Вы тут

Падрабязнасці рабочай паездкі кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскую вобласць


Наведваючы Бялыніцкі раён, Александр Лукашэнка асабіста праверыў, як выконваюцца яго даручэнні па комплексным рамонце дарог у перспектыўных сельскіх населеных пунктах, па развіцці жывёлагадоўлі і нарошчванні вытворчасці каштоўных парод рыб. Акрамя таго, ішла размова аб эканамічных паказчыках рэгіёна. Прэзідэнт звярнуў увагу і на праблемныя пытанні вобласці.


«Галоўнае — гэта аграгарадкі»

Падчас наведвання аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна Прэзідэнту паказалі, як будзе выглядаць вёска будучыні. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў пра добрую практыку савецкіх часоў — адрасы перадавога вопыту. Аграгарадок Вішоў — адзін з такіх адрасоў.

Менавіта добраўпарадкаванне аграгарадкоў стала тэмай рабочай паездкі беларускага лідара — «практычных заняткаў», як ён сам заўважыў. У Беларусі такіх населеных пунктаў — 1417. «Што ўтойваць, насельніцтва сельскае ў будучым будзе жыць у аграгарадках, працэнтаў на 80 — 85, — сказаў Прэзідэнт. — Астатняе насельніцтва будзе ў буйных вёсках». Па яго словах, магчыма, будуць развівацца і некаторыя неперспектыўныя вёскі. Аднак пры ўмове, што да іх праявяць цікавасць прыватныя асобы.

«Але галоўнае — гэта аграгарадкі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы пішам там рознага кшталту кандыдацкія, доктарскія, дысертацыі — сорамна назву чытаць, не тое што глядзець на гэтую дысертацыю. Давайце на гэтыя тэмы будзем нешта пісаць, распрацоўваць. Тым больш спецыялістаў у нас дастаткова, якія добра ведаюць, як было, як ёсць і як будзе — гэта значыць цэлы пласт можна і трэба падняць для разважання і ўжо практыкі». Прэзідэнт перакананы: для таго, каб людзі заставаліся ў сельскай мясцовасці, варта ствараць адпаведныя ўмовы.

Па традыцыі, наведваючы рэгіёны, кіраўнік дзяржавы звяртае ўвагу на ход сельскагаспадарчых работ. Магілёўшчына не стала выключэннем. «Не магу сказаць, што не працуеш, — звярнуўся ён да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі. — Работы ідуць. Але баюся, што ты спазняешся. Проста расслабіла нас надвор’е, а яно на наступным тыдні пачне пагаршацца. Трэба паскарацца — як мінімум у два разы».

Па словах Прэзідэнта, найважнейшыя пытанні пры рабоце на зямлі на бягучы момант — уборка кукурузы і пасеў азімых. Акрамя таго, даручана добраўпарадкоўваць і абводненыя землі. Пастаўлена задача — узмацняць работу па міліярацыі, навёрстваць тое, што было ўпушчана раней.

«Якасць — найважнейшае пытанне»

У аграгарадку Вішоў Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з рэалізацыяй пілотнага праекта па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў перспектыўных сельскіх населеных пунктах, у тым ліку з прымяненнем цэменту. Прэзідэнту далажылі і аб тэмпах рамонтных работ на дарогах у цэлым па краіне.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі выканана яго даручэнне — прывесці ў парадак дарогі, і ці паспяваюць гэта зрабіць. Вярнуўшыся да дарожнага пытання ў сельскай мясцовасці, беларускі лідар адзначыў, што варта паглядзець на законнасць дзеяння кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на зямельных угоддзях. «Абсалютна перакананы (ёсць падазрэнні сур’ёзныя), што яны як будавалі ў свой час, так і будуюць новую вуліцу ў полі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Не павінен быць адвод зямельных угоддзяў. Гэта толькі са згоды Прэзідэнта. Сумняваюся, што тое, што я бачыў, усё ўзгадняў. Трэба паглядзець сур’ёзна, правесці рэвізію выкарыстання зямельных угоддзяў. Вуліца на 20 хат вымерла — з’ехалі людзі. Мы лезем на новыя ўчасткі, пачынаем там будаваць хаты. Давайце на гэтых участках (40 — 50 сотак) пабудуем дом або аддадзім чалавеку — няхай будуе, і будзем аднаўляць, рэанімаваць гэтую вуліцу, няхай яна жыве. Яна ўжо намоленная, мае сваю інфраструктуру: нейкая дарога, электрычнасць, газ... Навошта лезці ў поле? Гэта ж дзікія выдаткі. Трэба вывучыць гэтую тэму».

