На выставе TIBO-2017 кампаніі beCloud і Huawei упершыню ў краіне правялі тэставанне ключавых тэхналогій 4G і 5G, а таксама прадставілі шэраг інавацыйных для беларускага рынку рашэнняў — Massive MIMO, LTE NB-IoT і Smart Parking.
beCloud і Huawei пратэставалі хуткасці 5G — тэхналогіі, рост якой у свеце запланаваны на 2020-2025 гады. Падчас праведзеных тэстаў на базе зоны 5G, пабудаванай у павільёне інфраструктурнага аператара, удалося дасягнуць хуткасці 2048 Мбіт/с (тэарэтычная мяжа 4G-хуткасцяў — 1000 Мбіт/с).
Тэхналогія Massive MIMO, якая паспяхова прымяняецца ў сетках чацвёртага пакалення, знойдзе прымяненне і ў сетках 5G. Гэта магчымасць павелічэння колькасці антэн у мабільнай прыладзе карыстальніка. База Massive MIMO устаноўлена на стэндзе beCloud у Футбольным манежы, і наведвальнікі выставы маглі назіраць істотнае паляпшэнне хуткасці выкарыстання даных на панэлях экспазіцыі інфраструктурнага аператара.
LTE NB-IoT — тэхналогія нізкахуткаснай бесправоднай перадачы даных з выкарыстаннем вузкапалоснай перадачы радыёсігнала ў рамках радыёінтэрфейса LTE — гэта адсутнасць перашкод пры перадачы даных, больш нізкае энергаспажыванне, што значна павялічвае жыццё прылады, якая працуе ад батарэі. Адным з прыкладаў практычнага выкарыстання LTE NB-IoT стала прадстаўленая beCloud і Huawei “разумная” паркоўка (Smart Parking). “Разумныя” сэнсары, устаноўленыя на паркоўцы, адсочваюць свабодныя месцы і перадаюць звесткі для навігацыі вадзіцелям, якія з дапамогай мабільнага могуць адшукаць, дзе прыпаркавацца, і аплаціць паслугу.
beCloud і сусветны эксперт у галіне энергетыкі, кампанія Schneider Electric Industries S.A.S. (Францыя), прадставілі пілотны праект Smart Grid у галіне інтэлектуальных энергасетак. Паводле слоў генеральнага дырэктара beCloud Сяргея ПАБЛАГУЕВА, гэта частка глабальнай канцэпцыі «разумнага горада», кіраванне транспартнай і камунальнай інфраструктурай, сродкамі бяспекі і відэаназірання, развіццё сэрвісаў для гараджан. Тэхналогіі “разумных сетак” і “разумных вымярэнняў” прызнаюцца аднымі з самых перспектыўных для рынку беларускай энергетыкі.
У “воблачнай” экспазіцыі аператар прадэманстраваў паслугі SaaS (Software as Service, «праграмнае забеспячэнне як паслуга») для камерцыйных і дзяржаўных кліентаў, праанансаваў і спецыяльны статус beCloud Microsoft Government Partner, які прадастаўляе магчымасць пастаўляць праграмныя прадукты карпарацыі Microsoft дзяржаўным арганізацыям Беларусі са значнай перавагай у кошце.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/becloud