Больш за 100 кніг прадставяць беларускія выдаўцы на Пекінскай міжнароднай кніжнай выставе, паведаміла начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава.
Гэта літаратура 2016-2017 гадоў выпуску выдавецтваў "Беларусь", "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", "Мастацкая літаратура" і іншых. На Нацыянальным стэндзе "Кніга Рэспублікі Беларусь" можна будзе ўбачыць выданні пра пісьменнікаў, чые юбілеі святкуюцца ў гэтым годзе. Наведвальнікі пазнаёмяцца са Скарыніянай: творы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і Францыску Скарыну, зоймуць ключавое месца ў экспазіцыі. Цікавасць гасцей нацыянальнага стэнда выклічуць падручнікі кітайскай мовы, якія выпускаюцца ў Беларусі.
Беларускія і кітайскія кнігавыдаўцы ўжо шмат гадоў супрацоўнічаюць, ажыццяўляюць розныя праекты, адзін з якіх - узаемныя пераклады твораў. Так, у 2015 годзе выдавецкі дом "Звязда" пачаў выпуск серыі кніг перакладаў кітайскай паэзіі на беларускую мову - "Светлыя знакі: паэты Кітая". За гэты час выпушчана 9 паэтычных зборнікаў. Іх аўтары - Ван Вэй [1], Ду Фу [2], Лі Бо [3], Ай Цын [4], Лі Хэ [5], Ван Гачжэнь [6], Лі Цынчжаа [7], Мэн Хаожань, Сюй Чжыме. Кніга вершаў Сюй Чжыме выйшла літаральна перад паездкай у Кітай і на Пекінскай выставе зборнік прэзентуюць гасцям.
Акрамя таго, будуць прадстаўлены манаграфія маладога кітаіста Валянціна Дубовіка "Беларусь - Кітай: на шляху ўсебаковага супрацоўніцтва", зборнік публіцыстычных нарысаў "Беларусь вачыма кітайцаў", кніга "Беларуска-кітайскія адносіны ва ўспамінах беларускіх паслоў", манаграфія вучонага-міжнародніка кандыдата гістарычных навук Віктара Герменчука "Кітай. Крылы Цмока" - пра еўрапейскі ўспрыманні мадэлі кітайскага дзяржаўнага ўладкавання. А выдавецтва Беларускага тэлеграфнага агенцтва падрыхтавала і выпусціла кнігу нарысаў "Кітай вачыма беларусаў". Дарэчы, і гэта кніга, і зборнік "Беларусь вачыма кітайцаў" спачатку былі выдадзеныя на кітайскай мове і добра знаёмыя кітайскаму чытачу.
Як адзначыла Алена Паўлава, актыўнае супрацоўніцтва з кітайскімі пісьменнікамі і публіцыстамі вядуць беларускія дзяржаўныя літаратурна-мастацкія часопісы. Толькі ў апошнія гады ў Мінску выдадзены спецыяльныя нумары часопісаў "Маладосць" [8] (тры выпускі), "Полымя" [9] (дзе пастаянна публікуюцца пераклады кітайскай паэзіі на беларускую мову), падрыхтаваны "кітайскі выпуск" часопіса "Бярозка" [10], прысвечаны сучаснай дзіцячай літаратуры Кітая.
Яшчэ адзін творчы праект прадстаўлены на стэндзе Беларусі: са студзеня 2017 года выходзіць грамадска-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс "Беларусь" на кітайскай мове.
На Пекінскай міжнароднай кніжнай кірмашы, якая пройдзе з 23 па 27 жніўня, чакаецца 2 тыс. 500 экспанентаў з 89 краін і рэгіёнаў. Гэта найбуйнейшая кніжная выстава ў Азіі будзе праводзіцца ў 24-ы раз.
БЕЛТА [11]
Спасылкі
[1] http://old3.zviazda.by/kniga/vej-van
[2] http://old3.zviazda.by/kniga/fu-du
[3] http://old3.zviazda.by/kniga/bo-li
[4] http://old3.zviazda.by/kniga/vodar-stoenaga-lesu
[5] http://old3.zviazda.by/kniga/pesnya-bambukavaj-flejty
[6] http://old3.zviazda.by/kniga/melodyi-adkrytaga-serca
[7] http://old3.zviazda.by/kniga/most-ceraz-mlechny-shlyax
[8] http://zviazda.by/be/edition/maladosc
[9] http://zviazda.by/be/edition/polymya
[10] http://zviazda.by/be/edition/byarozka
[11] http://www.belta.by
[12] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[13] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[14] https://zviazda.by/be/tags/knigi