Як далажыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, па ўсёй краіне праведзена рэвізія самавольна занятых участкаў. За гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, трэба адказваць. Як і за якасць дарог. «Нельга рабіць дрэнна, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Квадратныя метры — добра, але якасць — найважнейшае пытанне. Трэба нам будучы год аб’яўляць Годам якасці. Усё ў нас добра: і аб’ёмы робім, і попыт на беларускае каласальны. Мы не паспяваем забяспечыць попыт Расіі. За плотам завёз — прадаў. Грошы ў нас ёсць газ, нафту купіць і гэтак далей. Але ў нас яшчэ ёсць праблемы з якасцю. Таму якасць і яшчэ раз якасць. І за гэта адказваць трэба!»

Прэзідэнт яшчэ раз паўтарыў: «Рыхтуйцеся да таго, што наступны год — гэта Год якасці. І на зямлі, і ў жывёлагадоўлі, і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы, і ў абслугоўванні, і ў дарогах». Што датычыцца якасных дарог, кіраўнік дзяржавы нагадаў добра вядомае — той, хто любіць катацца, павінен і санкі вазіць. А то на сям’ю — па дзве-тры машыны, а падатак на дарогі, які зусім не вялікі, заплаціць шкадуюць. «Мы ўзмоцнена імкнемся падтрымліваць якасць гэтых дарог, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Наш лёс такі, дзяржавы, звяртаць на гэта ўвагу і рамантаваць гэтыя дарогі, але рамантаваць трэба якасна — людзі гэта ўбачаць. Няякасна рабіць нельга. Якасць і яшчэ раз якасць».

На прыкладзе перспектыўнага населенага пункта Прэзідэнту паказалі розныя тэхналогіі рамонту вулічна-дарожнай сеткі. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі, як меншымі затратамі прывесці ў парадак дарожнае пакрыццё. Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч расказаў пра тры асноўныя задачы, якія выконваюцца пры рамонтных работах дарог: аператыўнасць, максімальна эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў і скарачэнне непатрэбных працэдур.

Аляксандр Лукашэнка згодны, што трэба адыходзіць ад бюракратычных перашкод. «Не трэба валакіціць, трэба рабіць хутчэй, — лічыць ён. — Трэба скончыць гэтую работу і сысці ад бюракратычных прынцыпаў. Варта рабіць па-гаспадарску і заўжды памятаць, што мы небагатыя людзі».

Прэзідэнт катэгарычна супраць бюракратызацыі. «Прыватнік хоча пабудаваць дом, а мы да яго лезем з рознымі нарматывамі, — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Хоча будаваць — няхай будуе. Ён жа для сябе будуе». А калі ва ўладальніка дома ўзнікне неабходнасць звярнуцца да праекціроўшчыкаў або МНС, то ён, па словах кіраўніка дзяржавы, зробіць гэта самастойна. У гэтай сувязі яшчэ адна задача — не варта скоўваць людзей фармальнымі патрабаваннямі.

Прэзідэнт азнаёміўся з тэхнікай, задзейнічанай падчас рамонтных дарожных работ. У кіроўцы бетонаўкладчыка беларускі лідар пацікавіўся, колькі гадоў той на ім адпрацаваў і ці добрая гэта машына. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка спытаўся, адкуль возяць бетон, і нагадаў сваё даручэнне аб тым, што на кожным будаўнічым аб’екце павінен быць свой міні-завод.

«На вашых вуліцах вучым усю краіну»

Жыхары Вішова не маглі прапусціць прыезд да іх у аграгарадок кіраўніка дзяржавы. Карыстаючыся магчымасцю, падзякавалі яму за ўвагу да сельскай мясцовасці, падтрымку шматдзетных сем’яў і жыццё пад мірным небам.

«Такі гонар выпаў, што вы да нас прыехалі, — звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі адна з жыхарак аграгарадка. — Дзякуй вам, што тут мір, што мы пенсіі своечасова атрымліваем, у такой прыгажосці жывём!»

«На вашых вуліцах вучым усю краіну, як трэба наводзіць парадак», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ëн нагадаў, як яшчэ 25 — 30 гадоў таму ўсе крычалі: падзяліць калгасы, саўгасы і раздаць і фермерам. Іншыя казалі, што, дапамагаючы калгасам і саўгасам, Прэзідэнт закопвае грошы.

Мясцовыя жыхары заўважылі, што ім пашанцавала з кіраўніком гаспадаркі. Аграгарадок з’яўляецца часткай Бялыніцкага СВК «Калгас «Радзіма», які ўзначальвае Алег Лапацентаў. Кіраванне калгасам ён пераняў у спадчыну ад бацькі — Аляксандра Лапацентава, на сельскагаспадарчыя дасягненні якога рэгулярна спасылаецца Прэзідэнт. «Чаму і дапамагаю: таму што на яго плечы (кіраўніка гаспадаркі. — „Зв“.) кладзецца не толькі бізнес (на полі нарыхтаваў, на ферме вырабіў, прадаў), а вуліцы, вёскі, пенсіянеры, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка сваю ўвагу да развіцця сельскіх населеных пунктаў. — Усё гэта на яго плячах. Плюс — старшыня сельскага Савета. Таму я і дапамагаю калгасам, саўгасам, таму што яны глядзяць за пенсіянерамі, школамі, садкамі і іншае. Гэта не фермера работа, гэта дзяржавы. Я ад гэтага не адыходзіў. Вунь тыя, хто разбурыў, сёння ваююць. І ўжо зямля нават там не іх фермераў, а дзядзькаў з-за акіяна. І ў нас гэта было. Прыйшлося імем рэвалюцыі адбіраць. Вось для таго, каб быў мір, нам трэба ўкалываць, укалываць і ўкалываць».

Асаблівая падзяка кіраўніку дзяржавы ад мясцовых жыхароў — за падтрымку шматдзетных сем’яў. Яе выказала шматдзетная маці, якая выхоўвае шасцярых дзяцей. У 2017 годзе жанчына атрымлівала ордэн Маці з рук Аляксандра Лукашэнкі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт распавёў аб уласным досведзе, калі будучы кіраўніком гаспадаркі ён дапамагаў шматдзетным сем’ям. Асаблівы падыход быў да тых дзяцей, чые бацькі выпівалі. «Трэба, каб грошы каб даходзілі да дзяцей, — такога меркавання кіраўнік дзяржавы прытрымліваецца дагэтуль. — Шматдзетным сем’ям будзем рабіць усё». У прыярытэце — і падтрымка ваеннаслужачых, якія, па словах Аляксандра Лукашэнкі, не павінны мець патрэбы ў жыллі.

Мясцовыя жыхары павіншавалі беларускага лідара з надыходзячым Днём настаўніка. Да гэтага свята кіраўнік дзяржавы мае непасрэднае дачыненне: па першай адукацыі ён — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства. «Цяпер вы настаўнiк ужо дзяржавы! — заявілі жыхары Вішова. — Мы в жадаем, каб вы заставаліся з намі як мага даўжэй».

У сваю чаргу Прэзідэнт адзначыў: «Мы з вамі вызначымся, як жыць далей, не хвалюйцеся. Прыйдзе час, мы выберам добрага кіраўніка. Толькі трэба акуратна і галаву на плячах трымаць!»

«Нічога не трэба выдумляць!»

Падчас наведвання малочна-таварнага комплексу «Лямніца» СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з умовамі ўтрымання буйной рагатай жывёлы, арганізацыяй вытворчасці малака і вырошчвання цялушак. Убачаным кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены. І гэта нягледзячы на тое, што памяшканні малочна-таварнага комплексу выглядаюць даволі проста: бетонная падлога, металічныя канструкцыі, драўляныя сцены, дах з шыферу. «Гэта самае лепшае памяшканне для жывёлы», — даў высокую ацэнку ўбачанаму беларускі лідар.

Як далажыў старшыня СВК Алег Лапацентаў, памяшканні ўвялі ў эксплуатацыю ў ліпені бягучага года, у рэканструкцыю ўсяго малочна-таварнага комплекса сельгаскааператыў уклаў 2,7 мільёна рублёў. На Міншчыне, напрыклад, малочна-таварныя комплексы будуюць у два разы даражэй.

