У рэдакцыю паскардзілася Марыя Пухто з вёскі Пласток Любанскага раёна. Марыя Філіпаўна расказала, што яны з мужам 4 гады таму забралі да сябе 89-гадовага сваяка, ахвяру фашысцкіх канцлагераў. «Хацелі зарэгістраваць яго па месцы свайго жыхарства, але мясцовыя ўлады адмовілі, паколькі для гэтага не хапае 2,4 квадратнага метра плошчы. Сказалі, што можам прарэзаць дзверы ў летнюю прыбудоўку для павелічэння метражу. І тады дзядулю змогуць зарэгістраваць. У выніку мы яго зарэгістравалі ў суседзяў. Чаму мясцовыя ўлады не пайшлі нам насустрач у парадку выключэння? Ці маюць яны рацыю з пункту гледжання заканадаўства?» — цікавіцца наша чытачка.
Адказаць на пытанне мы папрасілі адваката спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі №3 па прававым забеспячэнні здзелак з нерухомасцю Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Святлану Касцевіч.
Спецыяліст растлумачыла, што рэгістрацыя грамадзян па месцы жыхарства ў пэўных выпадках можа абмяжоўвацца. А менавіта: у закрытых ваенных гарадках і на тэрыторыях, у зонах экалагічнага бедства. А таксама ў тых мясцінах, дзе ў сувязі з небяспекай распаўсюджання інфекцыйных захворванняў або атручэннямі ўведзены асобыя ўмовы і рэжымы. Чалавек таксама не можа быць зарэгістраваны, калі ў населеным пункце, рэгіёне дзейнічае надзвычайнае або ваеннае становішча.
Акрамя таго, рэгістрацыя па месцы жыхарства ў жылое памяшканне магчыма толькі тады, калі пасля гэтага забяспечанасць агульнай плошчай у ім складзе не менш за 15 квадратных метраў на аднаго чалавека, у інтэрнаце — не менш за 6 «квадратаў».
Такім чынам, у выпадку парушэння ўказаных нормаў заяўніку могуць адмовіць у рэгістрацыі сваяка па месцы жыхарства. Разам з тым адмова павінна быць матываваная. Аб гэтым заяўнік інфармуецца пісьмова на працягу трох рабочых дзён з дня прыняцця рашэння.
Акрамя таго, адмоўны адказ, іншыя дзеянні ці бяздзеянні службовых асоб органа рэгістрацыі могуць быць абскарджаны ў вышэйшыя дзяржаўныя інстанцыі або ў суд.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] mailto:lazovskaya@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[6] https://zviazda.by/be/tags/registracyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne