Вы тут

Больш увагі звяртаць на гістарычныя карані


Гэтым разам парламентарыі выехалі ў старажытны Гродна, дзе размаўлялі аб ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў захаванні гістарычнай памяці. Госці азнаёміліся з духоўным аспектам у рабоце гродзенскай гімназіі, а ў Цэнтры рамёстваў даведаліся, як захоўваюцца і аднаўляюцца народныя традыцыі. Падчас пасяджэння былі абмеркаваны важныя кірункі гэтай дзейнасці на перспектыву.


Гістарычная праўда — найперш

«Тэма надзвычай актуальная». Менавіта так акрэсліла тэматыку выязнога пасяджэння Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Захаванне гістарычнай памяці як асновы духоўнага і маральнага выхавання падрастаючага пакалення — тое, што сёння хвалюе грамадства.

— Захаванне нашай гісторыі базіруецца, у першую чаргу, на праўдзе. Сіла — у праўдзе. Мы шмат увагі ўдзяляем гістарычнай праўдзе аб трагічных падзеях, якія адбываліся на нашай зямлі, і ўдзячныя тым, хто займаецца гэтай працай. Сёння з’яўляюцца новыя факты генацыду беларускага народа, якія адбываліся на нашай зямлі. Таму мы павінны зрабіць усё, каб захаваць гэту памяць, данесці яе не толькі да нашага, але і сусветнага грамадства, — зазначыла Наталля Качанава.

Па яе словах, гэтыя пытанні знаходзяцца ў пастаянным полі зроку органаў улады. Так, у рамках мінулага Года гістарычнай памяці на ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы з удзелам вядучых экспертаў абмеркаваны пытанні стратэгічных кірункаў развіцця дзяржаўнай палітыкі. Скарэкціраваны важныя перыяды ў гісторыі ўзнікнення і станаўлення дзяржаўнасці, дадзена палітычная ацэнка ўсім этапам нацыянальнага будаўніцтва Беларусі. Праведзена работа па ўдасканальванні прававых механізмаў па захаванні гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу народа ў гады вайны. Працягам гэтага стала прыняцце парламентарыямі знакавых законаў «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», а таксама «Аб генацыдзе беларускага народа». Тэма Вялікай Айчыннай вайны па-ранейшаму застаецца ў полі зроку грамадскасці. Гэта нельга забыць — вайна забрала жыццё кожнага трэцяга жыхара нашай краіны.

— Дзякуючы ініцыятыве Генеральнай пракуратуры, сёння даследуюцца факты генацыду беларускага народа і выкрываюцца новыя жудасныя падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі, — прыгадала Наталля Качанава. — Сёння мы павінны зрабіць усё, каб захаваць гэту памяць, данесці да будучых пакаленняў. І ў гэтым вялікая роля належыць дэпутацкаму корпусу ўсіх узроўняў — сельскіх Саветаў, раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў. Мы бачым, што грамадзянскія ініцыятывы, якія рэалізоўваюцца ў нашай краіне асацыяцыямі дэпутатаў, даюць вынікі.

Спікер верхняй палаты парламента адзначыла станоўчую ролю Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў у арганізацыі конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў, што аб’ядноўваюць нераўнадушных і актыўных грамадзян, сапраўдных патрыётаў. 

Грантавая праграма рэалізоўваецца ў краіне другі год. У наступным годзе на яе рэалізацыю прадугледжана фінансаванне і з рэспубліканскага бюджэту.

— Традыцыі жывуць і будуць жыць тады, калі яны не толькі адраджаюцца, але і захоўваюцца на тэрыторыі кожнага кутка нашай Беларусі. Таму важна падтрымліваць грамадзянскія ініцыятывы, канструктыўныя думкі грамадскасці, быць з народам, расказваць, тлумачыць. І ў гэтым плане вялікая адказнасць кладзецца на плечы дэпутатаў, — упэўнена старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. — Нам, беларусам, важна захаваць гістарычную спадчыну, дакладна ведаць гістарычную праўду, берагчы памятныя мясціны.

