Акрамя кароткага нумара 113, прызначанага для бясплатных званкоў са стацыянарных тэлефонаў, будзе дзейнічаць нумар для абанентаў мабільнай сувязі 7113. Паслуга аплачваецца па тарыфах мабільных аператараў.
— Мы стараемся выкарыстоўваць усе тэхналогіі, каб дапамагчы беларусам хутка атрымаць неабходныя звесткі, звязаныя са знаходжаннем за мяжой, — кажа кіраўнік праграмы «Ла Страда Беларусь» Алена НЕСЦЯРУК. — Вельмі важна, каб яшчэ да ад'езду чалавек мог даведацца аб правілах легальнага працаўладкавання ў пэўнай краіне, аб тым, што павінна быць прапісана ў кантракце і як у цэлым зрабіць бяспечным свой выезд за мяжу.
Звязацца са спецыялістамі інфалініі можна таксама з дапамогай анлайн-кансультавання на сайце lаstrаdа.bу [3]. Гэты фармат быў уведзены ў сакавіку мінулага года і стаў вельмі папулярным: 50 працэнтаў зваротаў у праграму «Ла Страда» паступілі менавіта праз анлайн-сэрвіс.
У цэлым з пачатку года на інфалініі зафіксавана больш за 1,3 тысячы запытаў. Прыярытэтнай тэмай у абанентаў, як і ў папярэднія гады, застаецца працаўладкаванне за мяжой — 38,6 працэнта зваротаў. Асаблівасцямі пашпартна-візавага рэжыму цікавяцца 13,9 працэнта патэнцыйных мігрантаў, сямейна-шлюбнымі адносінамі з замежнымі грамадзянамі — 7,8. Пытанням іміграцыі прысвечана 5,5 працэнта кансультацый, навучання — 4,3.
Адзін з асноўных кірункаў праграмы — аказанне дапамогі грамадзянам, якія трапілі ў бяду ў чужой краіне. Летась 2,1 працэнта запытаў былі звязаны менавіта з крызіснымі сітуацыямі.
Што датычыцца геаграфіі, то ў зваротах часцей за ўсё фігуруюць такія краіны, як Польшча (17,4 працэнта), Расія (14,7), Германія (9,3), Італія (6,8), Ізраіль (4,2).
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://www.lastrada.by/
[4] mailto:lubnеuskауа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyezd-za-myazhu
[6] https://zviazda.by/be/tags/infaliniya
[7] https://zviazda.by/be/tags/la-strada-belarus
[8] https://zviazda.by/be/tags/myazha