Не так даўно на тэрыторыі нашага Мілевіцкага сельсавета, дакладней — у Іёвічах, адбылося свята вёскі. Яно атрымалася вельмі рознабаковым: аддалі даніну памяці загінулым, адкрылі памятны знак, падрыхтавалі канцэртную праграму — пры гэтым аб'ядналі некалькі пакаленняў, паклікалі нават тых, хто не быў на Радзіме дзясятак-другі гадоў. Але аб усім па парадку.
У мінулым годзе падчас упарадкавання могілак Вольга Пятроўна Чопчыц прапанавала аднасяльчанам ушанаваць памяць сваякоў, загінулых у часы Вялікай Айчыннай вайны — тых, каго спалілі ў хляве 15 лютага 1943 года. Тым больш, што сярод загінулых былі яе дзед і яго сям'я... Вяскоўцы не засталіся абыякавымі. Грошы ахвяравалі хто колькі мог. У выніку побач з могілкамі быў адкрыты манумент памяці, з'явілася лампадка і шыльдачка, куды пайменна ўпісалі прозвішчы ўсіх загінулых мірных жыхароў вёскі Іёвічы.
Людскі паток быў падобны да руху невялікай рачулкі. Сярод прысутных быў і чалавек, які помніць той жудасны дзень і нават дапамагаў хаваць рэшткі чалавечых цел, спаленых карнікамі — Вольга Кірылаўна Катовіч. Яе шчымлівы расказ слухалі затаіўшы дыханне. Пазней айцец Дзмітрый асвяціў гэтае месца і правёў паніхіду.
Потым, на імправізаванай сцэне, упрыгожанай вышыўкамі, лялькамі, прадметамі хатняга ўжытку, пачалося прадстаўленне...
Свята працягвалася да поўначы. Былі песні, танцы, юшка, сустрэчы з далёкімі і блізкімі сваякамі. Вось так гісторыя маленькага куточка аб'яднала людзей, прымусіла паверыць, што агульнымі намаганнямі можна зрабіць многае. А ад сябе хочацца сказаць усім вяскоўцам вялікі дзякуй, пажадаць доўгага жыцця, цярпення і вытрымкі.
Тамара ТРАФІМОВІЧ, кіраўнік спраў Мілевіцкага сельвыканкама Жыткавіцкага раёна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/iyovichy
[4] https://zviazda.by/be/tags/svyata-vyoski
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[6] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne