Лаўрэатам міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" стаў беларускі вучоны-філолаг, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Саверчанка, паведамілі ў прэс-службе НАН.
Іван Саверчанка ўдастоены звання лаўрэата згодна з рашэннем Савета па прысуджэнні міждзяржаўнай прэміі "Зоркі Садружнасці" за 2016 год. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбудзецца ў Маскве. Дата ўзнагароджання ўдакладняецца.
Іван Саверчанка - вядомы вучоны-філолаг, аўтар шматлікіх гістарычных аповесцяў і эсэ пра значных асоб мінулага Беларусі. Яго кнігі шырока выкарыстоўваюцца для навучання студэнтаў краін СНД. Іван Саверчанка - аўтар 114 навуковых публікацый па праблемах філалогіі, гісторыі і філасофіі, у тым ліку васьмі манаграфій. Ён падрыхтаваў сем выданняў помнікаў беларускага пісьменства і славеснасці ад X да першай паловы XX стагоддзяў, якія былі ўпершыню сабраны разам і адаптаваныя для рускамоўнага чытача.
Прэмія "Зоркі Садружнасці" заснавана Саветам па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў СНД і Міждзяржаўным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД. Яна прысуджаецца штогод за найбольш значныя поспехі ў сферы гуманітарнай дзейнасці, якія адпавядаюць узроўню сусветных дасягненняў і спрыяюць развіццю як кожнай з краін СНД, так і Садружнасці ў цэлым. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях: за дасягненні ў галіне навукі і адукацыі, культуры і мастацтва, а таксама ў гуманітарнай дзейнасці. У кожнай з трох намінацый прысуджаецца да трох прэмій.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/ivan-saverchanka-0