Вы тут

Качанава: Няма больш добрай і патрэбнай прафесіі, чым настаўнік


Напярэдадні Дня настаўніка Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з актывам Беларускага саюза жанчын Маскоўскага раёна Мінска. Сустрэча прайшла ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ранак». Спікер верхняй палаты парламенту расказала пра законатворчую дзейнасць і пытанні сацыяльнай палітыкі і нацыянальнай бяспекі нашай дзяржавы, запрасіла жанчын да шчырага дыялогу і прапанавала звяртацца з любымі пытаннямі. Напрыканцы сустрэчы Наталля Качанава ўзнагародзіла найлепшых педагогаў падзякамі Старшыні Савета Рэспублікі.


Людзі, якія пакідаюць след на ўсё жыццё

У зале сапраўды было шмат настаўнікаў і педагогаў, а ў фае цэнтра арганізавалі выставу як музейных экспанатаў, даследаваннем якіх займаюцца школьнікі, так і творчасці дзяцей і саміх педагогаў. Напрыклад, свае работы прадставіла член БСЖ, старшы выкладчык кафедры генетыкі біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Лія Кучко.

— Вы, упэўнена, выдатны педагог, бо такія работы можа напісаць толькі чалавек са шчырым і добрым сэрцам, — падзялілася меркаваннем Наталля Качанава, пазнаёміўшыся з Ліяй Сямёнаўнай.

Увогуле з нагоды Дня настаўніка Наталля Іванаўна адзначыла, што няма больш добрай і патрэбнай прафесіі, чым настаўнік.

— Настаўнік — той чалавек, з якім у жыцці сустракаецца кожны, і ён пакідае ў нас след на ўсё жыццё. Канешне, роля настаўніка вялікая: гэта і адукацыя, і выхаванне юнага пакалення. Усе мы праносім праз жыццё вобраз таго настаўніка, які ў дзяцінстве пакінуў уражанне не толькі як педагог, але і добры сябар. Таму напярэдадні прафесійнага свята хачу падзякаваць нашых педагогаў, настаўнікаў, выхавацеляў, якія займаюцца такой няпростай, але вельмі патрэбнай нам працай. Усім ім нізкі паклон і шчырыя словы ўдзячнасці, — сказала Наталля Качанава.

Размову з актывам БСЖ спікер Савета Рэспублікі пачала, адзначыўшы, што такія сустрэчы праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах. Зусім нядаўняя прайшла ў Віцебскай вобласці.

— Такі дыялог дае нам магчымасць прымаць правільныя рашэнні на карысць нашай краіны і нашага народа, — адзначыла Наталля Качанава. Далей яна пазнаёміла прысутных з дзейнасцю Савета Рэспублікі.

Законы ідуць ад жыцця

— За мінулую сесію, якая доўжылася з верасня 2022 да ліпеня 2023 года, адпрацавана 302 законапраекты, якія былі прыняты і падпісаны. Цяпер працуем над планам законапраектаў на 2024 год, — расказала спікер Савета Рэспублікі.

Яна падкрэсліла, што ўсе законы ідуць ад жыцця.

— Пасля 2020 года мы ўбачылі, што варта мяняць, напрыклад, закон «Аб масавых мерапрыемствах». Мы сутыкнуліся з тым, што людзі не разумелі, што ёсць закон, які нельга пераступаць. Таму і ўносілі змены ў крымінальны, крымінальна-працэсуальны кодэксы, — расказала Наталля Качанава.

Таксама нагодай для карэкціроўкі заканадаўства нярэдка становяцца звароты грамадзян і нават дзелавыя паездкі.

— У Расіі з Валянцінай Іванаўнай Матвіенка мы наведвалі манастыр, і я ўбачыла, які выдатныя ўстановы створаны пры жаночых манастырах. Гэта прытулкі для дзетак, якія засталіся без бацькоў, яны там жывуць і вучацца. Я падумала: чаму б заканадаўча не дазволіць гэта ў нас? Калі такая магчымасць і патрэба ў святароў ёсць, было б магчыма і нядрэнна. Мы прапанавалі, і паглядзім, як гэта спрацуе, — падзялілася старшыня Савета Рэспублікі.

Таксама яна выказала меркаванне, што за непрацяглую суверэнную гісторыю нашай краіны пабудавана выдатная незалежная дзяржава.

— Прыгожая, дагледжаная, добраўпарадкаваная, з усім тым, што сёння для нас вельмі важна. Як сказаў нядаўна прэзідэнт на сустрэчы з маёй калегай з Узбекістана, наша палітыка — гэта жыццё нашых людзей. Яшчэ адзін тэзіс, які агучвае кіраўнік нашай дзяржавы, — гэта справядлівасць і справядлівыя адносіны да людзей і ўсяго таго, чым мы займаемся. Пабудаваўшы такую краіну, мы мусім зрабіць усё, каб гэты суверэнітэт і незалежнасць захаваць, — падкрэсліла Наталля Качанава.

Прыярытэт — сацыяльная справядлівасць

Звярнулася спікер Савета Рэспублікі і да пытанняў сацыяльнай палітыкі. Яна расказала, што ў хуткім часе ў Полацку будзе арганізавана форум «Шчаслівая сям’я – шчаслівая дзяржава», дзе урачы, педагогі, святары, тыя, хто працуе з моладдзю, паразважаюць пра ролю бацькі і маці, сямейныя каштоўнасці.

— Нас не можа не непакоіць, што нашы маладыя людзі сёння позна уступаюць у шлюб — у 27 ці 28 гадоў. Сярэдні ўзрост, у якім жанчына нараджае першае дзіця, — 27 гадоў ці нават больш. Дзяўчаты думаюць пра кар’еру, хлопцы — пра кватэру, машыну, добрую работу, а дзеці — потым. А потым, на жаль, позна. Усё ў гэтым жыцці варта рабіць своечасова. І паважаныя жанчыны, наша з вамі работа — тлумачыць, гаварыць пра гэта, у тым ліку, і ў сям’і.

Наталля Качанава нагадала, што каля 50 % кансалідаванага бюджэту ідзе на сацыяльныя расходы — ахову здароўя, адукацыю, ахову і бяспеку, навуку, культуру, спорт і фізічную культуру. А ў гарадах і раёнах гэта лічба даходзіць да 70 % бюджэту. А бюджэт — гэта падаткі людзей, якія працуюць.

— У Мінску колькі людзей, якія не працуюць, і не ўсе з іх бедныя. І тыя, хто працуе і робіць унёсак у эканоміку, карыстаюцца бясплатнай адукацыяй і аховай здароўя, і тыя, хто не працуе — таксама. Але ж патрэбна сацыяльная справядлівасць. Можна не працаваць па розных прычынах, і я зараз не маю на ўвазе хворых людзей ці з інваліднасцю. І мы думаем над тым, каб не прымаць непапулярныя меры, з аднаго боку, і з іншага, каб была сацыяльная справядлівасць, — удакладніла Наталля Качанава.

Яна паведаміла, што ў хуткім часе у сталіцы пад кантроль возьмуць праходжанне дыспансерызацыі.

— У Мінску дыспансерызацыю паставім на жорсткі кантроль і зробім яе рэальнай. Разам з тым медыкаў трэба падтрымліваць, — адзначыла яна, праінфармаваўшы, што на 2024 год на сістэму аховы здароўя выдаткавана 11 мільярдаў рублёў. — Будуюцца паліклінікі, новыя карпусы бальніц, выбудавана сістэма, пачынаючы ад ФАПАў да РНПЦ, чатыры ВНУ рыхтуюць спецыялістаў. Чалавек павінен атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, і няважна, дзе ён жыве. Калі па месцы жыхарства няма магчымасці яе аказаць, значыць трэба аказаць у Мінску.

Наталля Качанава адзначыла, што ў хуткім часе будуць апрабаваныя новыя формы работы, сістэма па выяўленні на ранняй стадыі небяспечных захворванняў будзе ўдасканалена.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.