Аб тым, якая работа вядзецца па захаванні гістарычнай памяці на Гродзеншчыне, паведаміў старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік. Ён зазначыў, што асаблівая ўвага ўдзяляецца аднаўленню і рэканструкцыі помнікаў гісторыі, воінскіх пахаванняў і іншых аб’ектаў ваенна-гістарычнай і культурнай спадчыны. У адпаведнасці з дзяржпраграмай «Увекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны» на 2021–2025 гады праведзены капітальны рамонт і бягучы рамонт амаль на 800 мемарыялах і месцах пахаванняў. Дзясяткі аб’ектаў пастаўлены на дзяржаўны ўлік. За апошнія тры гады створана дзевяць твораў манументальнага мастацтва, прысвечаных падзеям ваеннай гісторыі. Усяго на тэрыторыі вобласці знаходзіцца больш за 1300 форм увекавечання, з іх амаль 800 — воінскія пахаванні. За пяць гадоў вернуты з небыцця імёны 7707 раней невядомых абаронцаў і ахвяр вайны. У рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ўстаноўлена яшчэ 35 населеных пунктаў, знішчаных у гады вайны. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў значную ролю моладзі ў гэтым кірунку. Сумесна з маладым пакаленнем працягваюцца пашырацца метады і формы работы па захаванні гістарычнай памяці як асновы духоўных і культурных традыцый.

Па наказах Мітрапаліта Філарэта

З тым, як у рэгіёне захоўваецца гістарычная памяць, парламентарыі змаглі ўпэўніцца пры наведванні канкрэтных аб’ектаў.

Адным з іх стала гродзенская гімназія № 10, якой летась прысвоена імя Мітрапаліта Філарэта. Беларускаму духоўнаму дзеячу прысвечана экспазіцыя, важнае месца якой займаюць асабістыя рэчы — слуцкі пояс, які ён адзяваў падчас урачыстасцяў, а таксама ікона — панагія — з выявай Божай Маці, якую носяць вышэйшыя чыны духавенства. Рэчы захоўваюцца ў рэсурсным цэнтры «Беларусь. Лёс. Айчына», стварэнне якога стала лагічным працягам духоўных традыцый гімназіі. А папярэднічала гэтаму значная работа ўсяго калектыву.

Так, навучальная ўстанова прымае актыўны ўдзел у адкрытых навукова-практычных канферэнцыях «Гарадніца», падчас якіх вядзецца гаворка пра гістарычныя каштоўнасці, важнасць іх захавання ў сучасным грамадстве. Штогод гімназісты і педагогі ўдзельнічаюць у «Адкрытых Каложскіх чытаннях» і атрымліваюць дыпломы. Займаюцца тут і валанцёрскай работай. Гродзенская праваслаўная епархія падтрымлівае калектыў педагогаў і вучняў.

Гімназія з’яўляецца пляцоўкай абласнога конкурсу творчых і даследчых работ «Філарэтаўскія чытанні», па выніках якога выдадзены зборнік найлепшых работ. Летась калектыў гімназіі стаў лаўрэатам Прэміі імя Мітрапаліта Філарэта «За высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі». Яшчэ адна высокая ўзнагарода — занясенне на рэспубліканскую Дошку гонару ў якасці пераможцы спаборніцтва ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый адукацыі. Гэта стала магчымым дзякуючы створанаму тут медыяцэнтру, які, па словах дырэктара гімназіі Алены Зінчук, дазваляе развіць медыяадукаванасць дзяцей, садзейнічае фарміраванню патрыятычных якасцяў. Дзякуючы тэхнічнай базе, створаны адукацыйны сайт, праводзяцца тэлемасты, медыяэкскурсіі, у тым ліку па старонках ваеннай гісторыі. Цікавы экскурс — па храмах Гродзеншчыны.

Наталля Качанава высока ацаніла дзейнасць рэсурсных цэнтраў і запрасіла яго актывістаў наведаць Савет Рэспублікі. У якасці падарунка гімназіі быў уручаны сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

На думку спікера верхняй палаты парламента, вучні павінны ведаць гісторыю не толькі па падручніках. Варта арганізоўваць паездкі па знакавых месцах Беларусі, дзе захаваліся гістарычныя аб’екты, месцы, якія звязаны з важнымі гістарычнымі падзеямі. Такая работа павінна насіць сістэмны характар.

Наталля Качанава станоўча ацаніла ўвядзенне новага прадмета для старшакласнікаў «Гісторыя Беларусі ў кантэксце Сусветнай гісторыі», ініцыіраванага Міністэрствам адукацыі. А для 1–4 класаў падрыхтаваны падручнік «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», які з’явіцца ў школах у кастрычніку гэтага года. «Педагогі павінны выконваць яшчэ і выхаваўчую функцыю, — лічыць Старшыня Савета Рэспублікі, — каб чалавек быў не толькі адукаваным, але і патрыётам сваёй краіны. А нам ёсць чым ганарыцца».

Работа па прысваенні ўстановам адукацыі імёнаў герояў вайны, ветэранаў, знакамітых асоб Гродзеншчыны вядзецца ў рэгіёне другі год. Усяго на сёння ганаровага звання ўдастоены больш за 60 школ і гімназій.

Запыт на самабытнасць

Таксама ўдзельнікі пасяджэння наведалі Цэнтр рамёстваў «Спадчына» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.

Аб захаванні народных традыцый сведчаць выставачныя экспазіцыі. Парламентарыі змаглі пазнаёміцца з традыцыйнымі народнымі рамёствамі і нават паўдзельнічаць у майстар-класах. Напрыклад, вядомы народны майстар Дамініка Кавалёнак расказала аб асаблівасцях складання «гродзенскай вярбы». Для кампазіцыі жанчына сама вырошчвае прыгожае аздабленне, затым расліны сушацца, пры неабходнасці фарбуюцца, затым афармляецца святочная вярба. Традыцыя з’яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Такі ж статус мае і роспіс сапоцкінскіх велікодных яек. Напачатку растопленым воскам наносіцца узор, затым — афарбоўка. У складзе фарбы тут прымяняецца кара дуба і ржавы метал. Такім чынам на чорным фоне з’яўляецца светлы ўзор. А майстар па тэхніцы выцінанкі Станіслаў Муліца расказаў, што пачаў захапляцца гэтай творчасцю з дзяцінства. А ўзорам сталі вясковыя папяровыя фіранкі на вокнах. З гадамі майстэрства ўдасканальвалася, і цяпер майстар мае званне «Народны».

Дарэчы, у Гродзенскай вобласці знаходзіцца 23 аб’екты, якія ўваходзяць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

— На пляцоўцы Цэнтра рамёстваў «Спадчына» мы таксама прадставілі майстроў і творы па саломапляценні, стварэнні габеленаў, кераміцы. Прысутнічае і наша батлейка, якая нядаўна ўключана ў Дзяржаўны спіс культурнай спадчыны. Прыемна адзначыць, што тры носьбіты гэтага спіса адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі, — паведаміла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

Многіх удзельнікаў уразіла жаночае адзенне, аздобленае саламянымі ўзорамі. Тонкая работа выклікала шмат эмоцый, у тым ліку з боку Наталлі Качанавай. На думку Старшыні Савета Рэспублікі, такія ўнікальныя традыцыі варта прадстаўляць як мага шырэй, на значных рэспубліканскіх і міжнародных форумах. Наогул, як мага больш прапагандаваць культурныя здабыткі.

— Тэма духоўна-маральных каштоўнасцяў, гістарычнай праўды ў сучасным свеце значна вырасла. Таму задача Савета Рэспублікі скіравана на тое, каб як мага больш працаваць з органамі мясцовага кіравання і самакіравання па захаванні традыцыйных каштоўнасцяў, самабытнасці беларускага народа, даводзіць праўду аб мінулым маладому пакаленню, — акцэнтавала ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі.

На яе думку, такія выязныя пасяджэнні варта праводзіць у больш пашыраным складзе. Гэта дасць магчымасць пераняць вопыт, павучыцца таму, што робіцца ў канкрэтным рэгіёне і распаўсюдзіць гэты момант паўсюдна. Асаблівую ролю, па словах Наталлі Качанавай, трэба надаваць візуалізаваным сродкам інфармацыі, якія б адлюстроўвалі сучасны лад жыцця. На гэта варта скіраваць і работу Маладзёжнага парламента.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.