Вы тут

У Кітаі адзначаюць чароўнае Свята сярэдзіны восені


У Кітаі пачынаюцца вакацыі з нагоды Дня ўтварэння КНР і Свята сярэдзіны восені, якія працягнуцца з 29 верасня па 6 кастрычніка — так званы «залаты тыдзень», перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн»


Свята сярэдзіны восені (Чжунцюцзэ), або, як яго яшчэ называюць, свята Месяца — другое па значнасці ў Паднябеснай пасля кітайскага Новага года. З 2008-га Чжунцюцзэ быў уключаны ў спіс нацыянальных святаў краіны. 20 мая 2006 года Дзяржсавет КНР унёс Свята сярэдзіны восені ў спіс першай партыі Дзяржаўнага нематэрыяльнай культурнай спадчыны. 

Паўната спадарожніка нашай планеты сімвалізуе адразу некалькі важных для кітайцаў паняццяў — гэта знак урадлівасці, яднання сям’і, завяршэння збору багатага ўраджаю. Звычайна Чжунцюцзэ выпадае на 15-е чысло восьмага месяца па месяцавым календары. Сёлета гэта якраз 29 верасня. І, па шчаслівым збегу абставінаў, настала поўня. Так што самы час паназіраць за чароўным Месяцам. Што, уласна кажучы, кітайцы з задавальненнем і робяць, яны па праву лічаць цяперашнюю поўню галоўнай у годзе.

Рамантычная традыцыя

Адзначаць свята сярэдзіны восені пачалі яшчэ больш чым тры тысячагоддзі таму ў часы дынастыі Шан. Пакланенне Месяцу заўсёды было важнай часткай кітайскай культуры, і існуе мноства розных міфаў, звязаных з паходжаннем свята. Адзін з самых папулярных — гэта рамантычная легенда пра народнага героя Хоу І і яго верную жонку Чан Э.

Паводле паданняў, калісьці на небасхіле свяцілі дзесяць сонцаў, спальваючы на зямлі ўвесь ураджай і прыносячы невымерныя бедствы. Адважны герой Хоу І змяніў ход падзей. Трапнымі стрэламі ён збіў з неба дзевяць сонцаў, пакінуўшы адно, якое з гэтага часу свяціла толькі днём. Людзі былі бязмерна ўдзячныя свайму выратавальніку. Нават Нябесная Імператрыца выказала сваё прызнанне Хоу І і паднесла яму падарунак — чароўны эліксір. Яго сіла магла ператварыць чалавека ў несмяротнае бажаство, якое вечна пасяляецца на нябёсах.

Хоу І горача любіў сваю жонку і не жадаў расстання з ёй, нават наўзамен на вечнае жыццё. Ён папрасіў Чан Э прыхаваць эліксір, а сам тым часам адправіўся на паляванне. Скарыстаўшыся адсутнасцю Хоу І, адзін з яго вучняў, Фэн Мэн, вырашыў займець запаветнае зелле. Ён прыйшоў у дом свайго настаўніка і, пагражаючы яго жонцы, патрабаваў аддаць яму эліксір. Але Чан Э не магла гэтага дапусціць і выпіла ўсё сама. У гэты ж момант яна ўзнялася на нябёсы. Але ёй было складана пераносіць расстанне з каханым, і, каб быць да яго бліжэй, Чан Э пасялілася на спадарожніку Зямлі. Сіла эліксіру зрабіла яе багіняй Месяца.

Калі Хоу І вярнуўся дадому з палявання і даведаўся пра тое, што здарылася, яго смутку не было межаў. Кожную ноч ён узнімаў свой погляд да нябёсаў і клікаў каханую. Менавіта 15-га чысла 8-га месяца месяц быў надзвычай яркі, і Хоу І здалося, што менавіта ў гэтую поўню ён бачыць постаць Чан Э. Ён папрасіў сваіх усталяваць алтар, каб пакланіцца ёй і выказаць свой смутак. Вельмі хутка пагалоска распаўсюдзілася сярод людзей, і ўсе даведаліся, што Чан Э ператварылася ў багіню Месяца. Людзі пачалі пакланяцца ёй, просячы аб дабрабыце і яе заступніцтве. З часам гэта стала традыцыяй, якая дайшла да нашых дзён.

