«Растлумачце, калі ласка, што магло паспрыяць апусканню ныркі? Вольга Віктараўна, г. Орша».
Тлумачыць участковы тэрапеўт 11-й гарадской паліклінікі Мінска Кацярына МАШЧАНКА:
— Апусканне ныркі — гэта яе паталагічнае зрушэнне ўніз на два і болей пазванкі пры руху або любым змяненні становішча цела. Развіцца такі стан можа ў выніку зніжэння тонусу мышцаў брушнога прэса, напрыклад пасля шматплоднай або шматразовай цяжарнасці. Бывае, што праблема заключаецца і ў слабасці звязак ныркі, што можа быць абумоўлена нават траўмай, атрыманай у жывот або ў вобласць паясніцы. Але паўплываць могуць і перанесеныя інфекцыйныя захворванні, і рэзкае зніжэнне вагі. Характэрна, што такая паталогія — нефраптоз — часцей развіваецца ў жанчын.
Спозненае або няправільнае лячэнне можа прывесці да ўскладненняў: парушэння мочаспускання, піеланефрыту, вена- і лімфастазу. На ранніх стадыях развіцця захворвання рэкамендуецца насіць эластычны бандаж і займацца фізкультурай, якая будзе ўмацоўваць сценкі брушной поласці. Аднак прызначыць гэта павінен урач, бо ўсё гэта будзе проціпаказана, калі ў нырках ёсць спаечны працэс.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/nyrki
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/doktar-adkazha
[6] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya