Фільм «Чорны замак Альшанскі» выйдзе вясной 2024 года. Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей падчас прэс-канферэнцыі «Пытанні развіцця кінематаграфічнай сферы ў Беларусі на сучасным этапе», перадае БелТА.
Здача фільма «Чорны замак Альшанскі», вытворчасць якога была запушчана ў снежні 2022 года, плануецца ў красавіку 2024 года. «Ужо ажыццяўляецца мантаж і гукавое афармленне знятага матэрыялу, а таксама вырашаюцца іншыя тэхнічныя пытанні. Гэты фільм мы будзем прадаваць і ў Расію, і на стрымінгавыя пляцоўкі. Таксама ў працы знаходзіцца фільм «Казбек» — гісторыя партызанскага руху і пачатку аперацыі «Баграціён». Яго мы плануем выпусціць да 9 мая 2024 года, а здадзім у гэтым годзе. Вельмі нядрэнна ўключыўся ў працу малады кінарэжысёр Кірыл Халецкі. Яго фільм «Кіношнікі» будзе паказаны падчас кінафестывалю «Лістапад», — распавёў Юрый Аляксей.
Паводле слоў гендырэктара, кінастудыя таксама прадставіць фільмы пра Белавежскую пушчу і Бярэзінскі біясферны запаведнік. «З дапамогай анімацыі ў гульнявой форме мы раскажам малодшаму пакаленню аб мемарыялах і сімвалах нашай краіны. Так мы зможам фарміраваць свядомасць нашых дзяцей», — падкрэсліў ён.
«На кінастудыі замацавана 19 маладых людзей, студэнтаў факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яны працуюць і вучацца ў нашых спецыялістаў. Так мы рыхтуем моладзь, якая праз некалькі гадоў размяркуецца на кінастудыю і будзе займацца вытворчасцю і выпускам кінакарцін. Хочацца, каб яны знайшлі сваё месца і прымалі ўдзел у напісанні сцэнарыяў. Безумоўна, мы будзем развівацца далей з улікам нашых магчымасцяў і сусветных тэхналогій кінаіндустрыі. На маю думку, беларуская студыя павінна здымаць кіно, якое неабходна гледачу. Далейшую вытворчасць фільмаў будзем засноўваць на нашай гісторыі і фальклоры, праз дакументалістыку станем прасоўваць гісторыі нашых людзей, а таксама паказваць, якія рэжысёры пакінулі свой след падчас працы на «Беларусьфільме», — дадаў Юрый Аляксей.
Беларускі рэжысёр і акцёр Аляксандр Яфрэмаў заўважыў, што на кінастудыі з’явілася велізарная плеяда маладых кінематаграфістаў. «Я вельмі разлічваю, што гэтыя маладыя хлопцы зробяць рашучы крок наперад, які будзе гаварыць аб канкрэтным і досыць перспектыўным напрамку развіцця кінастудыі. Для мяне важна, што наша кіно звяртаецца ў бок, куды варта пастаянна глядзець. Мы развучыліся здымаць кіно пра саміх сябе, а айчынны кінематограф павінен распавядаць пра тое, што адбываецца з намі цяпер», — дадаў Аляксандр Яфрэмаў.
Прэв’ю: БелТА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.