Вось скажыце, як можна прыйсці на цэнтралізаванае тэсціраванне з чужым пашпартам або ксеракопіяй уласнага пашпарта, таму што арыгінал знаходзіцца ў пасольстве? Або ўляцець у экзаменацыйную аўдыторыю літаральна ў апошнія секунды перад распячатваннем пакетаў з экзаменацыйнымі матэрыяламі? Але арганізатары ЦТ даўно і нічому не здзіўляюцца: такія кур'ёзы здараюцца штогод. Учора ў краіне стартаваў марафон пад назвай «цэнтралізаванае тэсціраванне», які завершыцца толькі ў ліпені...
Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт — адзін з 41 пункта правядзення ЦТ па краіне. Учора беларускую мову тут павінны былі здаваць 233 чалавекі. А ўсяго на гэты прадмет зарэгістраваліся сёлета 28 500 абітурыентаў. Для параўнання: тэсты па рускай мове плануюць пісаць 75 400 чалавек. У Лінгвістычным універсітэце абітурыентаў, якія пажадалі здаваць беларускую мову, размеркавалі па трох аўдыторыях, а для рускай мовы тут давядзецца задзейнічаць аж 17 аўдыторый... Па краіне пад рускую мову «забраніравалі» 1568 аўдыторый (пад беларускую — 555).
З улікам такой нешматлікасці прыхільнікаў роднай мовы на ўваходзе ў пункт правядзення ЦТ нешматлюдна. Чэргаў з абітурыентаў не назіраецца. Ліза Шэмет, выпускніца сталічнай гімназіі №4, прызнаецца, што выбрала для здачы на ЦТ чатыры прадметы, але ніякіх сумненняў, якую мову здаваць (беларускую ці рускую), не было. Кажа, што настаўніца беларускай у яе была добрая. Дзве спробы рэпетыцыйнага тэсціравання здала даволі ўдала, таму спадзяецца на высокі вынік і на галоўным іспыце. Цікавімся ў дзяўчыны, а што лепш здаваць: тэсты ці вусны экзамен? «Канешне ЦТ, бо ў гэтым выпадку ў цябе ёсць магчымасць і час, каб застацца сам-насам, сканцэнтравацца і падумаць. Кантроль, безумоўна, ёсць, але ён зусім іншы. А перад экзаменатарамі можна і разгубіцца», — не сумняваючыся адказвае Лізавета.
Самыя дысцыплінаваныя абітурыенты прыйшлі на экзамен яшчэ задоўга да 10 гадзін.
— Калі ласка, прад'яўляем дакументы: пашпарт і пропуск на ЦТ, — ветліва прапануюць арганізатары.
— Прабачце, але бацькоў мы не прапускаем. Чакайце дачку на вуліцы...
Дзве матулі побач скардзяцца адна адной: «Мая сказала, што прынцыпова не будзе даведвацца пра вынікі здачы ЦТ, пакуль не здасць усе тэсты. Каб не расстроіцца і не страціць надзею перад апошнім экзаменам...»
Заблукаць у незнаёмым будынку абітурыентам не даюць: калі патрэбна, то правядуць да самай аўдыторыі. Усіх просяць здаць непатрэбныя рэчы, і ў першую чаргу, мабільныя тэлефоны, у гардэроб. Перад уваходам у экзаменацыйную аўдыторыю зноў праверка дакументаў і строгі фэйс-кантроль: здаць ЦТ за суседа ці сябра не атрымаецца.
— У нас сёння адна з абітурыентак, якая жыве пад Мінскам, прыехала з пашпартам сваёй сяброўкі, — расказвае намеснік старшыні дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у МДЛУ, начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Віктар БУРЛО. — І калі яна не рэгістравалася на ЦТ па рускай мове, то хутчэй за ўсё, ёй давядзецца адкласці сваё паступленне на год, бо тлумачэнні «забыў ці пераблытаў» не лічацца ўважлівай прычынай для допуску да здачы ЦТ у рэзервовы дзень. Таму ўсім абітурыентам трэба быць максімальна ўважлівымі, а іх бацькам я параіў бы сваіх дзяцей пракантраляваць перад выхадам з дому. Экзамен — гэта вельмі сур'ёзна. Калі здаяце свае дакументы ў пасольства, падумайце загадзя, наколькі важнае для вас паступленне? Па ксеракопіі пашпарта, нават натарыяльна заверанай, мы нікога не прапускаем.
