— Тата, хачу сабачку! (Коцiка, папугайчыка, чарапашку — патрэбнае падкрэслiць.) Рана цi позна кожны з нас чуе ад дзiцяцi гэтыя словы. I адмовiць бывае вельмi складана, i браць на сябе лiшнi клопат не хочацца. Таму даводзiцца шукаць кампрамiс. На сённяшнiм пасяджэннi бацькоўскага клуба нашы таты разважаюць над плюсамi i мiнусамi ўтрымання розных жывых iстот, якiя могуць жыць побач з намi.
Каб не стала шчаня ваўкарэзам
Валянцiн Бойка: — Хатняя жывёла патрэбная, асаблiва калi дзiця ў сям'i адно, а другога пакуль не прадбачыцца. Мой малы таксама хоча сабе чатырохногага сябра, але пытанне пакуль завiсла: думаем, каго лепей узяць.
Сяргей Куркач: — Вось тут трэба вельмi добра падумаць, i прыслухоўвацца не толькi да дзiцяцi, але i да свайго жыццёвага досведу. Некалi мае малыя аж пiшчалi — так хацелi сабаку. Жонка ўзяла ў знаёмых маленечкае белае шчаня. Першыя тыднi яно цiха спала ў скрыначцы, i мы назвалi яго Соня. I ўсе захаплялiся: сабачка дробненькi, зусiм не брэша, есць мала. Хоць асабiста мяне збянтэжылi непрапарцыянальна вялiкiя лапкi. I сапраўды: праз паўгода шчаня вырасла ў саракакiлаграмовага сабаку — помесь амерыканскага бульдога з кiмсьцi яшчэ.
У вынiку сабака гуляў з усiмi, але хадзiць на вулiцу мог толькi са мной. Дванаццацiгадовая дачка ўжо не магла даць рады: Соня проста вырывала павадок. А яшчэ па ўсёй хаце была поўсць. I цi не цераз дзень мы пыласосiлi кватэру. А самога сабаку раз на тыдзень трэба было мыць, бо iнакш ад яго пачынала кепска пахнуць. Карацей, лёгка i проста было, пакуль сабачка быў маленькi. З iм гулялi, цешылiся ўсе. Але як толькi вырасла гэткая аграмадзiна, жыцця ў хаце не стала. Хоць сабака i застаўся мiлым ды ласкавым.
В.Б.: — Дзецi часта пераацэньваюць свае сiлы. Iм шчыра здаецца, што яны змогуць паўнавартасна даглядаць жывёлiну. I таму я не спяшаюся дазваляць сыну завесцi некага большага за хамяка. Калi я быў малым, у майго бацькi быў шатландскi сэтар — вялiзны, але мiралюбны i дабрадушны сабака. I ўжо тады я бачыў, колькi гэта клопату — трымаць такую жывёлiну. А ў вялiкiм горадзе з яго шчыльнай забудовай сабаку нават выгуляць цяжка. Даводзiцца або далёка iсцi, або парушаць правiлы i вадзiць яго на газон.
С.К.: — Я свайго сабаку на газон не вадзiў, бо суседзi б не зразумелi гумару. Каб выгуляць Соню, даводзiлася iсцi на пустку за кiламетр ад дома. Дый нават туды я браў з сабой пакецiк i шуфлiк, каб прыбраць наступствы прагулкi. I займаў шпацыр з сабакам не менш за гадзiну, прычым хадзiць даводзiлася ў любое надвор'е. Таму i адправiлi Соню да маiх бацькоў, што жывуць у прыватным доме ў невялiкiм райцэнтры. Там з гэтым прасцей.
В.Б.: — А яшчэ ёсць суседзi, якiя бачаць у вялiкiм сабаку не мiлую iстоту, а патэнцыйную небяспеку. I паспрабуйце растлумачыць iм, што ваша жывёла людзьмi не харчуецца. Памятаю, бацькаў сэтар кiдаўся да ўсiх стрэчных, каб пагуляць, а народ шугаўся. Таму я лiчу, што трымаць у горадзе некага вялiкага ўвогуле не варта, калi ты жывеш у звычайнай кватэры. Максiмум, на што я згодны, дык гэта на кошку.
С.К.: — З кошкамi таксама ёсць свой клопат. Калi бярэш сабе кацяня, трэба ў належны час адвезцi яго да ветэрынара на стэрылiзацыю. Бо пасля каты пачынаюць мецiць тэрыторыю, i «апрацаваную» кватэру ўжо нiколi не праветрыш дарэшты. Адзiны паратунак — капiтальны рамонт.
