Вы тут

Сяргей Кавальчык: Самае каштоўнае ў жыцці даецца бясплатна


Ці замінае сумесная праца шлюбу? Якіх прынцыпаў прытрымлівацца ў выхаванні дзяцей? Чаму тэатр працягвае цікавіць гледачоў? Як сёння варта выбіраць рэпертуар?


Сваімі думкамі пра гэта і іншае дзеліцца прадаўжальнік вядомай творчай дынастыі, шматдзетны тата, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Сяргей Кавальчык.

Месца сілы

— Часта чуеш, што сямейныя саюзы творчых людзей нетрывалыя. Не згодны. Мне здаецца, прафесійная прыналежнасць у гэтым не адыгрывае ніякай ролі. Мае бацькі (рэжысёры і педагогі Міхаіл Станіслававіч і Эмілія Міхайлаўна Кавальчыкі. — Аўт.) пражылі разам больш як паўстагоддзя, ім ніяк не перашкодзіў іх род заняткаў. І нам з Вікай (актрысай Вікторыяй Кавальчык. — Аўт.) агульнае месца працы не замінае ў шлюбе. Пасля рэпетыцый і спектакляў, фізічна знаходзячыся дома, у думках я яшчэ нейкі час звычайна ў тэатры. Жонка часам пытаецца: «Ты калі дадому вернешся?» Тады разумею: час пераключацца. Затое нам заўсёды ёсць пра што пагаварыць адно з адным — і гэта відавочны плюс.

Я перакананы ў тым, што сям’я павінна будавацца на каханні. Калі яго няма, то шлюб, напэўна, акажацца нетрывалым. Але каханне — не данасць, яго не атрымліваюць гатовым, яно залежыць ад дваіх. На мой погляд, моцныя саюзы ўтвараюцца паміж людзьмі, якія прымаюць адно аднаго такімі, якія яны ёсць, з усімі добрымі якасцямі і недахопамі, не імкнучыся перарабіць і перакроіць пад сябе. У кожнай сям’і бываюць цяжкасці, ва ўсіх здараюцца канфлікты. Аднак гэта не нагода расставацца, разбураць шлюб. Калі сужэнцы шануюць адносіны, то пры жаданні заўсёды можна знайсці выйсце, утаймаваць эгаізм, вырашыць супярэчнасці, захаваць стасункі.

У нашай сям’і няма цвёрдага падзелу на мужчынскія і жаночыя абавязкі. Зразумела, я не прыцягваю Віку капаць градкі на дачы. Але з задавальненнем гатую сняданкі, няхай простыя і традыцыйныя: аўсяную кашу, яечню, каву. 

І малодшы з дзетак, Юра, упэўнена адчувае сябе на кухні. Часам вяртаемся з Вікай увечары пасля спектакля, а дома нас чакае вячэра, прыгатаваная сынам. І мы яму ад душы ўдзячныя. Няма праблемы — каму памыць посуд, прыбраць у кватэры.

Для мяне сям’я — базавая жыццёвая каштоўнасць. Гэта месца сілы. Дзе яшчэ мы можам «выдыхнуць», пагаварыць адкрыта, падзарадзіцца энергіяй, з кім мы гатовы пераадолець любыя цяжкасці? У каго я знаходжу падтрымку, калі нешта не ладзіцца? Перш за ўсё, у жонкі. А яна — у мяне. Разам лягчэй пераадольваць любыя рыфы.

І яшчэ з узростам разумееш: сям’я — гэта некалькі пакаленняў. Чым яна большая, тым мацнейшы падмурак у цябе пад нагамі. Асабіста я заўсёды адчуваў за спінай сваіх продкаў. У свой час вельмі хацеў, каб бабуля, ветэран вайны — Раіса Міхайлаўна Марозава — убачыла нашага з Вікай першынца. Якая шчаслівая яна была, калі мы з жонкай прывезлі паказаць ёй Міцю! А потым і Саша, і Юра пазнаёміліся са сваёй прабабуляй. Памятаю, як здзівіўся Юра, калі яна надзела свае ордэны: «Тата, а прабабуля Рая — герой?» — спытаў ён у мяне.

