Вы тут

«Першая луста» майго творчага хлеба


У газету мяне прывяла апошняя падчас вучобы журналісцкая практыка. Было гэта вясной 1976 года. І запомнілася гэтая практыка найперш тым, што ў маёй маладой сям’і нарадзіўся першынец — сын. Шчасце здавалася такім прыгожым і бязмежным, што «свярбелі» рукі ад жадання напісаць што-небудзь такое, каб гэта заўважылі і сябры-аднакурснікі, і, вядома, супрацоўнікі рэдакцыі, не кажучы ўжо пра жонку, якая зрабіла мне такі цудоўны падарунак.


Фота: pixabay.com

Дапамог выпадак: галоўны рэдактар газеты Уладзімір Канстанцінавіч Касько па запыце ЦК ЛКСМБ прапанаваў маю кандыдатуру ў склад рабочай групы для вывучэння стану камсамольскіх спраў на Полаччыне. Тады ў старажытны Полацк можна было даляцець самалётам, і мы паляцелі — на АН-24.

Камандзіроўка была нядоўгай, але мне, журналісту-пачаткоўцу, пашчасціла знайсці матэрыял для артыкула — у адной з вёсак раёна якраз на той час спыніў сваю дзейнасць аматарскі калектыў маладых артыстаў. Як так здарылася — пра гэта і напісаў у артыкуле «Чаму не звіняць „Крыніцы“?»

Праз тры месяцы я трапіў у «Чырвонку» ўжо па размеркаванні. Не скажу, што ў калектыве мяне прынялі адразу добразычліва: пасада, на якую мяне прызначылі (загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі, а ў дадатак, праз некаторы час, і членам рэдкалегіі), выклікала ў некаторых калег скептыцызм: пра што тут можна пісаць?! Аднак я шукаў і знаходзіў тэмы і сам, і, зразумела, з падказкай галоўнага рэдактара і яго намесніка, які быў куратарам майго аддзела (Анатоль Іванавіч Бутэвіч — будучы міністр, надзвычайны і паўнамоцны пасол, таленавіты пісьменнік-сучаснік).

Добра запомнілася вось такое рэдакцыйнае заданне: напісаць пра шчаслівую камсамольскую сям’ю. Стаў распытваць сваіх сяброў і знаёмых, і мне падказалі, што такую сям’ю ведаюць у Стоўбцах. І адпаведны артыкул пасля камандзіроўкі з’явіўся ў «Чырвонцы».

Праца ў газеце адметная тым, што тут не шкадуюць слоў для крытыкі апублікаваных матэрыялаў. Зроблена малапрафесійна — табе адразу скажуць у вочы. І гэта правільна, таму што толькі аб’ектыўная ацэнка спрыяе прафесійнаму росту, дапамагае своечасова заўважыць творчыя недаробкі.

Памятаю, як у рэдакцыі сур’ёзна ставіліся да загалоўкаў матэрыялаў. Сярод калег просьба падказаць назву артыкула ці інтэрв’ю была звыклай: нават абяцалі за гэта тры рублі (тыя савецкія).

Была ў той час у рэдакцыі і камсамольская арганізацыя, сакратаром абралі мяне. Праводзілі, як і ва ўсім камсамоле, сходы па актуальных пытаннях жыцця, горача спрачаліся, але гэта ніколі не пераходзіла межаў прыстойнасці.

Памятаю, хутка сабралі і сваю футбольную каманду. Прымалі ўдзел у спаборніцтвах па футболе сярод рэдакцый Мінска — і выйшлі пераможцамі. Маё выступленне ў амплуа варатара закончылася сумна: нападаючы газеты «Во славу Родины» выходзіў адзін на адзін са мною на вароты чырваназменаўцаў, я ўпаў яму ў ногі, а ён жорсткім ударам выбіў мне палец на правай руцэ, пасля чаго мяне адправілі ў траўмапункт. А каманда выязджала яшчэ на гульню ў Літву, у Вільнюс.

Пры рэдакцыі працавала літаратурнае аб’яднанне, праз творчую школу якога прайшлі многія сённяшнія беларускія пісьменнікі. Цяпер шмат хто з іх з гонарам успамінае: мая першая літаратурная публікацыя была на старонках «Чырвонай змены»!

Згадваючы сваю працу ў «Чырвонцы», не перастаю здзіўляцца, які быў цікавы калектыў, колькі таленавітых людзей тут працавала: Ігар Рыжкоў, Іван Герасюк, Георгій Клябанаў, Анатоль Мяснікоў, Галіна Пшонік, Нэля Калеснік, Ніна Жалязоўская, Людміла Нарубіна, Наталля Сацук, Уладзімір Напрэеў, Таццяна Дзмітрусёва, Валерый Шыханцоў, Яўген Крупенька…

На вялікі жаль, некаторыя з іх ужо пакінулі наш свет. Але ў маёй памяці яны застануцца як людзі, якія любілі сваю прафесію і адказна ставіліся да выканання прафесійнага абавязку.

Іван КАРЭНДА, паэт

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.