Cёлета ў сярэдзіне студзеня адпаведнай пастановай Саўміна быў зацверджаны комплекс мер па рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады. У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца, што для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, будзе прадугледжана замена льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва крэдытаваннем на рынкавых умовах з адраснай дзяржаўнай падтрымкай такіх асоб за кошт бюджэтных сродкаў. Пастанова ўдакладняе, што пераход да новага прынцыпу фінансавання жыллёвага будаўніцтва для "чаргавікоў" будзе рэалізаваны на працягу года.
Якім чынам будзе працаваць новая сістэма дзяржпадтрымкі, а таксама аб планах спецыялістаў па будаўніцтве жылля ў нашай краіне на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту "Звязды" расказаў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр ГОРВАЛЬ.
— Адразу паспрабуем падсумаваць, колькі ў краіне было пабудавана жылля летась і на якія аб'ёмы спецыялісты міністэрства разлічваюць сёлета?
— Летась у Беларусі было пабудавана 4 млн 286 тысяч квадратных метраў жылля, — гэта на 7,1% больш за гадавы план. Заданне па жыллю з дзяржаўнай падтрымкай было перавыканана ажно на 18% (узведзена 991,3 тысячы квадратных метраў жылля).
Гэта — пра плюсы. А вось аб перспектывах па бягучаму году фігураваць будуць мінусы. У сувязі з памяншэннем агульных аб'ёмаў дзяржпадтрымкі будаўніцтва жылля сёлета запланавана са зніжэннем да паказчыкаў 2016-га. Калі летась план быў 4 млн квадратных метраў, то сёлета запланавана толькі 3,5 млн "квадратаў". Яшчэ больш істотна падкарэктавалі план будаўніцтва жылля з падтрымкай дзяржавы. Так, калі летась план па будаўніцтве падобнага жылля быў на ўзроўні 840 тысяч квадратных метраў, а ўзведзена амаль мільён "квадратаў", то сёлета фінансаванне з боку дзяржавы разлічана на 375 тысяч квадратных метраў. Атрымліваецца, што для льготнікаў з дзяржпадтрымкаю будзе пабудавана жылля прыкладна ў 2,5 раза менш, чым летась.
— А як будзе вырашацца праблема забеспячэння жыллём шматдзетных сем'яў?
— Менавіта пэўным арыенцірам сёлета стане сканцэнтраванне намаганняў для скарачэння чаргі сярод шматдзетных сем'яў. Так адбылося, што ў шэрагу выпадкаў яны на працягу года пасля пастаноўкі на ўлік не мелі магчымасці атрымліваць дзяржпадтрымку — не хапала грошай. Справа ў тым, што ў нас прыкладна 26 тысяч шматдзетых сем'яў, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. З іх каля 6,5 тысячы сям'яў стаяць на гэтым уліку больш за 3 гады.
Таму запланавана пабудаваць 4,3 тысячы кватэр для шматдзетных сем'яў, або 260 тысяч квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай. Больш за тое, заўважу, што яны будуць будаваць сабе жыллё па ранейшых умовах, якія прапісаны ва Указе кіраўніка дзяржавы №13.
— Цяпер урад спрабуе адшукаць дадатковыя рэсурсы для ажыўлення рынку будаўніцтва жылля...
— Сёлета, напрыклад, на гэтыя мэты накіраваны так званыя паўільготныя крэдыты ад Белаграпрамбанка і Беларусбанка з адносна невысокімі для насельніцтва працэнтамі. Але грошай па такіх крэдытных лініях няшмат і на масавага спажыўца яны не разлічаны. У першую чаргу такія мэтавыя крэдыты падтрымаюць чаргавікоў-"афганцаў" і іншых былых удзельнікаў ваенных дзеянняў на тэрыторыі замежных краін.
— Зразумела, што гэта не выйсце і трэба выкарыстоўваць новыя сістэмы пазабюджэтнага фінансавання жыллёвага будаўніцтва...
— Цяпер экспертамі галіны шукаюцца механізмы, якія будуць дазваляць прыцягваць у сферу будаўніцтва рэсурсы ўсіх камерцыйных банкаў. Сёння Нацыянальны банк краіны праводзіць такую манетарную палітыку, якая спрыяе патанненню крэдытных рэсурсаў. Аднак і зараз камерцыйныя крэдыты ў банках застаюцца дарагімі для насельніцтва. Таму распрацоўваецца пэўная схема патрымкі будучых уласнікаў жылля, па якой дзяржава збіраецца адрасна дапамагаць пэўным катэгорыям чаргавікоў пры абслугоўванні такіх крэдытаў. У гэтай сферы трэба адшукаць баланс інтарэсаў грамадзян і рэальных магчымасцяў дзяржавы.