У 10.30 пераважная большасць абітурыентаў ужо занялі свае месцы. Сёлета размеркаванне абітурыентаў паміж аўдыторыямі крыху змянілася: калі раней дзейнічаў алфавітны прынцып, то цяпер — метад выпадковага выбару. Прыкладна ў гэты час адбываецца адзін з самых важных момантаў: на вачах у журналістаў арганізацыйная камісія разам з прадстаўнікамі Камітэта дзяржкантролю адчыняе сейф, куды ў 7.05 раніцы былі змешчаны матэрыялы цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта значыць, што члены дзяржкамісіі (а ў кожную з іх абавязкова ўваходзяць адзін-два члены Камітэта дзяржаўнага кантролю) заступілі на сваё дзяжурства сёння яшчэ раней — усё робіцца толькі ў іх прысутнасці. Дастаўкай жа ўсіх матэрыялаў ЦТ займаецца дзяржаўная фельд'егерская служба. Раптам... замінка — сейф не адчыняецца. Журналісты жартуюць: «Чакаецца сенсацыя». Ключ ад сейфа перадаюць старшыні дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, намесніку прэм'ер-міністра Васілю ЖАРКО. Яшчэ колькі секунд — і сейф, нарэшце, адчыняецца пад апладысменты журналістаў...
Пакеты пералічваюцца і правяраецца іх цэласнасць. Усе яны маюць сакрэтную стужку і іх немагчыма ўскрыць непрыкметна. Як толькі цэласнасць стужкі парушаецца, на ёй праступаюць схаваныя ад вачэй сімвалы. Да таго ж на кожным пакеце ёсць ярлычок, дзе нанесены нумар і штрых-код, што дазваляе ідэнтыфікаваць пакеты пры іх вяртанні з пунктаў тэсціравання ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. На кожную аўдыторыю запаўняецца акт, у якім пазначана не толькі колькасць бланкаў, але і іх нумары, таму чужыя бланкі апынуцца ў пакеце не могуць. Да таго ж і арганізатары ЦТ у аўдыторыі пацвярджаюць сваім подпісам, што менавіта гэты бланк знаходзіўся ў экзаменацыйнай аўдыторыі.
Дарэчы, перад уваходам у аўдыторыю ўвагу журналістаў прыцягвае стол са складзенымі на ім быццам бы бяскрыўднымі рэчамі: упрыгажэннямі, гадзіннікамі, бранзалетамі і «фенечкамі». Нам тлумачаць: «Тэхнічныя сродкі сувязі сёння настолькі дасканалыя, што мы асабіста не можам вызначыць, што можа быць схаванае ў тым ці іншым упрыгажэнні. І наколькі «разумны» той ці іншы гадзіннік. У экзаменацыйнай аўдыторыі на сцяне вісяць два гадзіннікі. Гэтага дастаткова, каб пракантраляваць свой час... А адну дзяўчыну мы адправілі мыць руку, на якой было штосьці напісана...» Спрабуем жартаваць: «Можа, гэта было заклінанне на ўдачу». І чуем у адказ: «Трэба спадзявацца толькі на свае веды...»
Да распячатвання пакетаў з бланкамі адказаў і тэстамі яшчэ ёсць час, і Васіль Жарко цікавіцца ў абітурыентаў, ці многія з іх будуць здаваць дзве дзяржаўныя мовы. Такое права ў абітурыентаў з'явілася ўпершыню. Высвятляецца, што ў аўдыторыі, разлічанай на 130 чалавек, — такіх большасць. А ці многія ні разу не здавалі рэпетыцыйнае тэсціраванне? Узняліся толькі некалькі рук. Другі год запар здаюць тэсты, як высветлілася, толькі некалькі чалавек. І абсалютная большасць абітурыентаў у аўдыторыі плануюць паступіць менавіта ў Лінгвістычны ўніверсітэт.
