай мовы і сцяга, а таксама захаванне абласцей у якасці адзінак адміністрацыйнага падзелу.
Нарэшце 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам была прынята новая Канстытуцыя — першая ў гісторыі суверэннай Беларусі і шостая за гады існавання нашай краіны. Згодна з дакументам, Беларусь упершыню ў гісторыі была абвешчана як унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Ніколі дагэтуль у краіне не існавала інстытута прэзідэнцтва, для ажыццяўлення кантролю нарматыўных актаў упершыню ў Беларусі быў створаны і Канстытуцыйны суд. З таго часу 15 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца як Дзень Канстытуцыі. Традыцыйна ў гэты дзень юным беларусам уручаецца галоўны дакумент краіны — пашпарт.
Першапачаткова 15 сакавіка аб'яўляўся нерабочым днём: «У палітычным календары краіны з'явілася новае свята — Дзень Канстытуцыі, які аб'яўлены нерабочым днём. Факт гэты наўрад ці выкліча пярэчанні ў грамадстве. Вось толькі ці не зашмат іх, нерабочых святочных дзён?»
Выбар народа
У адпаведнасці з Канстытуцыяй, Беларусь была аб'яўлена прэзідэнцкай рэспублікай. А ўжо 23 чэрвеня 1994 года адбыліся першыя ў суверэннай дзяржаве выбары Прэзідэнта. «Па вялікаму рахунку, мы галасуем не столькі за канкрэтных асоб, колькі «за» ці «супраць» незалежнага існавання дзяржавы, «за» ці «супраць» таго, каб заставацца гаспадарамі сваёй зямлі і свайго лёсу», — пісала ў гэты час «Звязда».
У другім туры выбараў, які адбыўся 10 ліпеня 1994 года, большасцю галасоў (амаль 80% грамадзян) быў абраны першы Прэзідэнт незалежнай Беларусі — Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, падчас перадвыбарнай кампаніі Аляксандр Рыгоравіч неаднойчы бываў у рэдакцыі нашай газеты. Адказваў на пытанні журналістаў, гутарыў з насельніцтвам падчас прамых ліній.
Па ініцыятыве першага Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі 14 мая 1995 года быў праведзены першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум. Па выніках галасавання, была зацверджана новая дзяржаўная сімволіка, руская мова нароўні з беларускай атрымала статус дзяржаўнай. Таксама Прэзідэнт атрымаў падтрымку народа, накіраваную на эканамічную інтэграцыю з Расіяй, права на датэрміновы роспуск парламента.
Другі ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум адбыўся 24 лістапада 1996 года. Большасць людзей прагаласавала за перанос Дня Незалежнасці з 27 ліпеня (у гэты дзень у 1990 годзе была прынята дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР) на 3 ліпеня, калі ў 1944-м Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але народ не адобрыў свабодную, без абмежаванняў, куплю-продаж зямлі і адмену смяротнага пакарання.
«Дык будзем жа сапраўды мудрым народам, — заклікаюць карэспандэнты «Звязды» ў лістападзе 1996 года. — Не дадзім сябе ашукаць. Выйдзем на рэферэндум і зноў падтрымаем Прэзідэнта, бо мы ў ім не памыліліся. Прымем такую Канстытуцыю, якая нам патрэбна, змяніць якую без нашай згоды нікому і ніколі не дазволім, бо мы, народ Беларусі, як вырашым, так і будзе».
Народы-браты
Напэўна, няма бліжэйшых народаў у свеце, чым беларусы і расіяне. І ў першую чаргу мы даказалі гэта падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ больш зблізіла абодва народы Дамова аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі, падпісаная прэзідэнтамі дзвюх краін 2 красавіка 1997 года. З таго часу 2 красавіка адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Яшчэ больш блізкімі адносіны паміж двума брацкімі народамі сталі пасля таго, як 8 снежня 1999 года ў Маскве была створана Саюзная дзяржава.
«Расія і Беларусь... Не палічы, чытач, за гучныя словы, але скажу: няма больш у свеце двух народаў, узаемаадносіны паміж якімі былі б такімі цеснымі, шчырымі і залежнымі адзін ад аднаго, — сведчыць тагачасная «Звязда». — Лёсы рэспублік, а цяпер — суверэнных дзяржаў — такія падобныя! І, разам з тым, — своеасаблівыя і непаўторныя. Цяпер жа, дабіўшыся, у рэшце рэшт, свабоды і незалежнасці, нам тым больш нельга аднаму без другога».
Няўдалы тэракт і водгулле Чарнобыля
«Такога Мінск не памятае: у цэнтры сталіцы заложнікамі тэрарыста сталі дзеці», — з такіх слоў пачынаецца нумар «Звязды» за 12 чэрвеня 1996 года. Нагадаем, за дзень да гэтага была здзейснена першая спроба тэракта ў Беларусі. Мужчына ўварваўся ў адзін з мінскіх садкоў і захапіў у якасці заложнікаў дзяцей, пагражаючы выбуховым устройствам. На шчасце, праваахоўныя органы аператыўна адрэагавалі, таму абышлося без ахвяр.
Не знікае з газетных публікацый Чарнобыльская трагедыя. Выбух на ЧАЭС 26 красавіка 1986 года, які стаў найбуйнейшай катастрофай у гісторыі атамнай энергетыкі, будзе нагадваць пра сябе яшчэ многія дзесяцігоддзі, пакуль не адбудзецца распад апошніх радые-
актыўных рэчываў.
«Нельга без болю ў сэрцы перадаць уражанні, якія вярэдзяць душу, калі наведваеш мясціны, пакалечаныя на доўгія-доўгія гады злавесным Чарнобылем, — пішуць карэспандэнты «Звязды» ў жніўні 1991 года. — Сумная, страшная цішыня на дзясяткі кіламетраў, ніводнага чалавека ні ў полі, ні ў лесе, выбітыя шыбіны ў пакінутых хатах, што нібыта раптам згорбіліся, пастарэлі без клапатлівых людскіх рук».
Чарнобыльскай тэме «Звязда» ўдзяляе асаблівую ўвагу. Створана рубрыка «Чарнобыльскі дзённік», у свой час выходзіў нават спецвыпуск газеты і Дзяржкамчарнобыля Беларусі, які так і называўся «Чарнобыль». Мэтр беларускай фотажурналістыкі, які дагэтуль працуе ў «Звяздзе», Анатоль Кляшчук, стварыў не адну серыю фотарэпартажаў.
Вераніка КАНЮТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] mailto:kаnуutа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/zvyazdze-100-god