У сярэдзіне сакавіка на вадасховішча Лошыцкага парку ў Мінску прыляцела рэдкая для нашых шырот птушка – белашчокая казарка (Branta leucopsis). Бадай, гэта першы выпадак, каб асобіна з сямейства качыных не толькі падчас вясновага пралёту і не зважаючы на пару года, прызямлілася менавіта ў нашай сталіцы. Магчыма, гэты факт застаўся б незаўважаным, калі б малады бёрдвотчар, мінчук Максім Дадычын не выйшаў на чарговую прагулку ў парк з біноклем і фотаапаратам. Пра сваю знаходку прыродалюб паведаміў арнітолагам і супрацоўнікам грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якія і пацвердзілі від крылатай незнаёмкі.
“Адбілася ад чарады, выбілася з сіл ці проста ёй спадабалася месца, дзе зліваюцца Свіслач і Лошыца?" – гадаюць сталічныя аматары прыроды, не разумеючы, якім чынам паўночная госця апынулася на ўскрайку мегаполіса. Магчыма, у гэты час міграцыйныя шляхі белашчокіх казарак праходзяць якраз над нашым горадам.
Вядома, што белашчокая казарка засяляе паўночную Атлантыку, гняздзіцца на ўсходнім узбярэжжы Грэнландыі і на выспах Шпіцберген, Новая Зямля і Вайгач. Але на зімоўку птушка ляціць на паўночны захад Еўропы (Брытанскія астравы, Нідэрланды). Раней мне ўжо даводзілася назіраць і здымаць чараду казарак у час адпачынку на вясновым поплаве – гэта было на ўзбярэжжы ракі Стыры ў Столінскім раёне. Значыць, белашчокія казаркі пралятаюць і над нашай краінай! Казарка з аднаго вандруючага кліна і апусцілася на хвалі Лошыцкага возера.
Паглядзець на незвычайную госцю ў парк спяшаюцца фотааматары, арнітолагі і проста адпачываючыя людзі. Яно зразумела: калі яшчэ трапіцца такі незвычайны выпадак.
Птушка адрозніваецца ад іншых родзічаў сваёй афарбоўкай: галава спераду белая, чорны колер утварае шапачку і пераходзіць у шыю і грудку, тулава белае з шэрымі пёркамі, а спіна і крылы папялістыя. Шкада, што па апярэнні цяжка вызначыць, якога полу гэтая асобіна, – у белашчокіх казарак палавы дымарфізм адсутнічае.
Усім цікава: прыжывецца птушка на нашай тэрыторыі ці ўсё-такі паднімецца на крыло і працягне свой маршрут? А пакуль прыгажуня шчыпае маладую траву на невялікім востраве пасярод возера і па-ранейшаму трымаецца асобна ад качак-крыжанак і чаек. Калі побач з незнаёмкай на лужку аказваюцца качкі, казарка шыпіць на іх, палохае, раскрывае чорную дзюбу, паказваючы ружовы язык.
Нягледзячы на шматлікіх наведвальнікаў парка, якія шпацыруюць уздоўж берага, птушка ўсё-такі паспявае папасвіцца на першых парастках маладой травы. Блізка да сябе яна не падпускае і, калі адчувае небяспеку, хутка пералятае на ваду.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ptushki-0
[2] https://zviazda.by/be/tags/fotapoglyad
[3] https://zviazda.by/be/tags/fotarepartazh
[4] https://zviazda.by/be/tags/loshycki-park
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/rodnaya-pryroda