В.Б.: — Выходзiць, куды нi кiнь — усюды клiн. Якую жывёлу нi возьмеш — безлiч праблем. Але ж дзецям трэба кантактаваць з жывёламi, кагосьцi даглядаць. Вось у вёсцы малыя ходзяць кармiць курэй, трусоў, свiнак. I яны ў абыходжаннi з жывёламi больш смелыя i гуманныя. А што рабiць гарадскому дзiцяцi? Дзе выйсце?
С.К.: — Малым сапраўды трэба кагосьцi даглядаць, iм патрэбны сябар. Хай нават маўклiвы. Але ёсць жывёлы, з якiмi значна прасцей. Некалi мне падарылi двух сухапутных слiмачкоў памерам з пацерку. А пасля яны выраслi вялiкiя: адна толькi ракавiна — з далонь. Але яны спакойна жывуць у акварыуме, якi нам дастаўся выпадкова i бясплатна. А ён абавязкова патрэбны: слiмакi хоць i марудлiвыя, але распаўзаюцца так, што пасля не знойдзеш. Што да ежы, то яны непераборлiвыя: харчуюцца лiсцем трыпутнiку i дзьмухаўца. Дужа любяць агуркi. Прычым даўжэзныя раннiя з крамы, вырашчаныя невядома на чым, не ядуць. А як яны жуюць — гэта вельмi цiкава паглядзець: у iх каля трох тысяч драбнюткiх зубоў. Але прыбiраць за iмi таксама трэба. I раз на тры днi мыць акварыум. Трэба сказаць, што дзецям яны хутка надакучылi.
В.Б.: — У нас таксама былi слiмакi, толькi вадзяныя i зусiм маленькiя: дзядуля адсадзiў са свайго акварыума, бо малы вельмi папрасiў. Жылi яны ў слоiку з вадой, якую трэба было рэгулярна мяняць. Сын абяцаў, што будзе рабiць гэта сам, але забываўся. У вынiку вада застаялася, пакрылася плёнкай — i слiмакi задыхнулiся. I калi малы хацеў набраць у дзядулi новых, я не дазволiў: «Адных ты ўжо замарыў, годзе здзекавацца з жывёл». Сын, канешне, пакрыўдзiўся. Але я лiчу, што гэта карысны для яго ўрок.
Сварыцца забараняецца
С.К.: — Усё-ткi малым патрэбныя жывёлы больш рухавыя, цеплакроўныя, але кампактныя. Мая сярэдняя дачка неяк дужа захацела хамячка. I яна сама вывучыла ўсю даступную лiтаратуру, сама знайшла ў iнтэрнэце, у каго можна купiць жывёлiнку. Я толькi купiў на рынку невялiчкую клетку. У астатнiм даглядала яна сама: купляла проса, семачкi, сама перамешвала i рабiла корм. А таксама набывала апiлкi, мяняла iх. Нават размаўляла з хамяком.
I выйшла так, што не столькi яна выхоўвае хамяка (гэта было б складана), а хамяк яе. Бо мая дачка — дзяўчынка эмацыянальная: раней яна часта павышала голас ажно да вiску, калi ёй нешта не падабалася. Тады мы з жонкай растлумачылi ёй, што такая гукавая атака больш б'е па хамяку, чым па нас. Пасля гэтага дачку як падмянiлi: цяпер яна i сама не павышае голас, i дарослых прымушае размаўляць спакойна, калi мы спрабуем сварыцца.
В.Б.: — Хамяк — гэта цудоўна: займае мала месца, мала есць, не трэба дарагiх аксесуараў. Але трэба ўлiчваць, што гэта жывёла пераважна начная. Наш хамяк апоўначы залазiў у сваё кола i пачынаў яго апантана круцiць. I ў цiшынi яно гудзела даволi гучна. Таму хамяка на ноч даводзiлася выстаўляць у кухню i зачыняць дзверы, бо спаць не даваў.
С.К.: — Калi хочаш цiшынi — то завядзi рыбак. Яны ўвогуле ўвесь час маўчаць, як i мае слiмакi. I з акварыума нiкуды не дзенуцца.
