Сярэдзіна лютага. Зіма ў самым разгары са сваімі маразамі і адлігамі, мяцеліцамі і сцюжамі, але дзень ужо трохі павялічыўся, і нам хочацца вясенняга ласкавага сонейка. Гэты настрой адчуваецца ў песні вядомага сучаснага беларускага кампазітара Дзмітрыя Даўгалёва на вершы Уладзіміра Пецюкевіча «Ой, зіма, зіма». Аўтарамі спачатку была напісана песня «А ты кажаш: вясна», якую цудоўна выканаў выдатны спявак Валерый Дайнэка. Гэта і натхніла кампазітара і паэта на стварэнне цыкла песень «Поры года». У яго ўвайшлі таксама песні «Не спяшайся, восень», «Ой, зіма, зіма» і «Лета».
ОЙ, ЗІМА, ЗІМА
верш У. Пецюкевіча
музыка Д. Даўгалёва
Ой, зіма, зіма беласнежная,
Светлых сноў маіх ты не разганяй! —
Хай прысніцца мне сонца весняе,
Хай асвеціць мой запаветны край.
Запаветны край — салаўіны гай
І дарога ўдаль у вянку бяроз.
Запаветны край — белы-белы май
І каханых воч сіні-сіні плёс.
Ой, зіма, зіма беласнежная,
Сцежачкі маёй ты не замятай! —
Хай бяжыць яна, летуценная,
І вядзе мяне ў запаветны край.
Запаветны край — зорны небакрай,
Незямная даль, вечная вясна.
Запаветны край — як нябесны рай,
Дзе пяе штодня Божая струна.
Ой, зіма, зіма беласнежная,
Мне журбы-тугі ты не навявай! —
Дні халодныя не бязмежныя,
Абдыму я зноў запаветны край.
Рубрыку вядзе кампазітар Уладзімір КАРЫЗНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-karyzna
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/pesnyu-byaryce-z-saboyu