Беларускія вучоныя распрацавалі цэлую лінейку высокапрадукцыйных збожжавых, кармавых, злакавых і зернебабовых, якія дазваляюць максімальна выкарыстаць патэнцыял глебы і клімату нашай краіны. Так, па словах намесніка генеральнага дырэктара па навуцы НПЦ НАН Беларусі па земляробстве Дзмітрыя ЛУЖЫНСКАГА, сёлета 99 працэнтаў рапсу, пасеянага ў Беларусі, паспяхова перазімавала — у пераважнай большасці якраз беларускія сарты.
— Гэта дазволіла нам упершыню за тры гады спадзявацца, што мы зможам цалкам забяспечыць сябе сыравінай для алейна-тлушчавай прамысловасці, — адзначыў Дзмітрый Лужынскі. — Акрамя рапсу, добрыя вынікі атрымліваем па збожжавых: азімай і яравой пшаніцы, якія патэнцыйна могуць забяспечыць на нашых сярэднеўрадлівых глебах ураджай да 6—7 тон з гектара. Гэта значна скарачае выдаткі нашай краіны на імпарт харчавання. Яшчэ б адзначыў створаныя ў нашым цэнтры зернебабовыя — яны здольны замяніць праславуты соевы шрот, які мы цалкам набываем па-за межамі краіны. Мы рэкамендуем пашырыць іх пасяўныя плошчы ў Беларусі да 350 тысяч гектараў, што дасць эканомію на імпарце ў 50 працэнтаў.
У той жа час, па словах спецыяліста, нашы гібрыды паспяхова канкурыруюць з замежнымі, у прыватнасці заходнееўрапейскімі, сартамі па такой прыкмеце, як устойлівасць да неспрыяльных фактараў зімоўкі. Не апошнюю ролю ў справе маюць і ўгнаенні — па інфармацыі дырэктара Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Віталія ЛАПЫ, у краіне было распрацавана 69 новых формаў комплексных угнаенняў амаль для ўсіх культур, якія вырошчваюцца ў Беларусі. Вытворчасць запушчана на Гомельскім хімічным заводзе. Таксама эксперт адзначыў, што за апошнія восем гадоў у Беларусі фіксуецца станоўчая дынаміка змянення ўрадлівасці глебы. Прычына гэтага — правільнае і абгрунтаванае ўжыванне ўгнаенняў, а таксама іх дазіраванне.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zbozhzhavyya-kultury
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-akademiya-navuk
[7] https://zviazda.by/be/tags/vuchonyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/raps