Вы тут

Цікавосткі беларускіх храмаў


Давайце цяпер адправімся ў невялікае паломніцтва па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях разам са «Звяздой» і Нацыянальным агенцтвам па турызме. Паглядзім на незвычайны храм-крэпасць, памолімся каля цудатворнага вобраза Жыровіцкай Божай Маці і паслухаем дзіўныя гісторыі пра мясцовыя святыні ад настаяцеля вясковага храма.


Малітва і абарона

Першы пункт — адзін з самых незвычайных храмаў Беларусі, царква Святога Архістратыга Міхаіла ў Сынкавічах Гродзенскай вобласці. Што ж у ёй такога ўнікальнага? А тое, што гэты храм больш нагадвае крэпасць, чым стандартную праваслаўную царкву. Яго архітэктура не мае аналагаў у свеце, ёсць толькі падобныя ў Польшчы і Шчучынскім раёне.

Існуе легенда, што пабудавана царква па загадзе вялікага князя літоўскага Вітаўта ажно ў XV стагоддзі. Памятаеце тую вядомую гісторыю, як Вітаўт быў зняволены сваім стрыечным братам Ягайлам у Крэўскім замку і як збег адтуль, пераапрануўшыся ў жаночую сукенку? Дык вось нейкі час ён хаваўся ў той самай мясцовасці, дзе цяпер стаіць дзівосны храм. Тады на яго месцы была толькі невялікая крэпасць, акружаная з двух бакоў рэчышчамі мясцовай рачулкі Бярозы. Пасля таго як Вітаўт узышоў на вялікакняжацкі пасад, ён загадаў перабудаваць тую крэпасць у праваслаўны храм, у якім змяшаліся ранняя готыка і старажытная Візантыя.

Цікава тое, што назва вёскі таксама звязана з будаўніцтвам храма. Легенда гаворыць, што некалі тут адбылася трагедыя. Царкву будавалі бацька з сынам. Раптам сын сарваўся з лясоў і разбіўся насмерць. Бацька быў у роспачы і крычаў: «Сынку мой, сынку!» Неўзабаве вакол царквы з'явілася вёска, якую так і назвалі, — Сынкавічы.

Храм перажыў шмат гістарычных падзей. Ён быў і праваслаўным, і ўніяцкім, і каталіцкім, а ў савецкі час нават служыў сховішчам для агародніны.

У 1993 годзе царква вярнулася праваслаўным. На жаль, у вёсцы Сынкавічы няшмат людзей, таму храм не мае ўласнага прыходу, але, тым не менш, богаслужэнні тут здзяйсняюцца рэгулярна па суботах, нядзелях і святочных днях, бо прыезджых паломнікаў тут хапае. Да таго ж у царкве знаходзіцца свая святыня: абраз Божай Маці «Усецарыца». У гонар яе асвечана святая крыніца, якая размешчана зусім непадалёк ад храма, там жа ёсць гасцініца для паломнікаў.

Цэнтр беларускага праваслаўя

Наступны пункт у нашай вандроўцы — Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Гісторыя гэтага духоўнага цэнтра Беларусі пачалася ў 1470 годзе са знаходжання іконы Божай Маці. Выява была нерукатворнай, і знайшлі яе пастухі сярод галін дзікай грушы. Незвычайная ікона Багародзіцы з немаўлём прыцягнула іх сваім ззяннем, яны прынялі гэта за цуд і паспяшаліся аднесці знаходку свайму гаспадару, скарбніку ВКЛ Аляксандру Солтану. Аднак памешчык не адрозніваўся набожнасцю і схаваў ікону ў куфэрак. Увечары ён хацеў паказаць цуд гасцям, але, на здзіўленне, выявіў, што ікона знікла. Знойдзена яна была на другі дзень на той жа грушы. Гэтым разам Солтан зразумеў вартасць святыні і паабяцаў пабудаваць у Жыровічах на гэтым месцы храм у гонар Прасвятой Багародзіцы. Сваё слова стрымаў: хутка тут з'явіўся драўляны храм.

На жаль, гісторыя яго была зусім нядоўгай. У 1520 годзе ў Жыровічах здарыўся пажар. Храм згарэў, а нерукатворны вобраз быў страчаны. Ад ранейшых пабудоў засталася толькі царкоўная школа. Гэта і адыграла ключавую ролю ў другім з'яўленні Жыровіцкай іконы. Пасля ўрокаў дзеці выпадкова зайшлі на пагорак і ўбачылі дзіўную карціну: на камені сядзела Божая Маці, атачоная незямным ззяннем, а ў руках у яе была страчаная ў пажары ікона. Дзеці пабеглі ў вёску, каб паклікаць дарослых. Калі яны вярнуліся туды, то Багародзіцы ўжо не было, затое на камені застаўся цудатворны абраз. На гэтым месцы ў XVІІ ст. была пабудавана Яўленская царква. Гэты камень тут таксама застаўся да нашых дзён у алтары пад пасадам.

