Днямі фінішаваў рэаліці-праект «Накаўт-раўнд», які праводзіў спартыўны тэлеканал «Беларусь 5» у пошуку новых вядучых. Па суме галасоў гледачоў і прафесійнага журы пераможцам конкурсу стаў Сяргей Комса — удзельнік зборнай Беларусі па паплавочнай рыбнай лоўлі і ўладальнік звання КМС па тэнісе, які ўжо некалькі гадоў вучыць настольнаму тэнісу дзяцей у Салігорску.
Нагадаем, рэаліці-шоу стартавала ў канцы мінулага года. З больш як 100 дасланых заявак пасля вочнага кастынгу перад камерай у праект трапілі 16 удзельнікаў, якія на вачах у гледачоў і запрошаных экспертаў адстойвалі сваё права называцца роўнымі сярод лепшых спартыўных каментатараў краіны. Да фіналу ж дайшлі ўсяго чацвёра: Раман Юралевіч, Фёдар Прошкін, Ягор Калеснік і Сяргей Комса, якім давялося адказаць на шэраг няпростых пытанняў, пазнаць беларускіх спартсменаў на паўсядзённых фота і, зразумела, каментаваць яркія спартыўныя падзеі сучаснасці. Сваіх фаварытаў падтрымлівалі галасамі гледачы — на афіцыйнай старонцы тэлеканала «УКантакце», а таксама тэлевізійныя і спартыўныя эксперты. У выніку лідарам абодвух галасаванняў стаў менавіта Сяргей Комса, які атрымаў магчымасць увайсці ў склад каманды прафесіяналаў «Беларусь 5».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] mailto:tselyashuk@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-5-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/spartyuny-kamentatar