«Нічога не трэба выдумляць, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. — Імем рэвалюцыі трэба гэта будаваць. Гэта тое, што нам сёння трэба, каб вывесці з адрын жывёлу ў такія памяшканні».

Па яго словах, рабіць падобныя комплексы з жалезабетону каштуе каласальных затрат. А вось драўляныя памяшканні такіх выдаткаў не патрабуюць. Тым больш, у каторы раз звяртае ўвагу беларускі лідар, сярод лесу жывём — бяры не хачу. Асабліва гэта актуальна пасля буралому, калі і лес можна выкарыстаць па прызначэнні, і парадак у лясным масіве навесці. 

Прэзідэнт канстатаваў, што гэта самае лепшае памяшканне малочна-таварнага комплексу, якое ён бачыў. «Гэта перспектыва, вельмі выгадная справа, — падкрэсліў ён. — Танна і сярдзіта. Малайцы! Для скаціны — гэта ідэальнае ўтрыманне. Вельмі добра! Не палац. Карове палац не патрэбен. Галоўнае, прастата. Каровы накормлены, свежае паветра...»

«Трэба імгненна пабудаваць»

Яшчэ адным пунктам рабочай паездкі Прэзідэнта на Магілёўшчыну стала наведванне ААТ «Фарэлевая гаспадарка «Лахва». Кіраўніку дзяржавы паказалі вытворчыя ўчасткі па вырошчванні каштоўных парод рыбы. Далажылі Аляксандру Лукашэнку і ў цэлым пра перспектывы развіцця рыбаводчай галіны. 

«Фарэлевая гаспадарка «Лахва» з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам фарэлі вясёлкавай у краіне. Экспарт тавараабароту за студзень — ліпень 2023 года склаў 725,4 тысячы долараў. Філіялы прадпрыемства размешчаны ў трох раёнах Магілёўскай вобласці. Магутнасць прадпрыемства — 500 тон фарэлі ў год.

Аднак магчымасці ў гэтай галіне, як запэўнілі Прэзідэнта, у рэгіёна яшчэ большыя. Яго праінфармавалі, што ў Краснапольскім раёне, паблізу ракі Палуж, плануецца стварыць комплекс па вытворчасці рыб каштоўных парод. Вытворчая магутнасць складзе тысячу тон фарэлі ў год. Папярэдні кошт праекта — каля 40 мільёнаў беларускіх рублёў. Яшчэ адзін рыбаводчы комплекс па вытворчасці аплодненай ікры фарэлі вясёлкавай з’явіцца ў Чэрыкаве. Яго будаўніцтва будзе каштаваць амаль 35 мільёнаў беларускіх рублёў. Праектная магутнасць складзе 25 мільёнаў ікрынак у год. Цяперашняя патрэбнасць Беларусі ў аплодненай ікры — 4 мільёны ікрынак у год. Пакуль яна завозіцца па імпарце. Спецыялісты пераконваюць: вытворчасць аплодненай ікры — справа перспектыўная.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў рэалізацыю гэтых двух праектаў. «Нават калі будзе не хапаць, пазычым крыху грошай, — паведаміў ён. — Але трэба гэта імгненна пабудаваць. Давайце будзем гэтыя два праекты рэалізоўваць».

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, што ў адной з гаспадарак краіны ўжо асвоілі вытворчасць чорнай ікры, якая па смакавых якасцях выйграе на сляпых дэгустацыях, атрымлівае высокія ацэнкі спецыялістаў. «Калі мы гэта можам рабіць і там добрая прыбытковасць, маржынальнасць, ну дык давайце пабудуем больш, — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. — Сядзьце і падумайце, што мы можам вырабляць тут (у Беларусі. — „Зв“.), якую рыбу. Корм ёсць» .

Вытворчасць сучасных камбікармоў, у тым ліку для рыб, наладжана ў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Такім чынам, з улікам даручэнняў, дадзеных кіраўніком дзяржавы падчас паездкі на Магілёўшчыну, можна быць упэўненымі ў тым, што планы павелічэння аб’ёмаў вытворчасці каштоўных відаў рыб, прадугледжаных Дзяржаўнай праграмай «Аграрны бізнес» на 2021 — 2025 гады, будуць не проста выкананы, а можа, і перавыкананы.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Бялыніцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.