З першым намеснікам старшыні Нацыянальнай асамблеі Нікарагуа Арлінг Патрысіяй Алонса Гомес і дэлегацыяй парламента сустрэлася Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Гэта першы візіт ў нашу краіну ў межах міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Нікарагуа. Падчас яго замежныя госці пазнаёмяцца з нашай краінай і наведаюць шэраг беларускіх прадпрыемстваў, а таксама абмяркуюць перспектывы і накірункі для развіцця міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.
— Мы шчаслівыя, што сустракаемся з нашымі калегамі з Нікарагуа, той краіны, якая для нас з’яўляецца ключавым партнёрам у Цэнтральнай Амерыцы. Вось амаль 30 гадоў нас звязваюць цесныя адносіны, нягледзячы на адлегласць паміж нашымі краінамі, а стасункі паміж намі сяброўскія і вельмі даверлівыя. Мы шчыра рады, як развіваецца ваша краіна. Пад кіраўніцтвам прэзідэнта Даніэля Артэгі зроблена многае, і паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з’яўляюцца пацверджаннем таму, — адзначыла Наталля Качанава. — Для нас таксама важнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Мы сацыяльна арыентаваная дзяржава і робім усё для таго, каб наша краіна развівалася паспяхова і з вялікай радасцю вітаем тых, хто па-добраму адносіцца да нашай роднай Беларусі.
Старшыня Савета Рэспублікі падзякавала за падтрымку Беларусі ў міжнародных арганізацыях і на міжнародных пляцоўках.
— Мы за развіццё сяброўскіх адносін. Беларусь вельмі адкрытая краіны. Мы заўсёды па-добраму адносімся да тых нашых калег, хто настроены на канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж краінамі. Беларусь заўсёды выступала з мірнымі ініцыятывамі. Мы за тое, каб мір і згода былі ў кожнай краіне на планеце. І канешне, на нас, парламентарыях, асаблівая адказнасць за захаванне міру і спакою. Таму мы заўсёды рады, калі парламентарыі ўсяго свету знаходзяць узаемаразуменне, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Яна дадала, што работа парламентарыяў — гэта не толькі міжнароднае ўзаемадзеянне і работа над законапраектамі, але і супрацоўніцтва ў эканоміцы, гуманітарнай сферы, навуцы, сельскай гаспадарцы. Паміж Беларуссю і Нікарагуа можа быць шмат кропак судакранання. Ужо маюцца дамоўленасці па лініі міністэрстваў і ведамстваў аб супрацоўніцтве.
— У рамках візіту вы будзеце наведваць нашы прадпрыемствы і ўбачыце, як жыве наша краіна, якая прадукцыя выпускаецца. Спадзяюся, што ваш візіт будзе яшчэ адным імпульсам у развіцці добрых адносін паміж нашымі краінамі. Упэўнена, што у вас застануцца самыя добрыя ўражанні пра наш шчыры і гасцінны народ, — дадала старшыня Савета Рэспублікі.
Арлінг Панрысія Алонса Гомес адзначыла, што першы візіт парламенцкай дэлегацыі — паказчык палітычнай волі абедзвюх дзяржаў.
— Мы адчуваем вашу любоў, клопат і гасціннасць. У нашай дэлегацыі, якая складаецца з дэпутатаў і міністраў, вельмі інтэнсіўная праграма. І наша мэта — дзякуючы парламентам паглыбіць нашы адносіны салідарнасці і братэрства.
Таксама з парламенцкай дэлегацыяй Нікарагуа сустрэўся старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.
— На сённяшні дзень у нас нядрэнны ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння, — падкрэсліў ён. — Ідзе актыўны дыялог паміж міністэрствамі замежных спраў, абмен візітамі паміж міністрамі. І мы лічым, што дэпутаты не могуць заставацца ўбаку ад вырашэння бягучых пытанняў. Час сёння няпросты, і нам як ніколі трэба рухацца наперад і вырашаць канкрэтныя задачы. Таму, як важны крок мы чакаем найхутчэйшае фарміраванне ў нікарагуанскім парламенце групы дружбы з парламентам Рэспублікі Беларусь. Гэта эфектыўны механізм узаемадзеяння паміж парламентарыямі.Нам трэба наладзіць добрыя працоўныя кантакты і стварыць прававую базу для супрацоўніцтва.
Алена КРАВЕЦ
Фота: БелТА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.