Калі вам ад 18 да 30 гадоў, вы пішаце паэтычныя ці празаічныя творы на рускай або беларускай мовах і лічыце, што яны вартыя ўвагі грамадскасці – запрашаем вас стаць адным з удзельнікаў “Першацвета”!
У 2016 годзе конкурс, прызваны адкрыць новыя імёны ў айчыннай літаратуры, праводзіўся ўпершыню. Яго творчым вынікам стаў калектыўны зборнік твораў 10 лепшых маладых паэтаў і 10 маладых празаікаў, які выйшаў у свет дзякуючы аднаму з арганізатараў конкурса – выдавецтву “Мастацкая літаратура” (сярод заснавальнікаў таксама Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Звязда”). Усяго ж у конкурсе ўзялі ўдзел больш за 160 чалавек з розных куткоў Беларусі. Прэзентацыя кнігі і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў адбыліся падчас ХХІV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.
- Насамрэч таленавітай моладзі было нашмат больш: я б адзначыў 30 таленавітых паэтаў і 25 празаікаў, вартых быць надрукаванымі ў зборніку. Хацелася б, каб надалей маладыя аўтары адбіралі самае лепшае, што ў іх напісана апошнім часам. Галоўнае, каб у паэзіі адчувалася сапраўднае паэтычнае слова, а ў прозе — мастацкая літаратура, – гэтымі натхняльнымі словамі “падбадзёрыў” маладых літаратараў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” паэт Віктар ШНІП, адзін з членаў прафесійнага журы “Першацвета”.
Вершы ці прозу, як і раней, трэба дасылаць на электронны адрас projects.zviazda@gmail.com [3]. Лепшыя творы будуць надрукаваныя не толькі ў наступным альманаху, але і на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” [4], часопісаў “Маладосць” [5], “Нёман” [6] і іншых літаратурна-мастацкіх выданняў краіны. Спіс неабходных файлаў, правілы афармлення матэрыялаў і іншыя важныя дэталі глядзіце ў дадатку [7].
Алена Карпенка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] mailto:projects.zviazda@gmail.com
[4] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[5] http://zviazda.by/be/edition/maladosc
[6] http://zviazda.by/be/edition/nyoman
[7] http://www.zviazda.by\sites\default\files\pershacvet_-_dadatak_-_2017_1.pdf
[8] https://zviazda.by/be/tags/pershacvet