Месяцавыя пернікі

Галоўнай стравай у гэты дзень лічыцца юэбін — месяцавы пернік. Гэта салодкае печыва, якое гатуецца на пары і звычайна падаецца з духмяным кітайскім чаем. Паколькі юэбін сімвалізуе паўнату і адзінства, падчас Чжунцюцзэ кітайцы ядуць месяцовыя пернікі разам з роднымі і сябрамі. Юэбіны — гэта таксама выдатны падарунак, каб выказаць любоў і пажадаць блізкім доўгага і шчаслівага жыцця. Хоць тыповыя месяцавыя пернікі звычайна невялікія, некаторыя з іх дасягаюць гіганцкіх памераў. У Кнігу рэкордаў Гінеса ў 2007 годзе быў занесены прысмак дыяметрам звыш васьмі метраў і агульнай вагой амаль 13 тон!

Асноўны інгрэдыент месяцовых пернікаў — яечны або качыны жаўток, а рыхтуецца гэты ласунак з рознымі начыннямі. Сярод найбольш распаўсюджаных — бабовая паста, корань лотаса, садавіна і нават мяса.

Найбольш вядомыя юэбіны — пекінскія, сучжоўскія, гуанчжоўскія і чаачжоўскія. Пернікі, як правіла, робяць круглымі, што сімвалізуе поўны Месяц. Большасць месяцовых пернікаў салодкія на смак, але не ўсе. Бываюць і салёныя, і вострыя. Штогод пекары імкнуцца разнастаіць існуючы асартымент і прыдумляюць новыя варыянты. Узоры і надпісы на перніках з’яўляюцца сімваламі дабрабыту і шчасця, прычым яны могуць адрознівацца ў залежнасці ад горада ці правінцыі. Падарункавыя скрынкі для месяцовых пернікаў звычайна не саступаюць па прыгажосці самім здобным вырабам.

Ліхтарыкі і танцы з... драконамі

Поўня ў сярэдзіне восені традыцыйна лічыцца найлепшым часам для шлюбу. У кітайскай міфалогіі бог Месяца адказвае за сардэчныя справы, таму ў гэты перыяд мноства пар бяруць шлюб, спадзеючыся на заступніцтва нябёсаў. Выраб і развешванне ліхтарыкаў адносіцца да асаблівых традыцый свята сярэдзіны восені. Звычайна яны аформлены ў шчаслівым чырвоным колеры, але няма абмежаванняў для крэатыву. Нярэдка на ліхтарыках пішуць загадкі, каб людзі маглі з задавальненнем разгадваць з сябрамі або сям’ёй. Часта іх развешваюць у парках, запускаюць у неба і па вадзе, таму шмат людзей шпацыруюць святочнымі вечарамі, каб паглядзець на восеньскія агеньчыкі. У некаторых парках усталёўваюць сцэны і паказваюць святочныя прадстаўленні, у іншых жа праводзяцца парады. Гэты фестываль вядомы таксама двума танцамі — танцам льва і танцам дракона.

Кажуць, што ў гэты дзень месяцовы дыск самы яркі і круглы у годзе. Вобраз «паўнаты» фігуруе ў некалькіх сэнсах: гэта час завяршэння збору ўраджаю, спадарожнік Зямлі з’яўляецца сімвалам жаночага пачатку, яе паўната — таксама сімвал урадлівасці. Паводле кітайскай традыцыі, спадарожнікам Чан Э на месяцы з’яўляецца трусік, які таўчэ ў ступе зёлкі неўміручасці седзячы пад карычным дрэвам, а таксама трохногая жаба — сімвал жаночага пачатку. Свята адзначаюць ўсёй сям’ёй, і семантыка «кола сям’і» прысутнічае ў падзеле пернікаў на ўсіх. Паставіць свечку ў курыльніцу каля храма — адна са старажытных традыцый свята сярэдзіны восені. У гэты час кожны загадвае жаданне. Жадаюць звычайна здароўя блізкім, дабрабыту сям’і.

