Галоўную — ордэн Чырвонай Зоркі — жыхар Бабруйска, на жаль, так і не атрымаў. Ён нават падумаць не мог, што тады, у лютым 1945-га, адным з першых пераправіўшыся на супрацьлеглы бераг ракі Пасарге (ва Усходняй Прусіі) і адбіваючы контратакі праціўніка, здзяйсняе, як сёння прынята казаць, подзвіг...
Выконваць пастаўленую задачу, абараняючы таварышаў, хоць і цаной уласнага жыцця, — справа сапраўднага салдата. Якаву Чыстабаеву ў тым баі на шляху да Берліна нават пашанцавала: ён быў толькі паранены. Відаць, з-за гэтага своечасова і не атрымаў заслужаную ўзнагароду. Радавы Перамогі нават не ведаў аб яе існаванні.
Затым былі пасляваенныя клопаты — не да ўзнагарод. Амаль усе мужчыны, якіх пашкадавала вайна, вярнуліся дамоў героямі. Але не прынята неяк было выхваляцца. Ордэны і медалі хавалі куды далей, каб яшчэ адзін напамін аб тым жудасным, што давялося перажыць, не трывожыў душу.
Цяпер інакш. Ветэраны адзін за адным сыходзяць у іншы свет. І так хочацца, каб яны расказалі яшчэ што-небудзь пра вайну — тое, чаго не знойдзеш ні ў адным падручніку па гісторыі, чаго не паведаміць нават самы дасведчаны навуковец. Вось і імкнецца сённяшняя моладзь распытаць гэтых пасівелых дзядкоў ды бабуль, пакуль яшчэ не позна. Калі ж час страчаны, ідуць у архівы, а цяпер — і на спецыяльныя інтэрнэт-рэсурсы, каб даведацца, кім іх продак быў на вайне, за што атрымаў узнагароды, якія, як самая каштоўная рэліквія, захоўваюцца ў сем'ях.
Узнагароду адшукала праўнучка
Дар'я, праўнучка Якава Чыстабаева, з аповедаў бабулі ведала, што яе прадзед прайшоў фінскую вайну, абараняў сваю Радзіму на франтах Вялікай Айчыннай, ваяваў з японцамі на Далёкім Усходзе. Але ніхто ў сям'і не змог адказаць, за што канкрэтна атрымаў узнагароды, якія пры жыцці ўпрыгожвалі прадзедаў кіцель. Як ні дзіўна, дапамог інтэрнэт.
— Вельмі хацелася даведацца, за які подзвіг быў уручаны той жа медаль «За адвагу», — расказвае праўнучка ветэрана. — Дзякуючы электроннаму банку дакументаў «Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне» высветлілася, што Якаў Пятровіч першы ўварваўся ў траншэю да ворага і са свайго аўтамата забіў восем нямецкіх салдат і афіцэраў.
Знайшла дзяўчына апісанні подзвігаў і на іншыя прадзедавы ўзнагароды. Нават на тую, што, як аказалася, сярод сямейных рэчаў ніколі не было. Нічога не ведала пра ордэн Чырвонай Зоркі і бабуля, дачка франтавіка.
— Бацька мала расказваў пра вайну, — прызнаецца Клаўдзія Якаўлеўна. — Усе тады ваявалі. На фронце былі і два яго браты. Прайшлі ўсю вайну. Вярнуліся. Не хацелі нічога пра сябе расказваць: сціплыя былі. Пра прысвоены, але не ўручаны ордэн, мы ніколі не чулі.
Каб даведацца ісціну, Клаўдзія Чыстабаева вырашыла звярнуцца ў мясцовы ваенкамат. Завязалася перапіска з Цэнтральным архівам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Аказалася, што сапраўды, ордэн Чырвонай Зоркі яе бацьку прысвоілі, але з невядомых прычын уручаны ён так не быў.
На днях гэтую памылку выправілі. Падчас урачыстай цырымоніі ў ваенным камісарыяце горада Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў нашчадкі Якава Чыстабаева атрымалі пасведчанне аб узнагароджванні. Сам ордэн захоўваецца ў архіве — такія правілы сённяшняга часу.
Знайсці і ўвекавечыць
За апошнія тры гады ваенным камісарыятам горада Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў было знойдзена і перададзена ветэранам, а таксама іх сваякам больш як дзесяць узнагарод самага рознага статусу. Тройчы, прычым за дастаткова кароткі перыяд, давялося засведчыць гэтыя важныя падзеі для кожнай з сем'яў у журналісцкі блакнот.
— Нядаўна ўпраўленнем па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл у ваенкамат былі перададзены 17 імянных медальёнаў разам з астанкамі, знойдзеныя апошнім часам пры пошукавых работах на тэрыторыі Бабруйшчыны, — расказвае вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійным забеспячэнні ваеннага камісарыята Вольга БАКІЦЬКО. — Астанкі вайскоўцаў Другой сусветнай ужо перапахаваны. Засталося адшукаць сваякоў загінулых воінаў: гэтыя ўкладышы павінны захоўвацца ў сем'ях.
Пытанне ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны з'яўляецца адным з прыярытэтных у рабоце ваеннага камісарыята Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў. Па словах ваеннага камісара палкоўніка Аляксея БЕРАЗОЎСКАГА, гэтаму спрыяе сама гісторыя мясцовасці. «Роўна тры гады Бабруйскі раён быў пад акупацыяй, нямала бабруйчан пайшло на фронт, — гаворыць ваенны камісар. — На тэрыторыі раёна сёння актыўна вядуцца пошукавыя работы, ды і нашчадкі пераможцаў сталі больш цікавіцца гісторыяй сваёй сям'і. Мы ім толькі дапамагаем аднавіць гэтыя «белыя плямы».
Дарэчы, у Аляксея Беразоўскага яшчэ жывы дзед-ветэран. Анатоль Мікалаевіч Сотнікаў, якому сёння 95 гадоў, прайшоў усю вайну. Пачынаў гэты небяспечны шлях кіроўцам на Ладазе, змагаўся на палях Сталінграда, браў Кёнігсберг, вайну скончыў у Чэхаславакіі. Працягваў насіць пагоны і ў мірны час. Цікава, што прадзед ваеннага камісара служыў у царскай арміі, бацька сышоў у запас у званні падпалкоўніка.
Ёсць кім ганарыцца і Вользе Бакіцько. Штогод на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці ў яе дзядулі, Льва Абрамавіча Кацмана, збіраецца ўся сям'я. Удзельнік Вялікай Айчыннай, маёр запасу ўжо праўнукам расказвае, як кавалася Перамога ў тыле.
Такім чынам, супрацоўнікі ваеннага камісарыята добра ведаюць, што значыць для нашчадкаў знайсці свайго гераічнага продка альбо даведацца нешта новае пра яго лёс. Калі ў апошніх гараць вочы ад сустрэчы (хоць часам і не фізічнай) альбо ад таго, што дакранаюцца да невядомых дагэтуль эпізодаў з гісторыі сваёй сям'і, значыць яны робяць сваю справу недарэмна.
Вераніка КАНЮТА
г. Бабруйск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kanyuta@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyo
[7] https://zviazda.by/be/tags/orden-chyrvonay-zorki
[8] https://zviazda.by/be/tags/saldat