Нашы сённяшнія студэнты, кім бы яны ні былі ўчора: медалістамі, удзельнікамі ці пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд або проста звычайнымі вучнямі, — маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, становяцца ініцыятарамі і выканаўцамі многіх факультэцкіх, агульнаўніверсітэцкіх, гарадскіх і абласных мерапрыемстваў, бяруць удзел у валанцёрскім руху і гэтак жа, як некалі і мы, мараць, што абавязкова зменяць свет да лепшага.
Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова — адна з першых вышэйшых навучальных устаноў у рэспубліцы. Створаны ў 1934 годзе на базе літаратурналінгвістычнага аддзялення, якое дзейнічала з 1918 года, філалагічны факультэт доўгі час быў самастойнай структурнай адзінкай (з 1934 па 1956 гг. — факультэт мовы і літаратуры; з 1956 па 1998 гг. — філалагічны факультэт; з 1998 па 2015 гг. — факультэт славянскай філалогіі, з 2015 г. — гісторыка-філалагічны факультэт).
Асноўным напрамкам дзейнасці факультэта заўсёды была падрыхтоўка педагагічных кадраў — настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікаў рускай мовы і літаратуры. З 1995 года пачалася падрыхтоўка настаўнікаў замежнай мовы — англійскай, нямецкай і ў 1997 годзе — французскай, што стала падставай для вылучэння ў 1998 годзе з саставу філалагічнага факультэта самастойнага факультэта замежных моў (цяпер — факультэт рамана-германскай філалогіі). Да таго ж у 2002 годзе распачалася падрыхтоўка журналістаў. Штатны склад спецыялістаў-філолагаў мае 73 % выкладчыкаў з вучонымі ступенямі і званнямі.
Каля 30 год на факультэце рэгулярна ладзіцца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Куляшоўскія чытанні». У межах гэтай канферэнцыі, а таксама з дапамогай асобных мерапрыемстваў ушаноўваюцца выкладчыкі, якія зрабілі ўнёсак у развіццё беларускага і рускага мовазнаўства. Больш за 10 гадоў арганізоўваюцца літаратурныя імпрэзы — своеасаблівае падагульненне вывучэння творчасці пісьменнікаў (Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, М. Багдановіча, Ф. Аляхновіча ды інш.). На факультэце дзейнічае літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Натхненне» і літаратурна-мастацкі салон, гісторыя якіх налічвае дзясяткі гадоў. Ім папярэднічаў літаратурны гурток, які працаваў на факультэце яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Літаратурны гурток адкрыў шлях у вялікую літаратуру В. Матэвушаву, М. Гарулёву, Э. Валасевічу, П. Шасцерыкову ды інш.
Намаганнямі прэс-службы студэнтаў-журналістаў рэалізуюцца наступныя праекты: электронная газета «Наша версія», якая была прызнана найлепшай студэнцкай газетай Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Журналістыка» ў 2014 і 2016 гг.; дыскусійны журналісцкі клуб «Падземка»; відэанавіны ўніверсітэта, якія маюць больш за паўтары тысячы падпісчыкаў; літаратурны клуб «Апошні экзэмпляр».
Даўняя філалагічная традыцыя — сустрэчы з пісьменнікамі, дзе абмяркоўваюцца новыя літаратурныя творы, арганізуюцца прэзентацыі кніг, творцы дзеляцца развагамі пра літаратуру і мастацтва, творчымі планамі. З пачаткам падрыхтоўкі спецыялістаў для друкаваных сродкаў масавай інфармацыі пастаяннымі гасцямі факультэта сталі майстры публіцыстыкі, вядомыя журналісты.
Іншагароднія студэнты філалагічнага аддзялення факультэта абавязкова забяспечваюцца інтэрнатам, які знаходзіцца на адной з найстарэйшых вуліц горада — так званым Магілёўскім Арбаце — пешаходнай вуліцы Ленінскай.
Вольга ШАРШНЁВА, загадчык кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства МДУ імя А. А. Куляшова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mdu-imya-kulyashova