Сёння ў мяне самога ёсць унучка Мацільда, якой два з паловай года. І калі гэты анёлак прыходзіць у госці, я разумею, як цудоўна, што яна з ранніх гадоў засвойвае: ёсць мама і тата, дзядулі і бабулі, а яшчэ прабабулі і прадзядулі.

З унучкай Мацільдай

Галоўны прынцып — не нашкодзь!

— Я заўсёды ставіўся да розных сістэм выхавання з пэўнай доляй іроніі. Колькі прыкладаў, калі ў выдатных бацькоў вырасталі нягоднікі, а ў бесталковых мам і тат, у нездаровым, здавалася б, асяроддзі — дастойныя людзі. Чаму так адбываецца? Не ведаю. Нараджэнне чалавека, станаўленне яго асобы, яго лёс — гэта, па-мойму, самая вялікая з існуючых загадак. І ўсё ж, безумоўна, я веру ў сілу бацькоўскага прыкладу. Дзеці штодня назіраюць, як бацька і маці ставяцца адно да аднаго, да навакольных, да сваёй працы і, як правіла, капіруюць іх паводзіны.

Важна, каб муж і жонка былі аднадушныя ў пытаннях выхавання. Калі адзін дазваляе нешта, а іншы забараняе — гэта вядзе да маніпуляцый з боку дзіцяці.

Вялікіх праблем у нас з сынамі і дачкой не ўзнікала. Я пазбягаў катэгарычных забарон: яны, як правіла, выклікаюць актыўнае супрацьдзеянне. Ніколі дзяцей не караў, стараўся размаўляць, тлумачыць. Мы з Вікай не навязвалі ім сваіх жаданняў, не перашкаджалі шукаць сябе, проста накіроўвалі, падтрымлівалі і дапамагалі. Напрыклад, дачка Саша ў свой час не магла вызначыцца, літаратуры ці маляванню аддаць перавагу. Звярталіся да спецыялістаў, якія яе прафесійна тэсціравалі, каб дапамагчы зрабіць правільны выбар. У выніку Саша паступіла ў Акадэмію мастацтваў, дзе вучылася ў народнага мастака Беларусі Барыса Герлавана. Сёння яна — мастак-сцэнограф, вельмі захопленая сваёй працай. Старэйшы, Дзмітрый, яшчэ ў школьныя гады хацеў зрабіць камп’ютарную дзіцячую супер-гульню, таму і стаў праграмістам.

Малодшы сын Юра марыў пра футбол. Шмат трэніраваўся. Але, магчыма, перагарэў. І вырашыў паступаць на рэжысуру. Спачатку я імкнуўся неяк адбіць у яго гэты намер. Але ўбачыў, з якой цікавасцю і ўпартасцю ён паглыбляецца ў класіку, чытае творы Дастаеўскага, Булгакава, Гогаля, Талстога, і зразумеў: не трэба яму перашкаджаць.

Наогул, галоўны прынцып у адносінах бацькоў і дзяцей, на мой погляд, такі ж, як у медыцыне: не нашкодзь!. Навязванне нашчадкам сваёй волі нярэдка заканчваецца драмамі і канфліктамі. Мае бацькі не перашкаджалі мне выбіраць сяброў, прафесію, спадарожніцу жыцця. І я прытрымліваюся такіх жа поглядаў.

