У Кітаі ў Другім Пекінскім дзяржаўным універсітэце замежных моў працуе цэнтр культуры Беларусі.
Тут не абмяжоўваюцца імпрэзамі, мерапрыемствамі з нагоды беларускіх свят. Цікаўныя да Беларусі студэнты, магістранты, выкладчыкі рэалізуюць іншыя праекты, звязаныя з даследаваннямі ў галіне беларусай культуры, мастацтва, літаратуры. Адзін з іх — стварэнне серыі кніг, звязаных з біяграфіямі знакамітых асоб Беларусі. Першы зборнік, над якім у якасці аўтараў працуюць магістранты факультэта рускай мовы (зразумела, асобнага факультэта беларускай мовы і літаратуры ва ўніверсітэце не існуе), — кніга пра беларускіх пісьменнікаў. Пад адной вокладкай сабраны нарысы пра жыццё і творчасць майстроў прыгожага пісьменства з розных часін.
— У якасці асоб, чыю творчасць, чыю жыццёвую біяграфію мы разглядаем, — расказвае доктар філалагічных навук спадарыня Чжан Хуэйцінь, — мы выбралі Францыска Скарыну, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Святлану Алексіевіч. Акрамя гэтага, мы плануем правесці ў лістападзе міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную Беларусі. Спадзяёмся на ўдзел у ёй і навукоўцаў, студэнтаў з Мінска і гарадоў вашай краіны.
Варта нагадаць, што ў Кітаі раней выходзілі асобныя кнігі Янкі Купалы і Якуба Коласа. З 1990 года выдадзены ці не ўсе кнігі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч. «Цынкавыя хлопчыкі» ў перакладзе Гаа Мана перавыдаваліся, дарэчы, неаднойчы. Перакладчык і каліграф Гаа Ман у розныя гады намаляваў партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Святланы Алексіевіч.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/zamezhnaya-mova
[5] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[6] https://zviazda.by/be/tags/pismennik