В.Б.: — Рыбкi калiсьцi ў мяне былi. Гэта толькi здаецца, што яны не патрабуюць клопату. Насамрэч рыбкам таксама патрэбны разнастайны корм, яны таксама могуць хварэць. А для падтрымання iх жыццядзейнасцi, акрамя акварыума, трэба багата розных прылад. Дый сам акварыум трэба перыядычна чысцiць, час ад часу мяняць у iм ваду. Таму рыбкi — гэта варыянт для тых, хто ўжо прайшоў пэўную «школу» ўтрымання хатнiх жывёл. I перш чым iх завесцi, добра падумайце: цi сапраўды гэта тое, што вам трэба.
Жывi доўга, хамячок!
С.К.: — Калi выбiраеш хатнюю жывёлу для маленькага дзiцяцi, лепей каб гэта была iстота з досыць працяглым жыццём. Напрыклад, мае слiмакi — гiганцкiя ахацiны — жывуць да дзесяцi гадоў. А вось хамяк звычайна два-тры. I для маленькага дзiцяцi гэта вялiкая псiхалагiчная траўма, калi ўлюбёнец хутка памiрае. Затое ў дзесяць-дванаццаць гадоў дзецi ўжо спакайней успрымаюць гэты факт.
В.Б.: — Тут цiкавая асаблiвасць: чым блiжэйшая да нас жывёла бiялагiчна, тым больш смутку выклiкае яе смерць. Таму дзецi так бядуюць па сваiх хамячках. А калi памiрае сабачка — дык гэта проста драма. Бо ён па iнтэлекце значна блiжэй да нас, чым хамяк.
С.К.: — Вось з гэтай прычыны я б не раiў бы браць ужо дарослага сабаку цi ката ў гадах. Бо ў вашай сям'i яны пражывуць нядоўга.
В.Б.: — У рыбак у гэтым сэнсе ёсць вялiкая перавага: у акварыуме iх звычайна багата — адной болей, адной меней... Увогуле халаднакроўныя жывёлы ў гэтым сэнсе неблагi варыянт. З iмi цiкава, але да iх не надта прывязваешся эмацыянальна.
С.К.: — Магчыма, гэта таксама варыянт. Але не трэба надта паддавацца модзе i цягнуць дахаты розную экзотыку, пра якую мы нiчога толкам i не ведаем: яшчарак, чарапах, змей, трытонаў, жабак. Не стаў бы я эксперыментаваць таксама з насякомымi i членiстаногiмi. Бо ёсць аматары завесцi ў сябе мадагаскарскiх тараканаў або павукоў-птушкаедаў. Гэта чыста дарослая забаўка.
Дарослая забаўкi або дзiцячая бяспека?
В.Б.: — Некаторыя з экзатычных iстот балюча кусаюцца i нават могуць аказацца атрутнымi. Увогуле бяспека — гэта першае, пра што мусяць падумаць бацькi, калi выбiраюць хатнюю жывёлу.
С.К.: — Небяспечным можа быць не толькi экзатычны тарантул, але i звычайны сабака. Свайго мы адправiлi да маiх бацькоў адразу пасля таго, як у нас нарадзiлася трэцяе дзiця. Бо якiм бы дабрадушным нi быў той сабачка, але гэта звер. А немаўля можа ненаўмысна яго раззлаваць. Таму жывёлу трэба выбiраць не сэрцам, а розумам.
В.Б.: — Цiкава, а чым вы выбiралi сваiх слiмакоў? Мне здаецца, што ўсё-ткi сэрцам. Самi неяк расказвалi, што ўначы правяраеце, як яны маюцца, цi хапае iм харчу. Напэўна, размаўляеце з iмi. Цiкава, можа, яны вам нават нешта адказваюць? Нездарма кажуць, што мы любiм тых жывёл, якiя чымсьцi нагадваюць нас самiх. А што ў вас агульнага са слiмакамi?
С.К.: — Гэта табе збоку лепей вiдаць, што ў нас агульнага. А я iх проста люблю. Калi я iх мыю пад кранам, яны ад асалоды аж папiскваюць. I мой голас пазнаюць, калi да iх звяртаюся. Гэта табе здаецца, што яны неразумныя. Проста яны ўмеюць маўчаць. (Не тое, што мая жонка)
Сяргей КУРКАЧ
Валянцiн БОЙКА
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА, Марыны БЕГУНКОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valyancin-boyka
[2] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[6] https://zviazda.by/be/tags/backouski-klub
[7] https://zviazda.by/be/tags/hatniya-zhyvyoly
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[9] https://zviazda.by/be/tags/backi