З 2011 года ў краіне працуе краўдфандынгавая пляцоўка з сімвалічнай назвай «Мае Сэнс». Галоўная мэта, з якой яна стваралася, — дапамагаць збіраць сродкі на рэалізацыю карысных для грамадства спраў. А самая цікавая частка задумы — той фармат, у якім праводзіцца пошук грошай.
Гэта адбываецца праз аўкцыён сустрэч. Любы чалавек можа прыдумаць цікавую тэму для яго і прапанаваць у агульным доступе. А ў астатніх ёсць магчымасць рабіць стаўкі на такі імправізаваны лот. Стваральнік сустрэчы таксама загадзя выбірае той сацыяльны праект, у дапамогу якому будуць пераведзены сабраныя грашовыя сродкі. Як і на любым аўкцыёне, пераможцам становіцца той, хто прапануе найбольшую суму за адведзены час. Да 80 працэнтаў грошай пераводзіцца таму праекту, які вырашыў падтрымаць арганізатар сустрэчы. А пераможца (ён жа пакупнік лота) атрымлівае абяцаны прыз. Фармат сустрэчы можа быць любы: ад класічнага «пачастую гарбатай ці кавай» да самых неспадзяваных і арыгінальных прапаноў накшталт «індывідуальны занятак па тэнісе», «пачастунак чырвонай і чорнай ікрой», «класічны масаж» і мноства іншых. Дзякуючы такому крэатыўнаму падыходу дапамагчы можа кожны, нават той, у каго для гэтага не хапае сродкаў, але ёсць вольны час.
На сайце пляцоўкі mаеsеns.bу [3] ўжо зарэгістравана больш як 85 тысяч карыстальнікаў, якія ахвяруюць свой вольны час ці грошы на добрую справу. Тут жа публікуецца справаздача: калі, куды і колькі грошай было пераведзена. Унесці ўклад вельмі проста: трэба азнаёміцца і пагадзіцца з правіламі, затым хуткая рэгістрацыя на сайце, запаўненне маленькай анкеты — і вы ўжо карыстальнік.
Мы пацікавіліся, што за людзі працуюць над падтрымкай гэтага праекта, і пазнаёміліся з адной з супрацоўніц пляцоўкі «Мае Сэнс» — Аляксандрай Касценка, якая пагадзілася адказаць на некалькі пытанняў.
— Раскажыце, як вы трапілі сюды?
— Раней я працавала трэнерам-адміністратарам нацыянальнай каманды краіны па пляжным валейболе. Сама работа мне падабалася, але кожны дзень не пакідала думка, што я магу рабіць нешта больш важнае і знакавае. Аднойчы мне патэлефанавала знаёмая і прапанавала паспрабаваць прайсці тут гутарку на працу, што я паспяхова і зрабіла праз некалькі дзён. З 1 красавіка 2016 года праект «Мае Сэнс» — мая асноўная і адзіная работа, якая прыносіць радасць кожны дзень. Я жыву ёй і прыходжу сюды з вялікім задавальненнем. А сама ідэя таго, што я працую з дабрачыннымі сацыяльна накіраванымі праектамі, натхняе з першага дня. Цяпер мой дэвіз «Маленькай дапамогі не бывае», бо кожны нават невялікі ўнёсак вельмі каштоўны.
— Вы самі выстаўлялі сустрэчы на аўкцыён?
— Напачатку было боязна: невядомА яшчэ, хто як успрыме тваю ідэю. Першай я вырашыла прапанаваць сустрэчу, звязаную з маім хобі: сумесную прабежку з індывідуальнымі рэкамендацыямі па бегу. Сустрэча прадалася за 50 рублёў. А потым ужо было зусім не страшна. Мне здаецца, што такі механізм збору сродкаў — гэта проста выдатная ідэя. У цябе не заўсёды ёсць грошы, каб дапамагчы, але часта ёсць час. І, калі ты бачыш, што гэты механізм працуе, разумееш, наколькі рэальна і проста дапамагаць.
— Раскажыце пра самы кранальны асабіста для вас момант, звязаны з праектам...
— Іх многа: малюнкі дзяцей, якім мы дапамаглі, іх лісты ў падзяку, шчаслівыя твары бацькоў і многае іншае. Але, ведаеце, самы, мабыць, кранальны здарыўся не так даўно. У нашым конкурсе ўнутранай прыгажосці «Міс Мае Сэнс», што праходзіў напрыканцы 2016 года, выйграла дзяўчына з асаблівасцямі развіцця Наталля Шумчэня. Момант, калі яна на цырымоніі ўзнагароджання выехала на сцэну, быў вельмі для мяне кранальны.
Ці мае сэнс удзельнічаць у дабрачынным руху, кожны вырашае для сябе асабіста. Але, як сказала сама Аляксандра, «шчырае імкненне дапамагаць дорыць пачуццё, з якім табе святлей быць сярод людзей».
Дар'я АРЭФ'ЕВА, студэнтка VІ курса Інстытута журналістыкі БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://maesens.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/mae-sens-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0