Знайсці сябе

— Я скончыў тэатральны інстытут у 1991 годзе. Гэта быў складаны час. Многія з аднакурснікаў палічылі за лепшае заняцца не мастацтвам, а бізнесам. А я вырашыў: нішто не прымусіць мяне адмовіцца ад рэжысуры. І сёння задаволены сваім выбарам. Хаця прафесія складаная: на рэжысёры ляжыць адказнасць за вялікі калектыў. І калі табе не вераць, гэта падкошвае. Асабліва ўразлівы, пакуль малады і неспрактыкаваны. За гады працы з’яўляецца панцыр, які ратуе ад знешніх уколаў, але ўсё роўна яны часам адчувальныя. Застаюцца ў рэжысуры толькі тыя, хто не ўяўляе жыцця без тэатра. Ці перашкаджала мне маё прозвішча? Ці баяўся, што будуць параўноўваць з бацькам? Не. Разумеў, што крытэрый ацэнак у мастацтве — густ. Аднаму падабаецца спектакль у пастаноўцы Міхаіла Кавальчыка, а іншаму — Сяргея Кавальчыка. Галоўнае — быць цікавым гледачу. І я не бачу нічога страшнага ў тым, калі ў сям’і з’явіцца яшчэ адзін рэжысёр.

Вылечванне мастацтвам

— Тэатр існуе не адно тысячагоддзе. Калі б ён не быў патрэбны, даўно б знік. Спектаклі (і не толькі трагедыі, але і камедыі) ішлі нават у блакадным Ленінградзе! 

І сёння, нягледзячы на кінематограф, тэлебачанне, інтэрнэт, каласальную індустрыю забаў, людзі чамусьці па-ранейшаму наведваюць тэатр. Чаму? Арыстоцель лічыў, што сапраўднае мастацтва выклікае катарсіс, гэта значыць, ачышчэнне, абнаўленне чалавека. Я не веру, што спектакль здольны кардынальна змяніць кагосьці. Нават геніяльныя пастаноўкі наўрад ці могуць злосных зрабіць добрымі, велікадушнымі. Але разважлівых людзей мастацтва падахвочвае думаць, эмацыянальных — суперажываць, адгукацца на пачуцці герояў. Тэатр — гэта размова з гледачом. Няхай на некалькі гадзін, але чалавек пераключаецца са штодзённасці, асабістых праблем і клопатаў на гісторыі выдуманых персанажаў, хвалюецца за іх, плача і смяецца. Мастацтва пашырае кругагляд, дае надзею на найлепшае выйсце. Сам я таксама стараюся захоўваць у сабе веру ў лепшае, зараджаць аптымізмам і энергіяй навакольных.

Адолець зло і не стаць ліхадзеем

— Як рэжысёр заўсёды выбіраю той драматургічны матэрыял, які знаходзіць водгук ува мне самім, дазваляе падзяліцца з гледачом сваімі разважаннямі. Напрыклад, рок-оперу «Граф Монтэ-Крыста» захацелася паставіць, таму што гэты персанаж Аляксандра Дзюма для мяне — сапраўдны герой. Ён цікавы запалам, сваёй унутранай барацьбой. З-за людской зайздрасці, злосці, здрады Эдмон Дантэс страціў усё: нявесту, сям’ю, свабоду. Цудам вырваўшыся з палону праз 17 гадоў, ён прагне адплаты. Але мяжа паміж перамогай справядлівасці і помстай вельмі тонкая. Добрыя намеры, як вядома, часам прыводзяць у пекла. Гэта ж вечнае пытанне: як пакараць зло і самому не стаць ліхадзеем. Часта ў казках герой адсякае тры галавы ў Змея Гарыныча, а замест іх з’яўляецца 6, а потым 9 новых. Дык ці трэба ўступаць са злом у адкрытае супрацьборства альбо яго трэба ігнараваць? Галоўнае, па-мойму, — больш актыўна рабіць дабро, звужаючы такім чынам прастору для разгулу цёмных сіл. 

Трое Кавальчыкаў

А цану сабе, сваёй душы кожны даведаецца толькі па выніках, калі стане зразумела: добрага ці злога ён стварыў больш.

Увогуле, шчыра перакананы: усё, што можна купіць за грошы, — марнае, імгненнае, лёгка заменнае. А самае каштоўнае для чалавека — каханне, сяброўства, здароўе, талент і само жыццё — даецца бясплатна. І шанаваць па-сапраўднаму трэба менавіта гэта.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.