Марыяна ШЧОТКІНА, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, правяла асабісты прыём грамадзян у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска.
Да віцэ-спікера звярнуліся 14 жыхароў сталіцы. Большасць з іх хвалявала пытанне аб вызваленні ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Акрамя таго, грамадзянамі падымаліся праблемы, якія датычацца працаўладкавання, пенсійнага забеспячэння, жылля, транспартных зносін, аплаты жыллёва-камунальных паслуг.
Адзін з заяўнікаў, Андрэй Анатолевіч, з 2000 года працаваў у прыватніка без афіцыйнага афармлення, а ў 2014 годзе застаўся без работы, у яго паслугах наймальнік больш не меў патрэбы. Па словах мінчаніна, на афіцыйную працу ён і не спрабаваў уладкавацца, паколькі не меў нават працоўнай кніжкі і дакументаў, якія пацвярджалі б кваліфікацыю (спецыяльнасць). Збор, дарэчы, Андрэй Анатолевіч ужо аплаціў, паколькі мае пабочныя заробкі.
Марыяна Шчоткіна параіла мужчыну звярнуцца ў цэнтр занятасці, зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага, атрымаць накіраванне на прафпадрыхтоўку, прайсці навучанне прафесіі (выбар даволі шырокі — 120 спецыяльнасцяў) і пасля легалізавацца на рынку працы. Віцэ-спікер падкрэсліла, што адна з мэт Дэкрэта №3 заключаецца ў тым, каб стымуляваць людзей, якія працуюць на ценявым рынку працы, легалізаваць сваю занятасць.
Тыдзень для Марыяны Шчоткінай выдаўся багаты на сустрэчы з выбаршчыкамі. У мінулую суботу, 25 лютага, віцэ-спікер правяла яшчэ і прамую тэлефонную лінію на тэму «Правапрымяняльная практыка законаў Рэспублікі Беларусь у сацыяльна-працоўнай сферы».
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/maryyana-shchotkina-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyyazny-pryyom-gramadzyan