Гэтае свята, як і кітайскі Новы год, жыхары Паднябеснай імкнуцца сустрэць у сямейным коле. Таксама ў гэты дзень прынята выстаўляць на стол кавуны, яблыкі, фінікі і слівы. У розных частках Кітая яго адзначаюць па-свойму, адзначае «Жэньмінь жыбаа» анлайн«. У горадзе Пучэн жанчыны збіраюцца, каб перайсці праз мост Наньпу. Яны вераць, што гэта прынясе ім даўгалецце. Жыхары Цзяньніна развешваюць лямпы, каб памаліцца за дзяцей. У Шаньтоў галоўная страва святочнага стала — клубні тара, у той час як у Нанкіне гэта качка, прыгатаваная з кветкамі духмянай масліны. У некаторых раёнах робяць невялікія пагады з чарапіцы з адтулінамі на даху. У свята іх напаўняюць дровамі і падпальваюць. У полымя сыплюць спецыяльны парашок, гэта сімвалізуе багацце і дабрабыт.

А жыхары павета Лун’янь звычайна дастаюць цэнтральную частку перніка для старэйшых, што азначае, што ёсць таямніцы, пра якія маладыя не павінны ведаць. У павеце Усі, што ў правінцыі Цзянсу, увечары напярэдадні свята сярэдзіны восені людзі запальваюць ладан «доўсян». Гаршчок абкладваецца шоўкам, на якім намаляваныя карціны Месяца. Ёсць і іншыя ўпрыгажэнні цырыманіяльнага посуду. А жыхары Шанхая п’юць віно са смакам духмянага асмантуса. У павеце Цзіань правінцыі Цзянсу пры заканчэнні свята сярэдзіны восені ў кожнай вёсцы паляць гаршчок саломы. Пасля таго, як гаршчок стаў чырвоным, у яго наліваюць воцат, і па ўсёй вёсцы разносіцца прыемны водар.

У правінцыі Аньхой дзеці плятуць косы з саломы, а дарослыя танчаць з саламяным драконам. Жыхары Сычуаня ласуюцца юэбінамі, а таксама гатуюць мясцовыя тарты «ба» і ядуць качку. У некаторых месцах яшчэ над варотамі вешаюць лямпы ў мандарыны, адзначаючы свята сярэдзіны восені. У павеце Луань правінцыі Шаньсі на ўрачыстыя банкеты запрашаюцца зяці. У павеце Датун юэбіны называюць «пернікам для сустрэчы родных пасля расстання». Жыхары павета Хэцзянь правінцыі Хэбэй лічаць дождж на Свята сярэдзіны восені «горкім». Калі ён ідзе ў гэты дзень, то лічыцца, што гародніна ў абавязкова будзе нясмачная. Мужчыны павета Сісян правінцыі Шэньсі ўвечары катаюцца на лодках і падымаюцца ў горы, жанчыны ладзяць банкеты. Усе абавязкова ласуюцца кавунамі. У павеце Лочуань правінцыі Шэньсі бацькі школьнікаў з падарункамі наведваюць настаўнікаў, віншуючы іх са святам. Яны звычайна абедаюць у школах.

Традыцыю працягваюць не толькі ў Паднябеснай. Гэта адно з самых любімых і чаканых свят у Сінгапуры, Ганконгу, Філіпінах, Японіі, Малайзіі і іншых краінах Азіі, дзе пражывае шмат этнічных кітайцаў. Не застаецца ў баку і Беларусь. У Мінску прайшоў фестываль сярэдзіны восені. У беларускую сталіцу з канцэртамі завіталі артысты з правінцыі Юньнань.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.