Міжнародны фестываль «Славянскае адзінства—2017» 48-ы раз сабраў сяброў. Гэтым разам — у Клінцах Бранскай вобласці.
Традыцыю пачынаць свята з набажэнства не парушалі і на гэты раз. Прадстаўнікі трох краін, а таксама Сербіі, прынялі ўдзел у Літургіі і асвячэнні купала і званоў кафедральнага Багаяўленскага сабора, які налета плануюць дабудаваць.
Аляксандр Багамаз, губернатар Бранскай вобласці, адзначыў, што фестываль «Славянскае адзінства» дагэтуль не страціў свайго значэння, а стаў яшчэ больш прадстаўнічым:
— Самае галоўнае, ён надае новы імпульс супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі ў імя вялікіх спраў нашых продкаў. А яны казалі: нельга забывацца, што пры аб'яднанні і малое расце, а пры разладзе і вялікае распадаецца.
Гэтую думку падхапіў старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка, які пажадаў, каб агульныя вытокі славян нагадвалі пра неабходнасць жыць у згодзе:
— Вельмі важна, каб гэта гістарычнае сваяцтва захавалі нашы дзеці. Моладзь — наша надзея, апора, ад якой залежыць будучыня славянскай садружнасці і развіццё нашых дзяржаў.
«Даражэйшага і важнейшага за сяброўства ў свеце нічога няма. Толькі з ім можна пераадолець усе нягоды. Усім нам жадаю, каб Расія, Украіна, Беларусь былі моцнымі, незалежнымі і братэрскімі», — дадаў украінскі паэт Анатоль Міроненка.
Больш як 50 актывістаў БРСМ Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у міжнародным лагеры славянскай моладзі «Сяброўства-2017». Ён прайшоў на лясной паляне «Зацішынскі вадаспад» каля Клінцоў. У склад дэлегацыі ад Гомельшчыны ўвайшлі спартсмены, валанцёры, грамадскія актывісты, творчыя калектывы. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БРСМ Ігар Завалей кажа, што беларусаў прынялі на Браншчыне вельмі ветліва:
— Дэлегацыя Гомельшчыны была самай прадстаўнічай. Перамаглі мы ў футболе, дартсе, шматлікіх іншых спаборніцтвах, занялі другое месца па валейболе. Лідзіравалі ў шматлікіх творчых конкурсах. Былі вельмі карысныя стасункі моладзі прымежжа, завязаліся знаёмствы, кантакты.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іоst@zvіаzdа.bу [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:іоst@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavyanskae-adzinstva-2017
[5] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[6] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[7] https://zviazda.by/be/tags/brsm