У дзень пачатку вясновай сесіі ў Савеце Рэспублікі адкрылася выстава, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Некаторыя з парламентарыяў спрабавалі зрабіць ліст паперы па тэхналогіі ХVІ стагоддзя, а потым надрукаваць кніжную старонку. Праца гэта карпатлівая і няпростая, хоць і дастаткова цікавая — прынамсі, калі робіш гэта ўпершыню.
На першым пасяджэнні Савет Рэспублікі ўхваліў назначэнне Уладзіміра Чаравача і Кацярыны Якутовіч на месцы суддзяў Вярхоўнага Суда.
Сенатары прынялі праект закона, які ратыфікуе Пагадненне аб займе (праект «Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь») паміж нашай краінай і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Рыгор БЫСЮК, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, адзначыў: «Праект з'яўляецца інавацыйным і адпавядае сённяшнім патрабаванням. Яго рэалізацыя дазволіць перайсці да наступнага этапу развіцця айчыннай сістэмы аховы здароўя. У ёй нельга абысціся без інфармацыйных тэхналогій. Укараненне ў штодзённую дзейнасць арганізацый аховы здароўя, напрыклад, электроннай медыцынскай карты, дазволіць забяспечыць павышэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі».
Да таго ж парламентарыі прагаласавалі за законапраекты, якія датычацца інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж краінамі СНД па пытаннях перамяшчэння радыеактыўных крыніц і ўвядзення бязвізавага рэжыму з Аргенцінай. Увогуле ў парадак дня ўвайшло 10 пытанняў.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:anisovich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/500-goddze-belaruskaga-knigadrukavannya