— Я жадаю ўсім здаць тэсты на максімальна высокія балы, якія дазволяць вам здзейсніць сваю мару, — кажа моладзі Васіль Жарко. — Прашу вас — толькі не спяшайцеся, не дапускайце крыўдных памылак у рабоце з бланкамі, з іх афармленнем.
За некалькі хвілін да 11 гадзін абітурыентам даюць апошнія кансультацыі:
— Пералік прадметаў, якія дазволена мець на рабочым месцы, строга абмежаваны: гэта пашпарт, пропуск і чорная ручка, — папярэджвае адказны арганізатар у аўдыторыі Дзмітрый ТУПІК. — Далей вы атрымаеце ад нас бланк, у які будзеце ўносіць толькі асабістыя звесткі і вашы адказы. Нічога лішняга там пісаць не дазваляецца. Як і ў бланку з педагагічнымі тэстамі. Для гэтага ўсім выдаюцца чарнавікі — у той колькасці, якая вам спатрэбіцца. Пішам тэст па цудоўнай беларускай мове дзве гадзіны. Хто справіцца раней, можа здаць свой тэст раней. Але за 15 хвілін да заканчэння ЦТ датэрміновая здача заканчваецца: я ўсіх пра гэта папярэджу. За пяць хвілін да заканчэння экзамену я вам пра гэта таксама нагадаю — гучна, але ласкава... Роўна праз дзве гадзіны ўсе кладуць свае ручкі, нічога не пішуць і па чарзе здаюць свае матэрыялы. Усё, што мы вам раздалі, спадзяёмся атрымаць назад. У тым ліку і чарнавікі... Пачаткам адліку часу, адведзенага на ЦТ, з'яўляецца час атрымання апошняга экзэмпляру педагагічнага тэста.
У 11.05 пакет з матэрыяламі цэнтралізаванага тэсціравання распячатваецца і ўсіх журналістаў просяць пакінуць аўдыторыю...
Што трэба ведаць удзельнікам ЦТ:
— На тэсціраванні абавязкова трэба мець з сабой арыгінал дакумента, які сведчыць асобу ўдзельніка ЦТ: гэта можа быць пашпарт, пасведчанне на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца ці даведка органаў унутраных спраў, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента. З ксеракопіяй пашпарта на ЦТ нікога не прапускаюць, як і з вадзіцельскім пасведчаннем.
— Пры атрыманні экзаменацыйных матэрыялаў абітурыент абавязаны пераканацца ў адпаведнасці нумара варыянта бланка адказаў нумару варыянта педагагічнага тэста. Абітурыент нясе адказнасць за захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў з моманту іх атрымання да моманту перадачы арганізатарам тэсціравання.
— Катэгарычна забараняецца фальсіфікаваць звесткі ў бланку адказаў у зоне рэгістрацыі. Таксама забараняецца перасаджвацца на іншае месца і мяняцца педагагічнымі тэстамі.
— У тым выпадку, калі самаадчуванне абітурыента рэзка пагоршыцца, гэты факт абавязкова павінен засведчыць медыцынскі работнік. З медыцынскай даведкай абітурыенту будзе дадзена магчымасць пераздаць гэту дысцыпліну ў рэзервовы дзень. Але падоўжыць тэрмін выканання тэставай работы арганізатары, якія прысутнічаюць у аўдыторыі, не маюць права.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа
[5] https://zviazda.by/be/tags/ct
[6] https://zviazda.by/be/tags/centralizavanae-tesciravanne
[7] https://zviazda.by/be/tags/abituryenty
[8] https://zviazda.by/be/tags/ekzamen
[9] https://zviazda.by/be/tags/pastuplenne
[10] https://zviazda.by/be/tags/minski-dzyarzhauny-lingvistychny-universitet