Сёння ў Брэсце адзначылі 76-ю гадавіну пачатку вайны. Па традыцыі, якой ужо паўвека, на досвітку ў крэпасці прайшоў мітынг-рэквіем. Пасля ўрачыста-жалобнай цырымоніі адбылася маштабная рэканструкцыя падзей чэрвеньскага дня 1941 года. На ўсіх мерапрыемствах шмат гаварылася пра памяць, якая павінна аб'ядноўваць людзей у іх імкненні захаваць мір. На гэта накіраваная і канцэпцыя самага новага музея крэпасці. Экспазіцыя пад назвай «Музей вайны — тэрыторыя Міру», адкрытая роўна тры гады таму пры фінансавай падтрымцы расійскага «Газпрама» ў Паўднёва-ўсходняй казарме крэпасці, ужо ў назве сваёй захоўвае канчатковую і найвышэйшую мэту ўсёй работы.
Лічбы, факты, наведвальнікі
Варта сказаць, што музей гэты вельмі сучасны, знаёміцца з экспанатамі, дакументамі, звесткамі можна з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. Многія відовішчныя моманты ўражваюць, але не гэта галоўнае. Галоўнае — гісторыі, факты. Ну вось, напрыклад, экскурсавод прыводзіць такі факт для роздуму. Як вядома, у 41-м на вайну прызывалі ўжо юнакоў 1923 года нараджэння, тых, каму споўнілася васямнаццаць. Дык вось, са ста франтавікоў згаданага года нараджэння ў жывых застаўся толькі адзін...
Нават калі ні пра што болей не гаварыць, то адна толькі гэта лічба можа расказаць пра маштаб трагедыі і меру чалавечага гора, якое перажыў наш народ. Загадчыца экспазіцыі Алена ГРЫЦУК успамінае наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу, якія пабывалі тут год, два, а то дзесяць гадоў таму, але асабліва запомніліся. І ў першым шэрагу іх — турыст з Уладзівастока. Мужчына гадоў 50 вельмі ўважліва вывучаў надпісы на стэндах, з цікаўнасцю слухаў экскурсавода, задаваў пытанні. А потым расказаў, як яшчэ ў школьным дзяцінстве прачытаў кнігу Сяргея Смірнова пра Брэсцкую крэпасць. І гэты твор пакінуў такое моцнае ўражанне ў яго юнай душы, што тады нарадзілася мара пабываць тут, убачыць усё на свае вочы.
А яшчэ запомнілася сям'я з Екацярынбурга: бацька і дзве дзяўчынкі-школьніцы, яны хадзілі па аб'ектах Брэсцкай крэпасці гадзіны чатыры, а то і болей. Галава гэтай сям'і расказаў, што кожнае лета яны выбіраюцца ў нейкую мясціну, звязаную з гісторыяй былой вялікай радзімы.
І зусім нядаўна вось у гэтым музеі Алену Яўгенаўну здзівіла група не зусім звычайных экскурсантаў — навучэнцаў Кобрынскай дзіцячай вёскі. Нярэдка школьнікі падчас экскурсій бываюць не вельмі ўважлівыя, а гэтыя так захоплена слухалі! Было відаць, што ім цікава, яны перапытвалі, вярталіся да экспанатаў, якія іх нечым здзівілі ці ўразілі.
Трагедыя палону
У дзвюх залах музея прадстаўленыя матэрыялы па трагедыі палону. Пры ўваходзе ў адну з іх нас сустракаюць вязні — манекены, апранутыя ў «форму» палонных. Усе ўзоры адзення сапраўдныя, прывезеныя з розных лагераў. І фотаздымкі, і лёсы... Некалькі ваенных урачоў, што ў лагеры «Рэвір» і іншых лагерах ратавалі жыцці параненым, хворым таварышам, рабілі паспяховыя аперацыі, можна сказаць, у антысанітарных умовах. Адзін з урачоў, які на фотаздымку з прыгожай малой дачушкай, не вытрымаў жудасных умоў і атмасферы прыніжэння, скончыў жыццё самагубствам. Такіх было нямала. І ніхто ім — не суддзя. Дастаткова паглядзець карціну Анатоля Каралёва «Фашысцкая цывілізацыя», якую аўтар падарыў музею. Ён сам прайшоў цераз палон. Пачаў пісаць работу яшчэ там, у лагеры. Эскізы рабіў кіёчкамі на пяску. Потым нехта даў шматок паперы і агрызак алоўка. Зарысоўваў фрагменты на паперы, потым скручваў яе і хаваў пад каўняром. Бо каб знайшлі, замалёўкі маглі б дорага абысціся аўтару. А потым, калі ўсё гэта скончылася, доўгія гады не мог сабрацца з духам, каб завяршыць карціну. З часам вырашыў, што гэта яго абавязак. І дапісаў работу. Ад эскізаў да завяршэння прайшло 29 гадоў.
Гістарычны здымак
У многіх альбомах, буклетах, прысвечаных вайне і абароне Брэсцкай крэпасці, ёсць рэпрадукцыя фотаздымка Міхаіла Ананьіна пачатку 60-х гадоў, на якім чалавек без нагі прыпадае да муроў крэпасці. На гэтым здымку Уладзімір Фурсаў. У гарнізоне крэпасці ён праходзіў тэрміновую службу, калі пачалася вайна. У першыя дні быў цяжка паранены, рухацца не мог. Па гэтай прычыне трапіў у палон. Яго прывезлі ў лагер «Рэвір» пад самым Брэстам. Там пачалася гангрэна. Ваенурач Іван Махавенка правёў ампутацыю нагі. Потым бязногага салдата перавялі ў лагер пад Бялай Падляскай, былі іншыя лагеры. Вызвалілі Фурсава толькі ў 1945 годзе. Пасля лячэння ў шпіталі салдат накіраваўся дадому. Выйшаў з цягніка і на пероне ўбачыў маці. Яна памкнулася да яго... і назвала Георгіем. Так звалі малодшага брата. «Я ж твой старэйшы, Уладзімір, мама», — паспеў вымавіць, і маці страціла прытомнасць. Яна атрымала па сутнасці пахавальную, ліст з паведамленнем, што сын прапаў без вестак. А на вакзал прыйшла сустракаць малодшага — Жору. Яны былі вельмі падобныя, да таго ж абодвух не бачыла столькі гадоў. Маці апрытомнела, абняла сына, а калі праз пару гадзін прыбыў іншы поезд і на перон выйшаў Георгій, маці ўбачыла, што ў малодшага няма левай нагі. Такім чынам, абодва яе сыны вярнуліся, на дваіх у іх было дзве нагі...
Алена Грыцук гаворыць пра ўсплёск цікавасці маладога пакалення да падзей вайны. Па-першае, амаль ва ўсіх сем'ях ёсць дзед, прадзед, якія ваявалі. І нашчадкі імкнуцца даведацца пра родзіча больш, а заадно пра час і падзеі. Па-другое, у свеце надта неспакойна, войны не канчаюцца, іх становіцца больш. Значыць, чалавецтва неахвотна вучыцца ў гісторыі. Таму і патрэбныя музеі вайны як тэрыторыя міру хоць бы на прасторах асобна ўзятай чалавечай душы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:yackevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[5] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-krepasc