XV фестываль мастацтваў "Арт-мажор" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў стартуе ў Мінску 21 сакавіка на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, паведамілі арганізатары.
Фестывальныя мерапрыемствы будуць праходзіць з сакавіка па чэрвень на сцэнічных і выставачных пляцоўках сталіцы: Беларуская дзяржаўная філармонія, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, Маладзёжны тэатр эстрады, Рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў, Клуб імя Ф.Э.Дзяржынскага, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, мастацкая галерэя "Універсітэт культуры" (Палац Рэспублікі).
У праграме фестывалю мастацтваў "Арт-мажор" канцэрт ансамбля акардэаністаў "Туці", канцэрт ансамбля салістаў "Беларуская песня", трыб'ют-шоу "Наш Оскар!", выстаўка, прысвечаная 40-годдзю кафедры харэаграфіі, выстаўкі твораў студэнтаў кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншыя мерапрыемствы.
Фестываль праводзіцца ў Год навукі і прымеркаваны да 135-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Мэта фестывалю - захаванне і развіццё культурнай спадчыны Беларусі, традыцый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў як прызнанага вядучага цэнтра прафесійнага навучання і творчага развіцця будучых спецыялістаў у сферы культуры, выяўленне лепшых мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў, павышэнне прафесійнага ўзроўню выканальніцкага майстэрства студэнтаў і выкладчыкаў, знаёмства беларускага гледача з творчым патэнцыялам адоранай і таленавітай моладзі.
За шматгадовую гісторыю свайго існавання фестываль набыў статус поўнамаштабнага мастацка-творчага і практычнага форуму і мае шырокі грамадскі рэзананс.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastactva