З мэтай вывучэння стаўлення насельніцтва Рэспублікі Беларусь да сістэмы школьнай адукацыі Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі было праведзена тэлефоннае апытанне. Яно было рэалізаванае 21 чэрвеня — 11 ліпеня бягучага года ва ўсіх абласных цэнтрах, у сталіцы, асобных раённых цэнтрах і ў сельскіх населеных пунктах. Мэтавая выбарачная сукупнасць склала 900 рэспандэнтаў ва ўзросце да 60-ці гадоў (памылка выбаркі ±3,3 %).
Ацэньваючы работу нацыянальнай сістэмы школьнай адукацыі, 71,7 % грамадзян краіны адгукнуліся аб ёй у станоўчым ключы. Нейтральна да функцыянавання дадзенай сістэмы ставіцца кожны пяты апытаны (20,9 %), адмоўна — усяго 5,6 %. Не змаглі даць адказ 1,8 % апытаных.
Пры гэтым рэспандэнтам было зададзена пытанне аб тым, ад чаго, на іх думку, залежыць узровень адукацыйнай падрыхтоўкі навучэнца. Найважнейшым удзельнікі апытання лічаць жаданне самога дзіцяці адказна вучыцца (80,3 %). На другім месцы размясціўся ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў (61,2 %), а на трэцім — імкненне саміх бацькоў даць дзіцяці адукацыю (48,4 %).
Апытаныя таксама бралі пад увагу здольнасці дзіцяці (42,4 %), наяўнасць магчымасці наведваць бясплатна гурткі/заняткі па выбары (26,2 %), узровень адукацыі бацькоў дзіцяці (18,9 %) і матэрыяльны дабрабыт сем’яў у цэлым (14,1 %). Варыянт «Іншае» абралі 2,2 % апытаных. Не змаглі даць адказ 1,6 %.
Меркаванні апытаных аб тым, якім чынам неабходна праводзіць адбор ва ўстановы вышэйшай адукацыі, размеркаваліся наступным чынам: за вяртанне школьных іспытаў і замену цэнтралізаванага тэсціравання на класічныя ўступныя іспыты выступілі 30 % рэспандэнтаў. Таксама падтрымліваюць вяртанне экзаменаў пасля заканчэння школы, але з захаваннем цэнтралізаванага тэсціравання, 21,2 % удзельнікаў апытання. Лічаць, што неабходна аб’яднаць школьныя іспыты з уступнымі іспытамі 16,7 % рэспандэнтаў.
Толькі кожны дзясяты ўдзельнік апытання (11,7 працэнта) выступае за тое, каб пакінуць цэнтралізаваны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне. Мяркуюць, што неабходна замяніць усе цэнтралізаваныя тэсціраванні на цэнтралізаваныя экзамены 8,7 % апытаных. Варыянт «Іншае» выбралі 2,0 % рэспандэнтаў. Пытанні выклікала цяжкасці з адказаў у 9,8 % апытаных.
Большасць беларусаў так ці інакш станоўча ставяцца да ўвядзення адзіных элементаў школьнага адзення ва ўстановах адукацыі (камізэлька, гальштук, значок і г.д.): аб гэтым заявілі 70,4 % апытаных. У той ці іншай ступені адмоўна ставяцца да дадзенага новаўвядзення 26,9 % рэспандэнтаў. Не змаглі даць адказ усяго 2,7 %.
На больш канкрэтнае пытанне адносна ўвядзення абавязковай школьнай формы для ўсіх навучэнцаў 69,7 % апытаных адказалі, што падтрымліваюць дадзеную прапанову. Адмоўна паставіліся б да такога новаўвядзення 28,6 % рэспандэнтаў. Не змаглі даць адказ 1,7 % удзельнікаў апытання.
Надзея НІКАЛАЕВА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.