Калі прайсці крыху далей ад Яўленскай царквы, то па дарожцы можна выйсці наўпрост да Крыжаўзвіжанскага храма. Ён мае неўласцівую для праваслаўнай царквы архітэктуру. Тлумачыцца гэта тым, што на працягу 200 гадоў гэты храм быў уніяцкі. Што ў ім незвычайнага? Уся справа ў лесвіцы, якая займае палову ўнутранай прасторы будынка. Яна з'яўляецца копіяй Святых усходаў з Латэранскай базілікі Св. Іаана ў Рыме. Раней існавала традыцыя, у адпаведнасці з якой паломнікі на каленях уздымаліся па дваццаці васьмі прыступках Святой Лесвіцы, суправаджаючы свой шлях адмысловымі малітвамі. І таму ў кожнай прыступцы былі закладзены мошчы рускіх святых. Але ж традыцыя адышла ў мінулае, і святыя часціцы перанеслі ў іншае месца.

Сёння Жыровіцкі манастыр па праве лічыцца адным з галоўных цэнтраў беларускага праваслаўя. Апроч храмаў, тут таксама ёсць святыя крыніцы, эдэмскі сад, Мінская духоўная семінарыя, музей. Да таго ж для паломнікаў тут прадугледжаны спецыяльныя гасцініцы.

Дзіва глыбінкі

Асаблівы дух пануе ў вясковых цэрквах. Здаецца, усё такое роднае і хатняе, што ўзнікае жаданне затрымацца тут даўжэй. Такое адчуванне засталося і пасля яшчэ аднаго пункта нашага падарожжа — Царквы Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Лыскава.

Знешне яна ўражвае незвычайнай архітэктурай, у якой прысутнічаюць рысы культавай архітэктуры Закарпацця і стылю мадэрн. А ўнутрана — прыхаджанамі, якія робяць гэтую царкву асаблівай. «Золата ў нас няма — людзі золата», — так гаворыць аб сваім прыходзе настаяцель храма Аляксандр Багдановіч. Дарэчы, ён служыць тут ужо больш за 40 гадоў і, здаецца, ведае ўсё аб гэтай цудоўнай царкве. Так, з любоўю і трапятаннем ён расказаў нам пра цікавую мясцовую святыню — камень, на якім выразна відаць выяву крыжа.

Раней было прынята, што крыж-ахоўнік стаяў у пачатку і ў канцы вёскі, а то і ў сярэдзіне. Але тут усё змянілася пры Хрушчове. Аднойчы Васіль, адзін з жыхароў вёскі, убачыў, што такога крыжа-ахоўніка няма. Прыйшоў у хату да жонкі сваёй Веры і кажа:

— Вера, крыжа няма — зрэзалі. Як будзем жыць далей?

— Як жылі, так і будзем жыць. Галоўнае, што крыж у сэрцы, — адказала яна.

Ноччу Васілю прысніўся сон: прыйшла да яго прыгожа апранутая жанчына і кажа: «Васіль, вось гэты так не зрэжуць», і паказвае на крыж. Ён прачнуўся і не зразумеў: як не зрэжуць, калі ўжо зрэзалі.

Назаўтра мужчына паехаў на поле араць. Праз некаторы час пачаў сыпаць дробны дожджык, з-за чаго плугі глыбока лезлі ў зямлю. Раптам трактар заглух. З-за цемры нічога не было відаць, таму Васіль са сваім напарнікам не сталі разбірацца, у чым справа, і проста разышліся па дамах.

На наступны дзень Васіль машынальна сеў за руль трактара, і той раптам завёўся. Атрымліваецца, заглух ён зусім не з-за праблем з механікай: яго руху нешта перашкодзіла звонку. Пайшоў ён глядзець, што магло заглушыць трактар, і знайшоў пад плугам невялікі камень, які з-за сваіх памераў ніяк не мог спыніць такую машыну. Васіль ачысціў камень ад зямлі і ўбачыў на ім выяву крыжа. «Дык вось што спыніла!» — падумаў мужчына. Ён забраў гэты камень да сябе дадому, абмыў і захоўваў доўгія гады. Толькі перад сваёй смерцю пагадзіўся перадаць яго мясцоваму храму.

«Захоўваю як сведчанне, што цуд Гасподні заўсёды можа быць», — падсумаваў сваё апавяданне айцец Аляксандр.

А яшчэ самы сапраўдны цуд — гэта тое, што такія дзіўныя месцы знаходзяцца зусім побач з намі, у нашай прыгожай старажытнай Беларусі. Засталося толькі сабрацца ў невялікае паломніцтва, каб убачыць усё гэта на свае вочы і адчуць кожную святыню сваёй душой.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.