— У найбліжэйшай будучыні будзе распрацаваны новы механізм фінансавання жыллёвага будаўніцтва з дзяржпадтрымкай. Чытачы нашай газеты хвалююцца, што для большай часткі чаргавікоў гэтую дапамогу проста могуць адмяніць...
— Зараз спецыялістамі распрацоўваецца схема будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, якая пачне дзейнічаць не раней за другую палову 2017 года. Заўважу, што сёння перад банкаўскай сістэмай з удзелам Мінфіна (размеркаванне бюджэту) пастаўлена задача адшукаць адпаведныя рэсурсы, каб і надалей захаваць ільготныя ўмовы будаўніцтва жылля (у першую чаргу для шматдзетных) па аналогіі з ужо дзеючымі.
— Атрымліваецца, што канкрэтны алгарытм крэдытавання льготнікаў зменіцца, але накіраванасць і сам аб'ём такой дапамогі з боку дзяржавы будзе захаваны?
— Пакуль не трэба фантазіраваць і дадумваць перспектывы, бо новы механізм толькі ў стадыі распрацоўкі. Галоўны прынцып яго — максімальная даступнасць новага крэдытнага прадукта для шматдзетных сем'яў.
— Якім яшчэ катэгорыям чаргавікоў можна будзе разлічваць на адрасную дзяржпадтрымку па новай схеме?
— У заканадаўстве прапісаны 15 катэгорый чаргавікоў, якія маюць права атрымліваць у той ці іншай ступені дзяржаўную падтрымку пры будаўніцтве жылля. Яны застануцца і надалей. Цяпер не ставіцца задача, каб кагосьці адтуль выкрасліць. Заўважу, што і цяпер дзяржаўная падтрымка прадастаўляецца ў нас цалкам адрасна. Агулам ільготныя крэдыты і цяпер ніхто не атрымлівае. Па кожнай катэгорыі чаргавікоў прапісаны канкрэтныя патрабаванні, умовы, абставіны і г. д., якія ўлічваюцца пры прадастаўленні льготнага крэдыту кожнаму чалавеку персанальна. Гэта цалкам адбудаваная і адрэгуляваная сістэма. Мне здаецца, што ні ў якой іншай сферы няма такой дэталізацыі нюансаў, якія ўлічваюцца пры разліку аб'ёмаў і ўмоў дзяржпадтрымкі ў жыллёвым будаўніцтве.
— А навошта тады такую адладжаную сістэму цяпер мяняць?
— Меняецца не сама сістэма, а прынцып прадастаўлення дапамогі непасрэдна чалавеку. У новай схеме выдачы крэдытаў прадугледжваецца іншая крыніца фінансавання. Гэта будуць ужо не бюджэтныя сродкі, а грошы камерцыйных банкаў, іх зваротныя рэсурсы. А дзяржаўная дапамога (льгота) будзе давацца непасрэдна чаргавіку, а не пэўнаму сістэмнаму банку. Менавіта дзяржаўныя грошы будуць дапамагаць сем'ям кампенсаваць (цалкам, ці часткова) працэнты і асноўны доўг па атрыманых крэдытах.
Сёння, напрыклад, шматдзетная сям'я плаціць па крэдыце пэўную суму і нават не ведае, колькі гэта жыллё рэальна каштуе дзяржаве. А па новай схеме чалавек будзе ўжо ведаць, на які аб'ём дапамогі ад дзяржавы ён можа разлічваць, які крэдыт атрымае і, як з дапамогай грошай дзяржавы будзе гэты крэдыт гасіць. Чаргавік будзе бачыць усю фінансавую кухню свайго будаўніцтва. Напрыклад, кліент ужо будзе дакладна ведаць, як зменяцца ўмовы крэдытавання, калі ён унясе ў будаўніцтва пэўны аб'ём уласных грошай. Чалавеку будзе вядомы менавіта яго персаніфікаваны рух фінансавых рэсурсаў. Вынік атрымаецца прыкладна такі ж, як і пры сённяшнім ільготным крэдытаванні (аб'ём крэдыта і працэнты па ім), а схема паступлення і руху грошай — іншая.
