У Столінскім раёне ў вёсцы Луткі адбыўся вясновы земляробчы абрад, прымеркаваны да праваслаўнага свята ў гонар святога Георгія Пераможцы. У народзе гэты дзень называюць Юр’ем.
— Юр’е адмыкае зямлю, а ранішняя раса на траве ў гэты дзень мае гаючую моц, нездарма ў гэты дзень выводзілі кароў на поле, — кажуць жыхары Луткоў.
Каб задобрыць святога Юр’я, папрасіць яго апекі і для свойскіх жывёл, ураджаю ад нівы і, канешне, здароўя людзям, са старадаўніх часоў палешукі ў гэты дзень вадзілі карагоды, насілі па вёсцы каравай з леташняга ўраджаю, спявалі юраўскія песні. Песня, з якой пачынаецца дзейства абрада ў Лутках, спяваецца на хлебным полі:
“Вяду, вяду карагод,
Сам Бог напярод!
Дзе карагод ходзіць,
Там жыта родзіць,
А дзе не бувае,
Там жыто ўлягае!..”
Галоўнымі атрыбутамі абыходнага звычая вёскі з’яўляюцца пшанічны каравай і ўпрыгожаны зялёнымі галінкамі і кветкамі. І граблі, на якіх павязаныя два фартушкі – чырвоны і зялёны. І граблі, і каравай носяць мужчыны. Пасля акраплення святою вадою маладых пасеваў на полі і бласлаўлення ўсіх удзельнікаў святочнай працэсіі “карагод” вяртаецца ў вёску і пачынае абыход вуліц і двароў.
Лічаныя вёскі на Палессі захавалі “Юраўскі карагод”у натуральным выглядзе. У тым ліку і вёска Луткі. І да вайны, і нават пасля, абрад працягваўся, нягледзячы на забароны. Сённяшнія ўдзельнікі карагоду – сапраўдныя носьбіты традыцыі. Тое, што можна ўбачыць сёння на Юр’я ў гэтай вёсцы, бачылі і пяцьдзясят, і сто гадоў таму: і луткоўскія строі на жанчынах, і драўляныя граблі, і рэцэпт самога каравая, які мае сапраўды незвычайную назву – карагод. Нягледзячы на тое, што ў Лутках малочны статак налічвае толькі дваццаць кароў — усё менш застаецца жадаючых вёсці натуральную гаспадарку, а моладзь павальна з’язжае ў гарады, - тым не менш духоўная спадчына тут запатрабаваная. І прыклад гэтаму – жывы абрад “Юраўскі карагод”.
Анатоль КЛЯШЧУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/tradycyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/palesse
[6] https://zviazda.by/be/tags/stolinski-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/yure-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/yurauski-karagod
[9] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[10] https://zviazda.by/be/tags/abrad