Навошта нам такая схема? Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што міжнародныя фінансавыя арганізацыі патрабуюць ад нашай краіны адмаўляцца ад дырэктыўнага крэдытавання. Гэта тычыцца не толькі жыллёвага будаўніцтва, але і патокаў сродкаў, якія накіроўваюцца на розныя праекты. Напрыклад, мэтавага льготнага фінансавання арганізацый сельскай гаспадаркі, прадпрыемстваў прамысловасці, арганізацый культуры, транспарту і г. д.
— Атрымліваецца, што льготнага крэдытавання жылля двума сістэмнымі банкамі хутка ўжо не будзе?
— Міжнародныя эксперты кажуць нам, што дзяржава не павінна ўмешвацца ў дзейнасць банкаў па пытаннях рэалізацыі сваіх камерцыйных прадуктаў, якімі з'яўляюцца і крэдыты пад будаўніцтва жылля. Па падобных схемах банкі не павінны быць напрамую звязаны з бюджэтнымі грашыма. Замежныя фінансісты лічаць, што дырэктыўнае крэдытаванне стварае не зусім рынкавыя ўмовы для вядзення бізнесу.
Згодна з новай схемай, праз пэўны час усе банкі пачнуць функцыянаваць у аднолькавых умовах і стануць прапаноўваць кліентам толькі крэдыты на рынкавых умовах з выкарыстаннем уласных сродкаў. А вось дзяржава праз пэўны механізм адраснай падтрымкі будзе дапамагаць гасіць гэты крэдыт непасрэдна Іванову ці Сідараву. У гэтым выпадку чалавек будзе мець выбар: у які банк яму лепш звяртацца па крэдыт. А пойдзе чалавек хутчэй у тую фінансавую ўстанову, якая прапануе яму больш спрыяльныя ўмовы па крэдыце і яго абслугоўванні (на які тэрмін, пад які працэнт, колькі паручыцеляў, якія даведкі і іншыя нюансы). Тут усё залежыць ад канкрэтнай палітыкі камерцыйных банкаў, бо кліент будзе звяртаць увагу не толькі на памер і імідж установы, але і на іншыя яе характарыстыкі. Менавіта такія рынкавыя ўмовы будуць спрыяць павышэнню канкурэнцыі ў банкаўскай сферы, упэўнены міжнародныя спецыялісты.
— Мне здаецца, што калі ўсе банкі пачнуць змагацца за кліента на роўных, а не атрымліваць іх аўтаматычна разам з бюджэтным фінансаваннем, то і працэнты па крэдытах пачнуць зніжацца...
— Будзем спадзявацца, што так яно і будзе. Паводле новай схемы прадастаўлення адраснай дзяржаўнай падтрымкі, банкі стануць незалежнымі ад дзяржавы, а фінансавая дапамога па лініі будаўніцтва жылля будзе накіроўвацца непасрэдна людзям. Мне здаецца, што ўзровень памераў працэнтаў па крэдытах будзе залежаць, у першую чаргу, ад агульнай эканамічнай сітуацыі ў краіне.
— А яшчэ ўсіх чаргавікоў турбуе будучы кошт будаўніцтва. Як моцна могуць змяніцца цэны?
— Магу адзначыць, што на працягу мінулага года ў будаўніцтве назіралася павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў. І гэта не проста словы, бо цэны на будаўніцтва сур'ёзна стрымліваліся. Прааналізуем сітуацыю на прыкладзе цаны квадратнага метра. Калі ў пачатку мінулага года мы мелі цану "квадрата" больш за 800 рублёў, то сярэдняя цана квадратнага метра па годзе атрымалася 765 рублёў. Гэта для тых, хто будаваў з дзяржпадтрымкай. Заўважу, што ўрадам міністэрству была пастаўлена задача — не выйсці за мяжу ў 840 рублёў за метр. У нас атрымалася танней, таму і на 2017 год запланавалі невялікую дынаміку росту цаны на жыллёвы "квадрат". Цяпер мы лічым, што рост цаны квадратнага метра магчымы толькі ў сувязі з павялічэннем індэкса будаўніча-мантажных работ (БМР), які запланаваны на 2017 год у памеры 110,1%.
— Атрымліваецца, што сёлета жыллё для чаргавікоў падаражэе прыкладна на 10 %?
— Не зусім так. 10% — гэта максімальная мяжа росту, а на справе фактычнае павелічэнне індэксу БМР заўсёды было ніжэй планавага паказчыка.
— Дзякуй Вам за гутарку.
Сяргей КУРКАЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[6] https://zviazda.by/be/tags/kredyt
[7] https://zviazda.by/be/tags/finansavanne
[8] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyovy-kredyt
[9] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhpadtrymka
[10] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-arhitektury-i-budaunictva
[12] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-gorval